Іван Барсукоў ведае кожную сцежку ў сваіх кварталах

Актуалии Экология Экономика

Ведае кожную сцежку ў сваіх кварталах

Ляснік з сямнаццацігадовым стажам Іван Ягоравіч Барсукоў немітуслівы і разважлівы. Яго лёгка ўяўляеш абыходзячым свае лясныя “ўладанні”: вось ён у брызентавай накідцы, каб абараніцца ад дажджу ці ветру, а ў руках – папка з паперамі, у якіх мужчына перыядычна робіць нейкія патрэбныя яму запісы… Такі гаспадар лесу. Ці яго стражнік.
Іван Ягоравіч за доўгія гады, што працуе ў Шумілінскім лясніцтве, настолькі парадніўся, “зросся” са сваёй прафесіяй, што, здаецца, лесніка ў ім можна пазнаць за вярсту. І пазнаюць, і паважаюць, а каму трэба – нават пабойваюцца. Паважаюць у лесніку працалюбівага, адказнага, патрабавальнага да сябе і іншых чалавека. Ён ніколі не пойдзе на кампраміс, калі справа тычыцца прафесійнага доўгу. І ні ў якім іншым выпадку, дарэчы, таксама. Таму і на давераным яму ўчастку незаконных высечак лесу даўно няма: ведаюць “аматары”, што сухім з вады выйсці яшчэ нікому не ўдавалася. І нават калі Іван Барсукоў і не ўсюды паспее сам, то заўжды знойдуцца аднадумцы, якія абавязкова сігналізуюць лесніку, калі заўважаць, што нехта дазваляе сабе незаконныя “ўзаеміны” з лесам, з прыродай. І праз некалькі хвілін ён будзе на месцы, і тут ужо літасці не прасі. Адсюль і парадак на ўсіх амаль 1600 га абходу. Дарэчы, у сярэднім па краіне на лесніка прыходзіцца, лічы, утрая меншыя аб’ёмы. Так што лёгка можна ўявіць, якія сур’ёзныя задачы стаяць перад нашым героем: абараніць гэтыя гектары ад агню, незаконных высечак, браканьераў, дагледзець пасадкі і многае іншае. І тое, што ён з гэтымі задачамі выдатна спраўляецца, пацвярджае высокая ўзнагарода Міністэрства лясной гаспадаркі, якую Іван Ягоравіч Барсукоў атрымаў да прафесійнага свята – знак “10 год бездакорнай службы ў Дзяржаўнай лясной ахове Рэспублікі Беларусь”.
І тое, што, патрапіўшы ў лес, мы з вамі адчуваем сябе там асаблівым чынам, супакоенымі, гарманічнымі, падсілкоўваемся жыццёвымі сіламі, натхненнем, сапраўднай радасцю – ва ўсім гэтым ёсць заслуга і Івана Ягоравіча Барсукова і іншых работнікаў лесу, што шчыра выконваюць сваю работу. Яны з дня ў дзень, у любое надвор’е, і ў снег, і ў дождж выходзяць на абход сваіх, як яны называюць, кварталаў, абараняючы лес – наша галоўнае нацыянальнае багацце – ад бяды. І за гэта  вялікі дзякуй.
Тэкст і фота Наталлі ЧАРНІЧЭНКІ.
Надрукавана ў №72 ад 15.09.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *