Высяленне як крайняя мера барацьбы з неплацельшчыкамі
Беражыце свой дом
Жыць можна, калі ёсць дзе. Можна нешта планаваць, купляць новую мэблю, вешаць фіранкі, жаніцца. Самая вялікая мара для тых, хто пакуль свайго кута не мае, – атрымаць запаветныя ключы і стаць уласнікам ці хаця б карыстальнікам (калі гаворка пра камерцыйнае жыллё) квадратных метраў. І мала хто нават у страшным сне можа ўявіць, што нехта прыйдзе і выставіць твае рэчы і цябе самога на вуліцу…
Тым не менш, такая карціна можа стаць рэальнасцю для людзей, якія ігнаруюць жыроўкі. Выселіць могуць як з інтэрната, з камерцыйнага ці сацыяльнага, так нават і з уласнага жылля. І практыка ўжо існуе. Толькі за апошні час па рашэнні суда тры чалавекі былі выселены з займаемага жылля, расказаў юрыст УП ЖКГ Аляксей Шчарбакоў. Больш за дзясятак спраў знаходзяцца ў стадыі падрыхтоўкі. Тут трэба заўважыць, што як толькі справа даходзіць да суда, людзі, як правіла, знаходзяць выйсце з сітуацыі і аплачваюць рахункі.
Армія даўжнікоў
На 1 кастрычніка запазычанасць грамадзян па плаце за карыстанне жылымі памяшканнямі і за жыллёва-камунальныя паслугі складае амаль 161 500 рублёў (на “старыя грошы” гэта больш за мільярд 600 мільёнаў). Хоць у параўнанні з мінулым месяцам і назіраецца невялікае зніжэнне запазычанасці (больш як на тры тысячы), але сітуацыя ў цэлым застаецца крытычнай. Асабліва калі параўнаць гэтыя лічбы, напрыклад, з мінулагоднімі. Усяго ў нашым раёне 9 598 плацельшчыкаў, 2 251 з іх маюць запазычанасць. Большасць даўжнікоў маюць пратэрміноўку аплаты менш за тры месяцы.
Вядома, гэта тэма мае асаблівую сацыяльную вастрыню, і бывае, што ў чалавека сапраўды ёсць аб’ектыўныя прычыны яго неплацежаздольнасці. У такім выпадку па рашэнні райвыканкама яго могуць вызваліць ад спагнання пені, але не больш за тое. Нават калі ты не паспяваеш разлічыцца з паслугамі да 25-га чысла, то ўжо аўтаматычна трапляеш у спіс даўжнікоў. За гэтым строга сочаць спецыялісты групы па разлікова-пашпартным абслугоўванні г.п. Шуміліна КВУП “Віцебскі абласны разлікова-даведачны цэнтр”. Менавіта гэта арганізацыя, заручыўшыся падтрымкай мясцовага УП ЖКГ, змагаецца за зніжэнне запазычанасці.
І гэта мала прыемная для любога чалавека працэдура, самая бяскрыўдная форма якой – папярэджанне. Многім не трэба расказваць і пра адключэнне ад падачы жыллёва-камунальных даброт, і нават пра накіраванне іскаў у суд, якія ЖКГ робіць па хадайніцтве гэтай арганізацыі.
Вучымся на чужых памылках
Набыўшы некаторы час назад асаблівую суровасць у адносінах да неплацельшчыкаў, жыллёва-камунальнае заканадаўства не збіраецца змякчаць сваю пазіцыю. І гэта проста трэба ўсвядоміць кожнаму, інакш ёсць рызыка апынуцца не толькі ў жыллі, якое па камфартабельнасці значна саступае вашаму, але і, наогул, – на вуліцы.
Калі гаварыць пра канкрэтныя прыклады, калі людзі былі зняты з рэгістрацыі і выселены без прадастаўлення іншага жылля, то становіцца зразумела, што часцей за ўсё гаворка ідзе пра тых, хто злоўжывае алкаголем, вядзе асацыяльны лад жыцця. Такія людзі не паддаюцца прафілактычнаму ўздзеянню не толькі, калі гаворка ідзе пра аплату камунальных паслуг, але і пра іншыя важныя сферы жыцця. Іх паводзіны, калі справа тычыцца такіх жыццёва важных пытанняў, адрозніваюцца інфантыльнасцю, а самі людзі – несамастойнасцю і абыякавасцю да ўласнага лёсу.
Вось, напрыклад, адзін таварыш з “Брыкета”, прыжаніўшыся ў Светласельскім, бацькоўскую кватэру выкарыстоўваў выключна ў якасці “запаснога аэрадрома” – на выпадак, калі раптам пасварыцца з сужыцелькай. Яму і ў галаву не прыходзіла, што за ўсё трэба плаціць, асабліва за паслугі ЖКГ. Жыллё гэты чалавек давёў, што называецца, да ручкі. Рамонту ад веку там не было, ну і вядома, даўгі. На папярэджанні ён не рэагаваў, таму па рашэнні суда страціў права карыстацца жылым памяшканнем. Што ж, цяпер неяк прыйдзецца абыходзіцца з жонкай без сварак – пайсці ж ужо няма куды.
І яшчэ адна гісторыя, у якой таксама не абышлося без гендарных узаемаадносін. Жылі ў адной кватэры ў адным з аграгарадкоў раёна два браты. І неяк разам уладкавалі асабістае жыццё, завязаўшы адносіны з дамамі, якія з радасцю запрасілі іх жыць кожная на свае квадратныя метры. А сваю кватэру мужчыны вырашылі здаваць. І здавалі. Праўда, пра тое, наколькі сумленна іх кватэранаймальнік разлічваецца за жыллёва-камунальныя паслугі, не правяралі. Няцяжка здагадацца, што доўг на гэтым рахунку спраўна рос…
Наступны жыхар таксама не асабліва клапаціўся пра сваё жытло. Развёў антысанітарыю, рамонту не рабіў і нават пажар устроіў. Вядома, што папярэджанні не аказалі на яго ніякага ўздзеяння. Ён у прынцыпе не паддаваўся прафілактычнаму ўплыву: піў, нідзе не працаваў, перабіваўся выпадковымі заробкамі ў выглядзе ежы і спіртнога. Па рашэнні суда мужчына быў выселены з займаемага ім камерцыйнага жылля, што называецца, на вуліцу. Дарэчы, для гэтага дастаткова больш за два месяцы не плаціць за кватэру.
Хутка жыроўкі “пацяжэюць”
У камунгасе заўважаюць, што прымусіць неплацельшчыка разлічвацца даволі няпроста. Нават праз суд з даўжніка можна спагнаць не больш за 50% яго даходу. У лепшым выпадку гэтых сум хапае на пагашэнне бягучай запазычанасці, а сумы даўгоў і пені, якія накопліваліся гадамі, застаюцца статычнымі. Высяленне з жылля – самая строгая мера спагнання, але калі весці гаворку пра разлік з даўгамі, – таксама не заўжды дзейсная: людзі высяляюцца, а даўгі застаюцца.
Дах над галавой – гэта вельмі важна. Гэта падмурак, ад трываласці якога залежыць многае ў нашым жыцці. Так, усе мы жывем побач і ведаем, як няпроста часам бывае. Але без жылля прасцей дакладна не стане. Часта можна назіраць карціну, калі, скажам, пенсіянеры, толькі атрымаўшы сваю сціплую пенсію, спяшаюцца на пошту разлічыцца па рахунках. І толькі пасля гэтага яны плануюць свае расходы. Зараз, калі пачаўся ацяпляльны сезон, гэта тэма набывае асаблівую актуальнасць. Жыроўкі “пацяжэюць”, і ў гэты сезон з даўгамі лепш не ўваходзіць.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №81 ад 17.10.2017 г.