В районе зарегистрировано новое общественное объединение «ЭкоБум»

Экология

Знаёмцеся – “ЭкаБум”

Не так часта і не кожны з нас азадачвае сябе клопатам пра экалагічнае здароўе планеты і нашага канкрэтнага рэгіёна як яе часткі. Але ж такія людзі ёсць, і гэта не можа не радаваць. Яны, аб’яднаныя любоўю да прыроды і радзімы, групуюцца і робяць усё магчымае для таго, каб падтрымаць навакольнае асяроддзе, захапіць сваімі ідэямі як мага большую колькасць людзей.
Лідарам, ідэйным натхняльнікам большасці экалагічных акцый у нашым раёне з’яўляецца настаўніца раённай гімназіі, а з нядаўняга часу і грамадскі эколаг Ірына Кулікава. Ад колькіх кілаграмаў смецця былі вызвалены берагі нашых маляўнічых азёраў, колькі шпакоўняў было ўладкавана, колькі макулатуры здадзена, колькі вожыкаў выратавана (акцыя “Здай батарэйку – выратуй вожыка”). Добрых спраў зроблена сапраўды шмат. Не хапала толькі спецыяльнай структуры, якая б была прызвана каардынаваць дзейнасць па вырашэнні экалагічных праблем нашага рэгіёна. І нядаўна такая арганізацыя ў нашым раёне з’явілася.
У канцы жніўня было зарэгістравана грамадскае аб’яднанне па садзейнічанні ўстойліваму развіццю Шумілінскага рэгіёна “ЭкаБум”, старшынёй праўлення якога была абрана Ірына Кулікава. Намеснікам старшыні стала таксама вядомы барацьбіт за экалогію ў нашым раёне настаўніца Башнёўскай школы Марына Аляксеенка.
Грамадскае аб’яднанне ставіць на мэце рэалізацыю прынцыпаў устойлівага развіцця Шумілінскага рэгіёна ў адпаведнасці з Нацыянальнай стратэгіяй сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь. Члены аб’яднання плануюць падтрымліваць ініцыятывы, праграмы, праекты і конкурсы, накіраваныя на сацыяльна-эканамічнае развіццё рэгіёна, павышэнне дзелавой актыўнасці жыхароў, адраджаць культурныя і духоўныя традыцыі шумілінскага краю, прапагандаваць здаровы лад жыцця, прыцягваць увагу жыхароў да экалагічных праблем, а таксама са-дзейнічаць іх вырашэнню.
Сярод задач, якія ставіць перад сабой новая арганізацыя, – распрацоўка мерапрыемстваў па рацыянальным выкарыстанні прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, навучанне правільнаму сартаванню бытавых адходаў, азеляненне тэрыторый, добраўпарадкаванне, стварэнне эканамічных стымулаў у мясцовага насельніцтва да аховы навакольнага асяроддзя, садзейнічанне развіццю краязнаўства, экатурызму і многае іншае.
ГА “ЭкаБум” запрашае ўсіх жадаючых далучыцца да дзейнасці аб’яднання (вам павінна быць не менш за 16 год) і абяцае цікавае і насычанае жыццё. За любой інфармацыяй можна звяртацца непасрэдна да старшыні праўлення Ірыны Кулікавай па тэлефоне +37533 324-55-20.
Тым часам пад эгідай ГА “ЭкаБум” у Лескавічах ужо прайшла акцыя “Зробім”. Больш за 30 актывістаў сабраліся для таго, каб вызваліць ад смецця лясны масіў ўздоўж Лескавіцкага возера. Папрацаваць прыйшлося ўдарна: адных шкляных бутэлек назбіралі 8 мяхоў – 125 кілаграмаў.
Канкрэтных планаў у новай арганізацыі ўжо шмат: работы ў Казьянскім заказніку, сумесныя работы з супольнасцямі вёсак Башні і Лескавічы, у пад’ездах і дамах “экабумаўцаў”. Напрыклад, Ірына Кулікава ў пад’ездзе свайго дома № 75 па вуліцы Юбілейнай арганізавала збор бутэлек, на выручку ад здачы якіх будзе адрамантаваны пад’езд. Нічога складанага: уладкавала мяхі, куды усе жыхары пад’езда з задавальненнем выкідваюць бутэлькі. Многія з нас, наогул, з ахвотай падтрымліваюць добрыя ініцыятывы, часта толькі ініцыятара не хапае. Цяпер такі ініцыятар у выглядзе грамадскага аб’яднання ў раёне ёсць.
Дарэчы, ГА “ЭкаБум” выйшла да кіраўніка раёна Аляксандра Снарава з прапановай далучыцца да “Пагаднення Мэраў”, што дазволіць нашаму раёну ўдзельнічаць у праектах Еўрасаюза, а гэта, у сваю чаргу, не толькі палепшыць экалагічную сітуацыю ў нашым раёне, але і дазволіць прыцягнуць сродкі для рэалізацыі гэтай задачы.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.

Надрукавана ў №71 ад 12.09.2017 г.



1 комментарий по теме “В районе зарегистрировано новое общественное объединение «ЭкоБум»

  1. А инспекция по охране окружающей среды чем занимается? Судя по тому, что образуются такие общественные организации — ни чем! Я так думаю, что в перспективе,под это общественное объединение подведут «идеологию» и начнут затыкать все «узкие места» в районе:для райсовета—уборка памятников и воинских захоронений, для ЖКХ—уборка несанкционированных свалок,для инспекции природных ресурсов и охраны окружающей среды—уборка водохранилищ.Но дай Бог что бы я ошибался!

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *