Председатель Шумилинского райисполкома В. А. Подлещук провёл «прямую линию» с населением района

Актуалии Президент

Як лакмусавая паперка для выяўлення праблем
Работу з насельніцтвам старшыня раённага выканаўчага камітэта Вальдэмар Антонавіч Падляшчук лічыць прыярытэтнай у рабоце органаў улады. Ён любіць і ўмее размаўляць з людзьмі, стараецца пачуць кожнага і дапамагчы. У гэтым пераканаліся і тыя, хто пазваніў яму ў мінулую сераду на “прамую лінію”.
Зваротаў было многа, каля двух дзесяткаў. Вядома ж, людзі звярталіся з праблемамі, скаргамі, крыўдамі. Хаця быў у агульным кантэксце і званок іншага складу.
Г. В. Асташонак з аграгарадка Мікіціха пазваніла старшыні райвыканкама, каб павіншаваць яго і ў яго асобе ўсіх жыхароў раёна з Днём Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Яна пажадала моцнага здароўя, плёну ў рабоце, важкіх дасягненняў, выказала ўпэўненасць, што цяжкасці, якія сустрэнуцца на шляху, раён на чале са сваім мудрым і вопытным кіраўніком з годнасцю пераадолее.
Што датычыць іншых зваротаў, яны рознапланавыя, з розных куткоў раёна. Тры звароты (В. І. Бабошына з Обалі, Н. В. Шавяка з в. Лажок, В. В. Дзежыц з Крывога Сяла) закранулі тэму асабістай падсобнай гаспадаркі, а дакладней людзей цікавіла, ці дапамогуць ім гаспадаркі сенам.
І хоць гэтыя пытанні павінны тлумачыцца і рашацца на месцах, В. А. Падляшчук старанна разбіраўся ў кожным выпадку, падключаў райсельгасхарч, раённы Савет дэпутатаў. Прынцыпы тут застаюцца ранейшыя, тлумачыў ён: калі чалавек стараецца для сябе і дапамагае дзяржаве, у даным выпадку прадае малако і цялят, тады ён можа спадзявацца на дапамогу. Райвыканкам пастаянна нацэльвае кіраўніцтва гаспадарак усямерна дапамагаць руплівым гаспадарам.
Не знімаецца з парадку дня праблема водазабеспячэння. Гэтыя пытанні вырашаюцца складана, яны патрабуюць сур’ёзных выдаткаў. Але старшыня райвыканкама ідзе на гэта. Напрыклад, па звароту Г. У. Шуняковай з вёскі Дубрава Мікалаёўскага сельсавета, дзе трэба цягнуць новую лінію ў 400 метраў да другой свідравіны.
Кіраўніку раёна ў сваім шчыльным рабочым графіку няпроста знайсці тры гадзіны на “прамую лінію”. Але ён знаходзіць, бо ўпэўнены, што такія размовы, як лакмусавыя паперкі, выяўляюць праблемы людзей. Ну, вось узяць хоць бы сферу абслугоўвання.
“Прамая лінія” выявіла недахопы і па медыцыне (званок Л. Н. Багданава з Грабянцоў пра факты грубасці і няўважлівасці да хворага), і па гандлёваму абслугоўванню (Т. М. Краўцова, в. Красамай, скардзілася, што ў Казьянах немагчыма зайсці ў магазін, зусім разваліўся ганак, і з абслугоўваннем тут не ўсё ў парадку), і па рамонту электраабсталявання (праблему акрэсліў мужчына ад імя 80-гадовай жыхаркі райцэнтра Г. Ц. Раманавай, у доме якой адбылося кароткае замыканне), і па рабоце Саюздруку (Я. А. Карнілава з Шуміліна прасіла аднавіць кіёск Саюздруку ў мікрараёне ПМК-70).
В. А. Падляшчук абавязаў кіраўнікоў адпаведных службаў тэрмінова разабрацца з гэтымі пытаннямі.
Уважліва і дасканала старшыня райвыканкама выслухаў кожнага, хто звярнуўся да яго. Многія пытанні ўжо знайшлі сваё рашэнне, астатнія – пад неаслабным кантролем.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №50 ад 5.07.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *