Аддалены — не значыць забыты
Адбылася сесія Мішневіцкага сельскага Савета дэпутатаў. На парадак дня сесіі старшыня Савета Л. А. Гаўрыленка вынес два надзвычай важныя жыццёвыя пытанні: аб гандлёвым абслугоўванні вяскоўцаў і арганізацыі культурнага адпачынку. Праўда, як заўважыў напрыканцы сесіі старшыня райвыканкама В. А. Падляшчук, які выступіў з прамовай , — вельмі дарэчы было б увязаць да разгляду і комплекс бытавых паслуг. Тым не менш і па азначанай тэматыцы гаворка на сесіі адбылася дзелавой, прадметнай і зацікаўленай.
Па першаму пытанню слова ўзяў Л. А. Гаўрыленка. Для Леаніда Андрэевіча было важна расставіць акцэнты, выйсці на падказкі для паляпшэння гандлёвага абслугоўвання рэгіёну. Недапрацоўвае прадуктовы магазін у саміх Мішневічах. Што за прычына? Аказваецца, не ўсё ладна з выкананнем заявак. Але ж чаму так шпарка выйшла наперад з выкананнем планаў загадчыца магазіна Цеаліна А. П. Якаўлева? І гэта нягледзячы на “нетаварны”, скажам шчыра, знешні выгляд будынка, які стаіць на даволі бойкай шашы. Не заўсёды хапае прадаўцам культуры абслугоўвання, былі заўвагі па таму ж касметычнаму рамонту магазінаў, па рабоце аўталавак…
На трыбуне — загадчыца магазіна № 6 у Мішневічах Н. І. Цікавенка. Нэлі Іванаўна трымае высокую марку ў рабоце. Тут высокая абарачальнасць тавараў, асабліва тых, на якія ёсць попыт — мэблі, пральных машын, халадзільнікаў, газавых пліт. Тавараабарот з пачатку года дасягнуў тут 200 мільёнаў, лічы, 40% прадаюць у крэдыт. Прыйшоў у вёску і камп’ютар. Паступова выйшлі на адну хвалюючую праблему: пашырэнне водаправоднай сеткі ў аграгарадку з тым, каб была магчымасць падключаць людзям пральную машыну-аўтамат, мець іншыя камунальныя даброты. Пакуль жа, па словах начальніка мясцовага ўчастка ЖКГ П. З. Шумінскага, па Мішневічах такой сеткай ахоплена пад 60% вяскоўцаў. Рэзервы ёсць, было б жаданне саміх людзей, а паслуга (дакументацыя і падвод) не такая і дарагая.
У Сураўнях, на Казьяншчыне, гандаль мае свае асаблівасці. З выступлення загадчыцы магазіна Сураўні Ж. А. Лузгіной стала зразумела, што летась закуп ягад і грыбоў плённым ніяк не назавеш. Скажам, чарніц яна закупіла ўсяго 200 кілаграмаў, столькі ж грыбоў. Сёлета ў лесе чарнічніку шмат, цяпер ад кіраўніцтва райспажыўтаварыства трэба адно — наладзіць прыстойны закуп ягады. З гібкімі цэнамі, якія маглі б аператыўна мяняцца ў залежнасці ад кан’юнктуры рынку.
Старшыня райспажыўтаварыства В. В. Доктараў, які прымаў удзел у рабоце сесіі, пагадзіўся з заўвагамі, узяў іх на карандаш.
Па арганізацыі культурнага адпачынку і наогул рабоце ачагоў культуры на тэрыторыі сельсавета выступіў начальнік аддзела культуры райвыканкама А. Ф. Мацвяйчук, яго дапоўнілі загадчыцы СДК у Сураўнях і Мішневічах В. І. Рудзякова і Н. Р. Віднікевіч. Прыемна, што літаральна на вачах ажывае наваколле будынка клуба ў аграгарадку. Тут не лічыліся з асабістым часам ні сама загадчыца, ні майстар па вырабах з дрэва і лазы В. П. Зуева, завозілі добрую зямлю, высявалі-высаджвалі кветкі. Такі антураж важны для настрою вясковага чалавека. Стараюцца ў гэтым плане ў Сураўнях. Што датычыцца прафесійнай работы — усё згодна з планам. В. А. Падляшчук папрасіў прадумаць сцэнарый зажынак. Хлеб на полі спее нядрэнны, вельмі патрэбны хлебаробу годны “зачын” у яго нялёгкай справе.
І яшчэ — пра лёс будынка, дзе месціцца Суравенскі СДК. На думку старшыні райвыканкама, у ім можна было б з часам адкрыць экалагічны музей. Месца надзвычай удалае: у Суравенскай школе даўно і паспяхова вядуць гэтую тэматыку, наўкола размешчаны Казьянскі заказнік. Тут жа дадзена даручэнне А. Ф. Мацвейчуку падрыхтаваць дакументацыю на капітальны рамонт даху, каб пасля падключыць да справы зацікаўленыя арганізацыі.
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №50 ад 5.07.2011 г.