Репортаж о праздновании 3 июля Дня независимости в Шумилино

Актуалии Край шумілінскі

Галоўнае багацце – родны край
Шуміліна. 3 ліпеня. Цэнтральная плошча. Маршы духавога аркестра надаюць узнёсласць, настройваюць на асаблівую ўрачыстасць. Узорны духавы аркестр ДШМ узначальвае калону, у якой ганаровае месца — ветэранам Вялікай Айчыннай вайны. У калоне крочаць кіраўніцтва раёна, ветэраны працы, працоўныя калектывы прадпрыемстваў райцэнтра, моладзь.
Мітынг. Колькі іх ужо было, але зноў сціскаецца сэрца. Зноў не стрымаць слёз, калі з вуснаў маладзенькіх дзяўчатак, апранутых у нацыянальныя касцюмы, гучыць:
Вы бачылі лес, дзе прагал скразны?
Скажыце, вы бачылі бор той,
Дзе кожнай другой няма сасны
Ці сама меней — чацвёртай?
Тое ж было і з народам маім.
Сякера ваеннай навалы
Прайшлася бязлітасна па ім,
І — прагалы, прагалы, прагалы…
Кожны трэці жыхар раёна не вярнуўся з вайны, нагадвае старшыня раённага выканаўчага камітэта В. А. Падляшчук, выступаючы на мітынгу. Ад імя сучаснікаў Вальдэмар Антонавіч выказвае салдатам вайны бязмежную пашану і ўдзячнасць. Ён заклікае па-сапраўднаму любіць сваю краіну, раён, вёску, вуліцу, цаніць і берагчы прыгажосць роднай зямлі, ганарыцца, што мы — беларусы!
У тым, што сённяшняе пакаленне будзе годным памяці сваіх дзядоў, запэўніваюць і ваенны камісар раёна А. Г. Чарняўскі, і член пярвічнай арганізацыі Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі з ААТ “Лаўжанскі” Сяргей Караткевіч.
Сённяшнія салдаты ружэйнымі залпамі салютуюць сваім гераічным продкам.
Да падножжа мемарыялу кладуцца кветкі. Гарыць вечны агонь…
Трыумф працы і моладзі
Ад брацкіх могілак народ накіроўваецца на плошчу, дзе ладзіцца маладзёжнае шэсце. Людзі спяшаюцца заняць больш зручнае месца, каб разгледзець усё як след, павітаць сваіх знаёмых, якія пройдуць перад трыбунамі. Гледачоў багата, і ўдзельнікаў шэсця — каля васьмісот. Сёлета арганізатары зрабілі стаўку на моладзь, на наша будучае. Нам ёсць кім ганарыцца, наша моладзь дасягае вышынь у вучобе і спорце, на вытворчасці і ў грамадскім жыцці. Наша моладзь прыгожая, таленавітая, і мы можам спадзявацца, што будучае нашай краіны ў надзейных руках.
Тэма шэсця сёлета – “Мы жывём пад мірным небам”.
Як сімвал Беларусі, адкрываюць шэсце дзеці і артысты ў народных уборах пад музыку і песні аб родным краі. На плошчы — герб і сцяг Шумілінскага раёна ў суправаджэнні гусараў.
“Дарогі да славы ствараюцца працай” – словы аднаго з лозунгаў, што нясуць ўдзельнікі шэсця. Таму і ўзначальваюць шэсце пераможцы працоўнага спаборніцтва – перадавікі вытворчасці, імёны якіх занесены на раённую Дошку гонару. За імі ідуць вучні школ раёна – пераможцы рэспубліканскіх і абласных алімпіяд, канферэнцый, спартыўных спаборніцтваў, залатыя медалісты.
Па плошчы ідзе моладзь, прадстаўнікі працоўных калектываў райцэнтра: “Шумілінскага райаграсэрвісу”, “ПМК-70”, “Шумілінскага ПМС”, “ДРБУ-204”, райспажыўтаварыства, вытворчага цэха ААТ “Малако”, СП “Вежа”,  “Славянскі прадукт”, УП ЖКГ, КУП бытавога абслугоўвання насельніцтва, прадпрыемстваў “Белпошта” і “Белтэлекам”, РЭС, лясгасу, цэнтральнай раённай бальніцы, “Шумілінарайгазу”, “Беларусбанка” і “Белаграпрамбанка”. Калоны ўпрыгожаны лозунгамі, сцягамі, паветранымі шарамі.
Пасля працоўных калектываў тэатралізацыю прадоўжылі матацыклісты з дзяржаўнымі сцягамі, юныя спартсмены на ролікавых каньках, веласіпедах.
Апошнія эпізоды шэсця сімвалізавалі накіраванасць ў будучыню, шчаслівае жыццё ў незалежнай краіне, пад мірным небам. Але надвор’е ўнесла свае карэктывы. Мужна трымаліся пад моцным ліўнем шумілінскія прыгажуні — удзельніцы конкурсу “Краса Шуміліна-2011” і пары ў шлюбных уборах.
Але гэта, на жаль, ужо мала хто бачыў. Толькі самыя адчайныя засталіся пад залевам…
“Бяседа” адарыла вяселлем
Бяседай  спрадвеку беларусы называлі розныя сямейныя ўрачыстасці, на якія збіраліся родзічы, святкавалі, гаманілі, станавіліся бліжэй адзін да аднаго. З пачуццём шчырай сустрэчы з роднымі людзьмі слухаем выступленне артыстаў Заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь ансамбля народнай музыкі “Бяседа” Белтэлерадыёкампаніі.
Пасля праліўнога дажджу ансамбль “Бяседа” як вясёлка на шумілінскім небасхіле. Цудоўны канцэрт любімага народам калектыву напаўняе горад сапраўдным вяселлем. Палымяны рытм, з якім салісты Таццяна Лазоўская, Святлана Суседчык, Наталля Раманская і Валянцін Кірыленка спяваюць і танцуюць, захапляе. Народныя песні ў арыгінальнай сучаснай апрацоўцы, таленавітыя аўтарскія творы ўдзельнікаў калектыву не пакідаюць раўнадушнымі нікога. Чацвёра галасістых салістаў і пяць музыкаў-віртуозаў чаруюць, палоняць сэрцы шумілінскай публікі: усе спяваюць і падтанцоўваюць, а самыя смелыя кідаюцца ў скокі ля сцэны.
Гарачымі апладысментамі сустракаюць шумілінскія гледачы заснавальніка і нязменнага кіраўніка, народнага артыста Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Леаніда Захлеўнага. Ад імя кіраўніцтва і жыхароў раёна старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава выказвае таленавітаму кампазітару і яго калектыву падзяку і дорыць кветкі. Начальнік аддзела культуры райвыканкама А. Ф. Мацвяўчук уручае памятны падарунак. Стоячы, бурнымі апладысментамі гледачы праводзяць калектыў, які палюбілі яшчэ больш, пасля сустрэчы “ўжывую”.
А як жа без спорта
Багата мерапрыемстваў прайшло на гарадскім стадыёне ў гэты святочны дзень. Не пашкадавалі тыя, хто вырашыў паглядзець таварыскую сустрэчу па футболе паміж камандамі ФК “Шуміліна” і зборнай Обалі. Напачатку ініцыятывай завалодалі обальскія футбалісты. Праўда, “Шуміліна” пад канец першага тайма выраўняла гульню і зраўняла лік. У другім тайме хапала вострай барацьбы, цікавых камбінацый. На жаль, на ўсе 90 хвілін абальчан не хапіла. У выніку перамога ФК “Шуміліна” з лікам 6:4.
А вось спаборніцтвы па пляжным валейболе з-за надвор’я прышлося праводзіць у спартыўнай зале. Андрэй Салаўёў і Вячаслаў Іваноў у нялёгкай барацьбе здабылі перамогу. На другім месцы – каманда ПМК-70, на трэцім – валейбалісты лясгасу.
У жаночым турніры перамагла пара Рыта Бяззубенка-Таццяна Лазоўская. У юных валейбалістак Валерыі Акуневіч-Алены Жыжовай другое месца, трэцяе – у валейбалістак з лясгасу.
Шмат жадаючых было паспрабаваць сябе ў спаборніцтвах з гірай. Але перамагчы Мікалая Лявонава з лясгасу нікому з канкурэнтаў не ўдалося. Як прызнаўся гіравік, выйграць у такі святочны дзень ён палічыў сваім абавязкам. Мікалай і вынік паказаў годны (85 разоў), перамог упэўнена і прыгожа. Другое месца ў Фёдара Краўцова з ПМК-70, трэцяе – у Дзмітрыя Галузы (асабісты залік).
У турніры па шахматах святочная прызавая тройка наступная: першае месца – Дзмітрый Шэўчык (лясгас), другое – Уладзімір Вярлоў, трэцяе – Сяргей Кузьмініч (абодва ў асабістым заліку з Амбросавіч).
Парк кахання
А сёмай гадзіне вечара гарадскі парк зноў збірае гледачоў. На сцэне – эстрадны канцэрт “Парк кахання”. Песні пра гэтае пяшчотнае, нясмелае, трапяткое пачуццё паўтары гадзіны гучаць са сцэны. Канцэрт слухаюць дарослыя і дзеці. Пераважная большасць прысутных – маладыя: каму ж, як не ім, жыць шчаслівым каханнем.
Сэрца, якое кахае, якое асветлена надзеяй і спадзяваннем на лепшае – пра гэта спяваецца ў песнях, якія выконваюць самадзейныя артысты.
“Мінулае і сучаснае Шуміліншчыны”
Выставу пад такой назвай падрыхтавалі работнікі Шумілінскага гісторыка-краязнаўчага музея. З фотаздымкаў, размешчаных на стэндах, можна было даведацца шмат цікавага.
Напрыклад, як выглядаў былы будынак паштова-тэлефонна-тэлеграфнай установы, размешчаны ў 40-я гады ў завулку Паштовым; што рабілі ў нашым раёне ў калектыўных арцелях; як даўней святкавалі вяселлі і адзначалі святы ў 60-я гады.
На другім паверсе музея была арганізавана выстава карцін віцебскага мастака “Ігар Шкуратаў – чалавек, мастак, паэт і летуценнік”.
“Рамяство для прыгажосці, а карчма для весялосці”

Обольский подворок в "Городе мастеров"

У кантэкст святкавання  Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь гарманічна ўплятаецца свята горада, а дакладней, свята ўсяго раёна “Родная зямля”. Галоўнае яго мерапрыемства — Горад майстроў, па традыцыі ён размяшчаецца ў цэнтральным парку. Тут свае вуліцы, праспекты, перакрыжаванні.
Жыццё тут віруе з шасці гадзін раніцы: развешваюцца дэкарацыі, афармляюцца рабочыя месцы майстроў, накрываюцца гасцінныя сталы. “Рамяство для прыгажосці, а карчма для весялосці” — такой тэмай аб’яднаны сёлетні Горад майстроў, яго ўдзельнікам трэба прадставіць сваіх майстроў, прэзентаваць фірменную страву, паказаць ролю асабістай падсобнай гаспадаркі.

Мастера из Добейского сельсовета

Камісія, у якую ўваходзяць члены раённага штаба па добраўпарадкаванню на чале са старшынёй раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікавай, ідзе па “вуліцах” Горада майстроў. Члены камісіі – не навічкі, былі і ў мінулыя гады ў складзе журы. Яны думаюць, што нічым тут іх асабліва не здзівяць. Але дарэмна: у горадзе ёсць чаму здзівіцца.
Першы на шляху Сіроцінскі сельсавет. Тут на ўсю даўжыню сіроцінскай “вуліцы” раскашуецца  выстава з бісеру, прапануюць мёд, пяргу, пірагі… Над усім гэтым гучыць моцнае сапрана Т. Р. Мікулевіч пад акампанемент Андрэя Залаценкі.
На “вуліцах” Лаўжанскага сельсавета гасцей сустракаюць народны сямейны ансамбль “Забава”, цыганскае трыо, шыкоўнае афармленне. Тут прадстаўлены работы майстроў з Мікіціхі, Добрына, Лоўшы, Цаўёў. Пра стол і не кажам — ламаецца: пірагі, грыбы, агурочкі, сала ў палец таўшчынёй… А кажуць, недзе крызіс!
У Мікалаёўскім сельсавеце камісію затрымала частушачніца З. П. Сцепанец. Колькі каларыту, колькі задору! “Ведаю тры тясячы частушак,” — пахвалілася спявачка. Тры тысячы мы не мелі часу слухаць, таму паспрабавалі юшкі (напэўна, з заходнядзвінскай рыбы) і паспяшаліся далей.
Вузенькая “вулачка” Каўлякоўскага сельсавета заслана саматканай дарожкай (якраз, як у бабулі калісьці), тут сыплюць вершаванымі прывітаннямі, прадстаўляюць сваіх майстроў (свае, вядома ж, самыя лепшыя), засяроджваюць увагу на драўляных фігурах каня, ката, пацука, якіх змайстравалі ў Крывасельскай школе. І тут стол ажно прагінаецца. Асабліва раяць пакаштаваць “мяшэчак багача” — апетытны, сам з цеста, кажуць, з дужа смачнай начынкай. Але велікаваты, а часу — у абрэз. Верым, што смачны і ідзём далей.
Вітаемся з ветэранамі — членамі клуба “Ветэран” ГДК і раённай ветэранскай арганізацыі. Тут багатая выстава рукадзелля, печыва, спелых ягад. І празмерна — гасціннасці.
І ўжо ініцыятыва ў руках раённага таварыства інвалідаў. Але ж які тон яны задаюць, які ў іх хор задорных, вясёлых, гарэзлівых афіцыянтак у какетлівых какошніках! Яны самі прыдумалі і выконваюць песенную тэатралізацыю пра тое, што ніякі “Караван” з імі не “зраўніцца”. І гэта абсалютная праўда. Брава!
Па другі бок гэтага “праспекта” — Обальскі сельсавет. Ля ўваходу — ганчар, член Саюза майстроў Рэспублікі Беларусь Аляксандр Любімаў. Ён працуе на ганчарным крузе — на вачах расце гаршчэчак. Людзям — дзіва. Насупраць яго – багатая выстава сувенірнай прадукцыі Обальскага керамічнага завода, тут жа адзіная на ўвесь горад майстроў выстава квілінгу (гэта тэхніка, з дапамогай якой карціны робяцца з такіх маленькіх круцялёчкаў рознакаляровай паперы) – гэта ў Обальскай СШ асвоілі. А ў глыбіні — “Обальскі пачучуць” з фірменнай пражанінай і іншай смакатой і вясёлай папеўкай “Абалянкі”.

Задорный хор районной организации общества инвалидов

Упрыгожанне любога свята — выстава Дома рамёстваў. Журы не дае ім на гэтым фэсце прызавых месцаў, кажа: “Ну хто з вамі можа цягацца, вы ж прафесіяналы!”. Сапраўды, прафесіяналы. І прама на свяце плятуць-вышываюць свае шэдэўры. На іх работу і на іх саміх хочацца любавацца. Як жа да твару нашым дзяўчатам беларускія строі, якія яны прыгажуні ў вяночках!
Але ж нас зачакалася “Карчма Вікенціча”, што працуе ў Светласельскім сельсавеце. Чаго тут толькі няма, нават лялечны тэатр! Няхай выбачаюць іншыя майстры, але мы надоўга спыняемся ля выстаў Святланы Балашэўскай, ля яе фотаздымкаў пра свой падворак, пра кветкі, ля яе цыбулі-радыскі, печаных грыбкоў… Яна, чалавек з абмежаванымі магчымасцямі, з такой непасрэднай радасцю расказвае пра ўсё гэта. Вучыцеся як трэба любіць жыццё і радавацца яму!
Радавацца жыццю ўмеюць і ў Мішневіцкім сельсавеце. Іх падворак з году ў год — сярод самых багатых. Яны ўмела спалучаюць талент самабытных майстроў з беларускім каларытам, музыкай і багаццем прыродных дароў. І варэнікі з чарніцамі былі толькі ў іх!
У нагу з часам крочыць Дабейскі сельсавет. Як яны ўдала абыгрываюць ў сваім сцэнарыіі Год прадпрымальніцтва! І даказваюць, што калі ў чалавека працавітыя рукі і кемлівасць, дык ён ні ў якія часы не прападзе. І тое праўда. Вунь М. П. Ліскоў прама на кірмашы наладзіў імправізаваную лазню — з палком, з венікамі, усё як мае быць.
Але мы ўжо і без таго запарыліся. Увесь кірмаш прайсці, ды яшчэ з такой адказнай місіяй, гэта вам не жартачкі!
Названы лепшыя ў «Горадзе майстроў»
За актыўны ўдзел у намінацыі “Лепшая прэзентацыя народнай творчасці ў выставе-продажы “Горад майстроў” удзячныя лісты старшыні раённага выканаўчага камітэта ўручаны:
– Сіроцінскаму сельсавету (старшыня сельвыканкама Пастарнакова Вольга Аляксандраўна);
– Мікалаёўскаму сельсавету (старшыня Бандарэнка Ларыса Антонаўна);
– Каўлякоўскаму сельсавету (старшыня Дзятлава Таццяна Анатольеўна);
– Лаўжанскаму сельсавету (старшыня Кійко Святлана Паўлаўна);
– Шумілінскаму раённаму Дому рамёстваў (дырэктар Загвоздава Вольга Вітальеўна);
– Шумілінскай раённай арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў (старшыня Палоўнікава Кацярына Фамінічна).
Трэцяе месца прысуджана Шумілінскай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускае грамадства інвалідаў”, другое – Обальскаму сельсавету (старшыня Будневіч Мікалай Аляксеевіч (на здымку)) і Светласельскаму сельсавету (старшыня Шчарбакоў Віктар Вікенцьевіч).
Першае месца прысуджана Дабейскаму сельсавету (старшыня Шалахава Ірына Іванаўна) і Мішневіцкаму сельсавету (старшыня Гаўрыленка Леанід Андрэевіч).
Узнагароды пераможцам уручыў кіраўнік раёна Вальдэмар Антонавіч Падляшчук учора пасля рабочай нарады.

В парке г.п. Шумилино

Для дашкалят,  і не толькі
На пляцоўцы ля СШ №1 багатую праграму для дзяцей прапанавалі спецыялісты Цэнтра пазашкольнай работы і настаўнікі школы. Тут можна было пастраляць з вінтоўкі, прыняць удзел у спартыўных спаборніцтвах, у перацягванні каната ці гульнявой праграме “Гульні нашага двара”. Парадавалі фотавыстава “Няма нічога ў свеце прыгажэй за Беларусь”, выстава вырабаў розных гурткоў “Майскі зарапад”. Дзеці прымалі ўдзел у конкурсе малюнкаў на асфальце “Родная зямля”.
Багата забаў для дзяцей было і ў парку. Паскакаць на батуце, пакатацца на поні і на кані было для малых за шчасце. А потым з’есці марожанае ці пірожнае (багаты асартымент печыва прапаноўвалі ў сваіх палатках работнікі райспажыўтаварыства), папіць соку, пакаштаваць поліўкі і шашлыкоў, свежых булачак і яшчэ шмат якой смакаты. А можна было ўпрасіць бацькоў і на бяспройгрышную латарэю, якую наладзілі не толькі работнікі райспажыўтаварыства, але і Дома рамёстваў, і раённага метадычнага цэнтра аддзела культуры.
Сваю праграму для дзяцей падрыхтавалі работнікі раённай бібліятэкі: рабяты з задавальненнем гулялі ў дартс і гульню “Рамонак”.
Надрукавана ў №50 ад 5.07.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *