Работники культуры Шумилинского района отметили свой профессиональный праздник

Культура Общество

Тое, што для нас свята, для іх – працоўныя будні

6 кастрычніка ў Шумілінскай дзіцячай школе мастацтваў прайшлі святочныя ўрачыстасці з нагоды Дня работнікаў культуры. Шмат слоў удзячнасці за шчырую добрасумленную працу прагучала ў гэты дзень у адрас прадстаўнікоў гэтай яркай прафесіі – метадыстаў і бібліятэкараў, клубных работнікаў і рэжысёраў, касцюмераў, музыкантаў і многіх іншых, якія штодня робяць наша з вамі жыццё больш цікавым, разнастайным і вясёлым.
Яны падарылі свята самі сабе. І ўсё, ад саксафона ў самым пачатку і да душэўнай фінальнай песні, было прасякнута любоўю да сваёй прафесіі.
Важную ролю галіны для развіцця раёна адзначыла намеснік старшыні райвыканкама Ірына Шалахава, звяртаючыся са словамі віншаванняў да ўсіх, хто мае дачыненне да гэтай прафесіі. Яна заўважыла, што культура ў раёне развіваецца, што ўсе аддзяленні якасна выконваюць сваю работу, пацвярджэнне чаму – высокія дасягненні і перамогі ў шматлікіх конкурсах.
Яны сапраўды, як ніхто, праслаўляюць шумілінскую зямлю за межамі раёна, вобласці і нават рэспублікі, пакідаюць уражанне пра нашых людзей, як пра таленавітых, творчых і шчырых. Яны працуюць на імідж краю. “Культура аб’ядноўвае людзей, – заўважыла, выступаючы, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Валянціна Навіцкая. – Дзякуючы работнікам культуры, наш раён жыве цікавым жыццём”. Яна адзначыла самыя гучныя праекты апошняга года і самыя важкія перамогі, пажадала калегам невычэрпнай энергіі і новых творчых адкрыццяў.
Работа многіх у гэты дзень была адзначана важкімі ўзнагародамі. Граматы галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама атрымалі дырэктар Шумілінскага раённага цэнтра культуры Марына Прохарава, хормайстар Обальскага ГДК Валянціна Сіценка і настаўнік Обальскай дзіцячай школы мастацтваў кіраўнік народнага вакальнага ансамбля “Гарэзнікі” Анжэла Загнетава. Граматай раённага выканаўчага камітэта была ўзнагароджана дырэктар Обальскай ДШМ кіраўнік ансамбля “Абалянка” Вольга Карбавец. Падзяку райвыканкама атрымала Ларыса Маслянінава, настаўнік ШДШМ. Таксама 8 лепшых работнікаў былі адзначаны граматамі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.
Самыя шчырыя апладысменты гучалі на свяце ў адрас ветэранаў працы, словы ў дарогу былі сказаны маладым спецыялістам. У сваю чаргу малады настаўнік ШДШМ Вераніка Сокалава зачытала зварот да сябе будучай, гэты зварот запячаталі ў бутэльку і закапалі на тэрыторыі школы з намерам адкапаць праз 10 год.
Наогул, свята атрымалася па-дамашняму цёплым і нязмушаным, было напоўнена добрымі песнямі, словамі ўдзячнасці і высокай ацэнкі працы, словамі, якія не кожны дзень пачуеш, але такімі важнымі і  неабходнымі для кожнага, хто сумленна выконвае сваю працу.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №79 ад 10.10.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *