В Оболи ремонтируют три многоэтажки

Актуалии Общество Экономика

З новымі дахамі і  батарэямі

У гэтым годзе ідзе рамонт адразу на трох шматпавярхоўках, якія знаходзяцца па вуліцах Фабрычнай і Першамайскай у Обалі
На вуліцы Фабрычнай самыя старыя шматпавярховыя дамы, пабудаваныя яшчэ ў 60-х гадах. Рамонт дахаў, якія прадзіравіліся, тут прасіўся даўно. Падрадчыкі, работнікі  ПМК-70, працуюць на доме № 1 – убіраюць стары шыфер, часткова дэманціруюць страпільную сістэму. Да сярэдзіны верасня абяцаюць пакласці новы дах. Ён абыдзецца УП ЖКГ больш за сто тысяч рублёў.
А вось дахі на дамах № 5 і № 7, што па вуліцы Першамайскай, адрамантавалі летась. А на гэты год перанеслі другую чаргу рамонту – замену каналізацыйных і труб водазабеспячэння, а таксама ацяпляльных радыятараў у кватэрах. І на мінулым тыдні тут працавала брыгада сантэхнікаў ПМК-70. Сяргей Пратасевіч і Андрэй Бядрыцкі ўстанаўлівалі новыя радыятары ў кватэрах. Мужчыны расказалі, што мясцовыя жыхары па-рознаму ставяцца да рамонту. Адным падавай усё і адразу, іншыя разумеюць сітуацыю і нават дапамагаюць.

І мы ўпэўніліся ў гэтым на свае вочы. Мікалай Ліпчанка пад’ехаў на ўласным матаблоку да будаўнічага вагончыка і пачаў дапамагаць грузіць у прычэп радыятары. “Кожны з іх важыць больш за паўсотню кілаграмаў – цяжка ж насіць, – патлумачыў мужчына. – Вось я і вырашыў дапамагчы з развозкай да пад’ездаў. Я ж пенсіянер, маю шмат вольнага часу і заўсёды рады быць карысным людзям”.
Другую чаргу рамонту ў дамах № 5 і № 7 па вуліцы Першамайскай мяркуюць закончыць да пачатку ацяпляльнага сезона. “Наша рамонтная брыгада зрабіла ля названых дамоў адмостку, давялі да ладу казыркі ля пад’ездаў, – расказаў начальнік падраздзялення “Обальскае” УП ЖКГ Анатоль Зянькоў. – На гэтым нашы работы не закончаны: пасля таго, як будуць пракладзены каналізацыйныя трубы, мяркуем засыпаць дарогу паміж дамамі шчэбенем, каб не было ямін”.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №70 ад 08.09.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *