Министр спорта и туризма Александр Шамко посетил Шумилинский район

Актуалии Общество Президент

Шумілінскі раён наведаў міністр спорту і турызму Аляксандр Шамко
25 верасня наш раён з рабочым візітам наведаў міністр спорту і турызму Аляксандр Шамко. Аляксандр Ігаравіч пазнаёміўся са спартыўнай інфраструктурай райцэнтра, пабываў на спартыўных аб’ектах, сустрэўся з трэнерамі, настаўнікамі фізічнай культуры і спартыўнай грамадскасцю, а таксама правёў дзень інфармавання ў Каўлякоўскім сельсавеце.
Увага высокіх персон да нашага невялікага раёна не выпадковая: мы маем такія дасягненні ў спорце, якім могуць пазайздросціць нават сталічныя спартыўныя школы. Улічваючы тое, што прапаганда здаровага ладу жыцця, развіццё спорту – прыярытэтныя накірункі сацыяльнай палітыкі краіны, зразумела, што ўлады імкнуцца, каб і ў рэгіёнах былі створаны ўсе ўмовы для гэтага. “Адцягнуць” дзяцей ад гаджатаў і тэлевізараў, прывесці іх у спартыўную залу, на футбольнае поле, зрабіць усё магчымае, каб яны не ўзялі ў рукі цыгарэту ці бутэльку – вось галоўная задача любога дарослага. Але для гэтага павінны быць створаны пэўныя ўмовы, на што не раз у ходзе работы звяртаў увагу міністр.
А. І. Шамко высока ацаніў работу, што праводзіцца ў нашым раёне па прапагандзе спорту, стварэнні ўмоў для заняткаў фізічнай культурай для дзяцей і дарослых. Ён убачыў узаемасувязь паміж такой сітуацыяй і тым, што кіраўнік раёна Аляксандр Снараў, з’яўляючыся заўзятым аматарам спорту і здаровага ладу жыцця, прыкладвае шмат намаганняў для таго, каб гэтыя прынцыпы сталі актуальнымі для як мага большай колькасці людзей. І гэта работа дае свае плады. Падтрымліваць у тонусе сваё цела, наведваць спартзалу, аддаваць дзяцей у секцыі ў нашым раёне становіцца ўсё больш прэстыжна. Пра гэта гаварыў і намеснік начальніка ад-дзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Андрэй Мазанкоў, калі рабіў экскурсію па так званай “лініі спорту”, якая ўключае СДЮШАР, гарадскі стадыён, фізкультурна-аздараўленчы цэнтр, а таксама спартыўную залу, рамонт у якой будзе вось-вось завершаны.
Міністр застаўся задаволены тым, што ўбачыў. Ён высока ацаніў старанні мясцовых уладаў і ўсіх, хто мае дачыненне да развіцця спорту ў раёне, заўважыў, што многае робіцца на энтузіязме, а такіх людзей заўжды хочацца падтрымаць. Аляксандр Ігаравіч паабяцаў падмацаваць спартыўную базу раёна інвентаром. А падчас сустрэчы са спартыўнай грамадскасцю, якая прайшла ў малой зале пасяджэнняў райвыканкама, паабяцаў выдаткаваць грошы для таго, каб абсталяваць стадыён трэнажорамі пад адкрытым небам. Маўляў, раз вы так тут усе балееце за спорт – вось вам яшчэ адзін спартыўны праект. “Я гатоў дапамагаць, бо бачу вашы адносіны і старанні, – сказаў міністр. – Любы жадаючы зможа прыйсці на стадыён разам з сям’ёй і бясплатна пазаймацца”. Вось такі нечаканы і вельмі патрэбны падарунак для кожнага жыхара райцэнтра.
А. І. Шамко акцэнтаваў увагу на тым, што спорт і ЗЛЖ патрабуюць асабліва стараннай прапаганды, шырокай рэкламы. Прапанаваў мяняць фармат правядзення спартыўных мерапрыемстваў, мець на ўвазе тыя эканамічныя магчымасці, якія схаваныя ў любым масавым мерапрыемстве. Асабліва калі гаворка ідзе пра міжнародныя турніры і спаборніцтвы. Павышаць кваліфікацыю трэнерскіх кадраў, не распыляцца на ўсе  віды спорту, выбраць накірункі, работа ў якіх прыносіць больш пладоў, – гэта ўжо зварот да людзей, якія непасрэдна займаюцца спартыўным выхаваннем, трэнераў і педагогаў. Міністр назваў тры складальнікі паспяховай працы: умовы для заняткаў, харызма трэнера і асабісты падыход.
Аляксандр Ігаравіч расказаў пра Еўрапейскія гульні, якія пройдуць у Беларусі ў 2019 годзе, адказаў на пытанні прысутных. Таксама ўручыў Падзяку Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь трэнеру СДЮШАР Пятру Ганушчанку.
Не толькі ідэямі спорту, але і паўсядзённымі клопатамі сельскага жыцця была напоўнена сустрэча з людзьмі, якая прайшла ў Каўлякоўскім сельвыканкаме. Аляксандр Ігаравіч пацікавіўся, як жыве мясцовае сельгаспрадпрыемства, ці ў час выплачваецца зарплата, якая дапамога патрэбна.
Наогул, Аляксандр Шамко пакінуў Шумілінскі раён з самымі добрымі ўражаннямі і абяцаннем вярнуцца сюды зноў.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №76 ад 29.09.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *