Каўлякоўскі сельсавет: штрыхі да партрэта

Актуалии Сельское хозяйство

Каўлякоўскі сельсавет: штрыхі да партрэта

Тут прытаіўся цэлы сельсавет

Калі чалавек з якіх сталіц ці мегаполісаў раптам патрапіць на Каўлякоўшчыну, то не раз і не два падзівіцца: няўжо ёсць на нашай перанаселенай планеце вось такія куточкі, якія ўсюдыісная цывілізацыя абмінула сваёй увагай. Не тое, каб зусім, але ж імклівасці 21 стагоддзя, яго дзёрзкасці і нахабства тут не адчуеш. Толькі спакой і цішыня, якія пакідаюць уражанне таго, што жыццё тут міргнула, а расплюшчыць вочы забылася. Ці наўмысна не стала гэтага рабіць, бо спадабалася так… І гэта не добра і не дрэнна – проста так ёсць.

На здымку: граніца Шумілінскага і Бешанковіцкага раёнаў.

Такі лёс
Размяшчэнне і асаблівасці тэрытарыяльнага падзелу зрабілі гэты куток Шуміліншчыны ў нейкім сэнсе спецыфічным. Каўлякоўскі сельсавет знаходзіцца за 30 кіламетраў ад раённага цэнтра і па рацэ Заходняя Дзвіна мяжуе з Бешанковіцкім раёнам. У свой час гэтыя тэрыторыі і ўваходзілі ў склад Бешанковіцкага раёна, але, адрэзаныя ад цэнтра ракой, яны і тады развіваліся, так сказаць, сваім шляхам. У 1985-ым годзе тэрыторыю сельсавета ўсё ж далучылі да Шумілінскага раёна, але якраз тады распаўся Савецкі Саюз, што так і не дало гэтаму рэгіёну перажыць часы асаблівага ўздыму і росквіту. Адсутнасць бойкіх трас праз тэрыторыю савета, своеасаблівы тупік, які стварае адсутнасць мосту праз Дзвіну, давяршаюць сваю справу.
Сёння ў параўнанні з іншымі сельсаветамі раёна Каўлякоўскі можа “пахваліцца” найбольшай колькасцю населеных пунктаў – аж 41 вёска – і самай сціплай колькасцю  насельніцтва – 666 чалавек. Аграгарадок Крывое Сяло тут быў уведзены апошнім у раёне. На тэрыторыі працуе толькі адно сельскагаспадарчае  прадпрыемства – ААТ “Прыдзвінскі”, і, наогул, на гэтым гаворка пра якую б тое ні было вытворчасць на Каўлякоўшчыне заканчваецца. Прадпрымальніцкая ініцыятыва таксама пакуль “дрэмле”. З навучальных устаноў засталіся дзіцячы сад у Крывым Сяле і пачатковая школа ў Навіках. Адсюль вынікае, што прырастаць людзьмі гэты край у бліжэйшы час наўрад ці будзе, якім бы сумным і несправядлівым гэты факт не здаваўся мясцовым жыхарам.

А клопатаў тым часам багата
Але ні аддаленасць ад цэнтра, ні маланаселенасць ніяк не ўплываюць на колькасць штодзённых клопатаў старшыні сельсавета Таццяны Дзятлавай – іх заўжды багата. “Кожны рабочы дзень, – расказвае Таццяна Анатольеўна, – я пачынаю з прагляду міліцэйскай зводкі. Шукаю там сваіх людзей, бывае – знаходжу”. Адны пасварыліся, у іншых пасля чаркі і да бойкі дайшло – а значыць, ёсць нагода ісці ў сям’ю і размаўляць з людзьмі. Што ні кажы, а слова старшыні, можа і больш, як міліцэйскае, паўплывае.
У сельсавеце жыве каля 30 сем’яў, дзе хоць адзін з дарослых злоўжывае спіртным, за мінулы год 65 чалавек “прайшлі” праз грамадскі пункт аховы правапарадку, пяць сем’яў знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы (праўда, адна выпраўляецца і хутка будзе пазбаўлена гэтага статусу). Усіх трэба наведаць, з усімі пагаварыць, участковы Дзмітрый Ліпскі, які разрываецца адразу на два сельсаветы, не так часта, як хацелася б, наведваецца ў Прыдзвінне. Праўда, і крымінагенная сітуацыя тут, бадай, лепшая сярод сельсаветаў. “Змагаемся з кропкамі па нелегальным продажы спіртнога. Прадаюць і самагонку, і іншыя вадкасці. Асабліва ў гэтым сэнсе ў нас “славяцца” Полькавічы” – не замоўчвае праблемы Т. А. Дзятлава.
А тое, што тут сапраўды балеюць, літаральна, за кожную сям’ю, за кожнае дзіця, відавочна. “Вось нядаўна сям’я з трыма дзеткамі з’ехала пад Мінск, і яшчэ пяці шматдзетных сем’яў, якія пабудавалі жыллё ў Шуміліне, мы таксама пазбавіліся”, – падлічвае старшыня.  Каб пералічыць дзетсадаўцаў, хопіць і дзесяці пальцаў на руках, школьнікаў – спатрэбіцца не намнога больш. Зразумець бацькоў, якія вывозяць свае сем’і, як кажуць, бліжэй да цывілізацыі, можна. Як і маладых спецыялістаў, якія  не хочуць тут “укараняцца”. Любога збянтэжыць адсутнасць перспектыў.

Кадры па-ранейшаму вырашаюць усё
Задаволены работай маладых спецыялістаў (а іх сёлета прыйшло чацвёра) дырэктар гаспадаркі Уладзімір Дзятлаў. “Але ж праблема з кадрамі па-ранейшаму застаецца актуальнай, – кажа Уладзімір Іванавіч. – Нам вельмі патрэбны эканаміст, ды і простыя даяркі не заўжды апраўдваюць ускладзеныя на іх спадзяванні”. Для таго, каб умацаваць свае пазіцыі ў жывёлагадоўлі, гаспадарка адправіла двух ветурачоў вучыцца на асемянатараў. І такое рашэнне было прадыктавана жыццём. На сённяшні дзень у гаспадарцы 88 непакрытых цёлак, усяго ж  гадуецца 1350 галоў буйной рагатай жывёлы. Наяўнасць жа 200 нядрэнных цялушак і каля 250 галоў цёлак на дарошчванні ўсяляюць спадзяванні на будучыя поспехі ў вытворчасці малака. А гэта жыццёва важна, бо менавіта “малочныя” грошы – асноўная крыніца зарплаты вяскоўцаў.

Двое ў адной лодцы
Клопаты партнёраў не толькі па рабоце, але і па жыцці Таццяны Анатольеўны і Уладзіміра Іванавіча Дзятлавых часта перасякаюцца. За дапамогай да гаспадаркі звяртацца прыходзіцца даволі часта, прызналася старшыня сельвыканкама. “Ды што там казаць, без іх я б ніколі не справілася. Гэта тычыцца і ўборкі зерневых участкаў грамадзян, і дапамогі людзям у вядзенні асабістых падсобных гаспадарак. Мяркуйце самі, усім работнікам гаспадаркі, якія трымаюць кароў, сена было выдзелена бясплатна, ды і іншыя маглі купіць яго за невялікія грошы. Можна купіць таксама і зерне”, – расказвае Т. А. Дзятлава. Зімой з расчысткай снегу таксама дапамагае справіцца гаспадарка. Ды і наогул, калі гаварыць пра добраўпарадкаванне, варта заўважыць такую асаблівасць: свой участак ЖКГ у сельсавеце адсутнічае, а таму разлічваць у гэтай справе часта прыходзіцца толькі на дапамогу гаспадаркі. У сельсавеце ёсць свая касілка “Штыль”, а гаспадарка выдзеліла работніка, які ўсё лета прыводзіў тэрыторыі аб’ектаў, у тым ліку і сельскагаспадарчых, у парадак.
Калі працягваць тэму добраўпарадкавання, то сёлета, як водгук на зварот грамадзян, быў адрамантаваны пад’езд да могілак у вёсцы Харакова. Таксама добраўпарадкаваны пад’езд да возера Міткавічы, жыхар Крывога Сяла Міхал Міхайлачкін сваімі рукамі зрабіў і ўладкаваў у гэтым месцы адпачынку альтанку.

Авохці мне! Як там прыгожа
І, наогул, мясціны тут цудоўныя – суцэльнае месца адпачынку. Вось толькі пакуль не знайшлося ініцыятыўных, каб заняцца, скажам, аграэкатурызмам. А чаму б і не? Сасновыя бары і ельнікі з грыбамі і ягадамі, найпрыгажэйшая Заходняя Дзвіна, поўная рыбы! А колькі пустуючых будынкаў, у якіх калісьці размяшчаліся сацыяльныя аб’екты! Узяць хоць бы будынак дзіцячага сада ў Полькавічах, які пакуль знаходзіцца ў добрым стане і мог бы быць выкарыстаны. Магчыма, з нашай лёгкай рукі хто-небудзь і загарыцца такой ідэяй…

Прыдзвінскае земляробства
Пагаварыць на вытворчыя тэмы з Уладзімірам Дзятлавым удалося толькі ў дарозе: “Бавіць час няма калі, сядайце ў машыну, паедзем на поле”, – скамандаваў дырэктар гаспадаркі. Мы накіраваліся ў Заграмадзіна, дзе ў той момант ішла сяўба азімых.
–  За адным разам і абеды механізатарам адвязём. Згадзіцеся, няма сэнсу ганяць транспарт, паліць бензін, калі мне ўсё адно трэба патрапіць на поле, паглядзець, як ідуць работы, – тлумачыць Уладзімір Іванавіч. Заадно расказвае, што азімых плануюць засеяць гектараў 750. Усяго ж гаспадарка апрацоўвае тры тысячы гектараў ворыўных зямель. Сёлетняе жніво, з якім “Прыдзвінскі” справіўся першым у раёне, прынесла больш за дзве тысячы тон зерня пры ўраджайнасці 19 цэнтнераў з гектара.
Як правіла, прыдзвінскія землі пясчаныя і не вельмі ўрадлівыя, але затое дазваляюць раней за іншых пачаць сяўбу і правесці ўборачную кампанію. Вось і ў гэты раз зерне ўбралі да 20 верасня, справіліся за 15 дзён, да дажджоў. А гэта асабліва важна яшчэ і таму, што гаспадарка мае сур’ёзныя праблемы з сушкай зерня. Карыстаюцца сушылкай ажно 85-га года выпуску, на дрывах (такіх усяго 5 па раёне засталося), што часта стрымлівае ход уборкі.
На поле старшыню сустрэлі механізатары на чале з Юрыем Літвінавым, які на той момант засеяў 200 га зерневых і столькі ж рапсу. Работнікі разабралі судкі з абедам, не забыўшы пахваліць сваю паварыху – Галіну Сахно, якая заўжды радуе іх смачнымі абедамі. Дарэчы, гаспадарка ўтрымлівае з заробку ўсяго 20% ад іх кошту.
Па дарозе назад Уладзімір Іванавіч расказаў, што заканчваецца падрыхтоўка ферм да зімоўкі, наперадзе – уборка кукурузы, якая, на жаль, сёлета ўрадзіла не так шчодра, як летась.

“Двухбаковы” гандаль
Магазіны ў Каўлякоўскім сельсавеце сёння ёсць толькі ў Крывым Сяле. Усе ж астатнія населеныя пункты абслугоўваюцца аўтамагазінамі райспажыўтаварыства. Тут варта заўважыць, што ў 31 вёсцы сельсавета (а ўсяго іх 41) жыве ад 0 да 10 чалавек.
Ёсць магазін у Полькавічах, але знайсці прадаўца туды ніяк не ўдаецца, расказала старшыня. І патэнцыяльныя работнікі ёсць, але ў прадаўцы ісці наадрэз адмаўляюцца, маўляў, не справяцца.
Але з красавіка да лістапада, пакуль “дазваляе” пантонны мост, праз Заходнюю Дзвіну адкрыты шлях да бешанковіцкіх гандляроў. “Там такі выдатны базар заўжды, і райспажыўтаварыства працуе не так, як наша, купіць можна, літаральна, усё – кажа Таццяна Дзятлава. – Людзі дабіраюцца туды на машынах, на веласіпедах – блізка ж”. Ва ўсялякім разе за пакупкамі каўлякоўцы паедуць хутчэй у Бешанковічы, чым у Шуміліна.
У Крывым сяле крама райспажыўтаварыства і прыватны магазін забяспечваюць асноўныя патрэбы вяскоўцаў. У дзяржаўнай краме працуюць прадаўшчыцы з Украіны, якім гаспадарка нядаўна выдзеліла добры дом. Багаты выбар тавараў у магазіне ПП “Кадарка” прадпрымальніка Аляксея Голубева. У гэтай невялічкай краме заўжды ёсць людзі. Гэта пацвердзіла прадавец Таццяна Бязрукава, і самі пакупнікі пахвалілі магазін, у якім можна купіць любыя прадукты.

Першае месца працы
Менавіта сёлета ААТ “Прыдзвінскі” адчуў прыліў маладых сіл. На работу прыбылі маладыя юрыст, ветурачы і спецыяліст па кадрах. Усім было прадастаўлена годнае жыллё. Гэта пацвердзіла Марына Аносава – новы юрыст прадпрыемства. Дзяўчына прыйшла ў гаспадарку ў жніўні па размеркаванні пасля заканчэння Полацкага дзяржаўнага эканамічнага каледжа. Дарэчы, на гэтым сваю адукацыю яна не спыніла – паступіла на завочнае ў ВДУ імя П. М. Машэрава.
Марына, гараджанка, прызналася, што калі прыехала на першае месца працы, было крыху не па сабе, але калі да яе падсялілася Юлія Барадзюля – малады ветурач – жыццё наладзілася, з’явіўся зусім іншы настрой. Дом паказваў сам дырэктар У. І. Дзятлаў. Паліць у катле Марына навучылася адразу ж (дарэчы, з дрывамі дзяўчатам дапамагае гаспадарка), і наогул, у бытавым плане малады спецыяліст усім задаволена: “Дом цёплы, утульны, быў амаль поўнасцю мэбляваны”.
Самая вялікая праблема – гэта, як няцяжка здагадацца, культурнае жыццё, магчымасць узаемін з аднагодкамі. Але на гэта якраз малады юрыст і не скардзілася. Гэта аказаўся духоўна напоўнены чалавек, які любіць чытаць, слухаць музыку, і якому ніколі не будзе сумна. Ва ўсялякім разе пакуль добра працуе інтэрнэт. А з гэтым у Крывым Сяле праблем няма. Не дае засумаваць і работа – афармленне дагавораў, справаводства, работа са зваротамі грамадзян і многія іншыя аперацыі засвойвае на практыцы малады юрыст.

Вясковая аптымістка
А старажылы любяць і цэняць сваю старонку, не без шкадавання ўспамінаюць, калі ў Крывасельскай школе вучылася 120 дзетак, калі ладзіліся гучныя святы вёсак, калі сюды ехалі жыць людзі і здавалася, што так і будзе, што жыццё ніколі не памяняе свайго напрамку. Пра гэта наогул не думалася.
Адна з такіх аптымістак – Іна Іванаўна Літвінава. У свой час Іна Іванаўна працавала галоўным аграномам у гаспадарцы, рупілася і старшынёй сельвыканкама, працавала і ў мясцовым аддзяленні банку. Гэта і цяпер актыўная сяльчанка, лідар ветэранскага руху, вясковы актывіст. Сіл і здароўя пакуль хапае і для таго, каб утрымліваць у парадку сваю няхітрую гаспадарку, шмат чытаць, разгадваць крыжаванкі, вышываць – весці цікавае і насычанае жыццё.

І такіх людзей на Каўлякоўшчыне шмат. Яны засталіся тут назаўжды і вядуць сваё размеранае жыццё. Ходзяць на службу ў новую царкву, вядуць гаспадарку, займаюцца пчалярствам. І ні на што не наракаюць. Проста любяць сваю старонку. Нам таксама было вельмі прыемна правесці на Каўлякоўшчыне поўны ўражанняў дзень, сагрэты апошнім восеньскім сонцам.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №77 ад 03.10.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *