З юбілейным навучальным годам, родная школа!
Непрыкметна праляцелі самыя любімыя летнія канікулы. Жнівень падарыў дзецям шмат сонца і доўгачаканага цяпла, каб яны змаглі яшчэ больш акрэпнуць і набрацца сіл для заняткаў у школе.
Кожны з нас напярэдадні 1 верасня ўспамінае сваю родную школу, сяброў, аднакласнікаў. Адтуль вее бесклапотным і незабыўным дзяцінствам, успамінаюцца бацькі, дом.
Для маёй роднай Шумілінскай СШ №1 гэты навучальны год асаблівы. Яна адзначыць свой 100-гадовы юбілей. Шмат пакаленняў дзяцей вучылася ў яе сценах. Мяняліся будынкі, кабінеты, дырэктары і настаўнікі. А школа заставалася заўсёды роднай для вучняў, дзе кожны адчуваў сябе як дома. Кожны год выпускнікі Шумілінскай СШ №1 паступаюць у самыя прэстыжныя ВНУ сталіцы і іншых гарадоў, пацвярджаючы свае веды і работу ўсяго калектыву.
Цудоўныя светлыя кабінеты, аснашчаныя мэбляй, абсталяваннем, прасторныя калідоры, фае, спартыўная зала, багатая бібліятэка, школьны музей, майстэрня, вялікая сталовая з буфетам, дагледжаная школьная тэрыторыя – усё гатова і чакае сваіх гаспадароў-вучняў.
З надыходзячым юбілейным новым навучальным годам, мая любімая школа!
Святлана КАРНАКОВА, выпускніца і ветэран педагагічнай працы
Шумілінскай СШ №1.
Надрукавана ў №70 ад 08.09.2017 г.