Якая скіба – такая і сіла
З ранняй вясны да позняй восені ў механізатараў гаспадарак сталовая на полі. У гарачую пару сяўбы, касавіцы і жніва эканоміцца каштоўны для сейбітаў час. Дзе гатуюць абеды, ці дарагія яны? Пра гэта мы пацікавіліся ў повараў і механізатараў гаспадарак.
“Абеды нам прывозяць з “Фартуны”, – гаворыць механізатар з “Сіроцінскага” Сцяпан Шарыкаў. – Асабліва нам падабаюцца тушаныя акарачкі і катлеты з макаронам. А яшчэ па заказу гатуюць галубцы і салат “Папараць-кветка”. Паесці мы любім шчыльна, як гаворыцца: “якая скіба – такая і сіла”. Павары добрыя, у іх усё атрымліваецца смачным”.
Дарэчы, у “Фартуне” гатуюць яшчэ каля сарака абедаў і вячэр для механізатараў з “АргаБаравінкі”.
“Кошт абеду вагаецца ад 11 да 13 тысяч рублёў, вячэры – ад 8 да 10 тысяч, – расказала повар Марыя Лебедзева. – Калі ўлічыць, што з механізатараў вылічваюць толькі 20% кошту, то атрымліваецца зусім нядорага. Тым больш, што стараемся і салаты рабіць кожны раз новыя, і свежыя памідоры-гуркі дадаць у рацыён”. Паабедаць за 2-3 тысячы – гэта па сённяшнім часе дарма. У механізатараў ёсць стымул добра працаваць і не парушаць працоўную дысцыпліну (у адваротным выпадку вылічаць за харчаванне ўсе сто працэнтаў).
Абеды для механізатараў ААТ “Лаўжанскае” і КУСГП ”Ульскі” гатуюць ў Обальскім кафэ, а для хлебаробаў “Райаграсэрвісу” зрабіць меню разнастайным стараюцца ў “Блюзе”. Што тычыцца любімых страў, то іх робяць і па заказу. Як расказаў повар Алег Кучмароў, мужчыны вельмі любяць боршч, каўбаскі з пюрэ і кампот. Кошт усюды прыкладна аднолькавы.
А вось у “Ляжнях” абеды не з рэстарана і не з кафэ. Тут ёсць уласная калгасная сталоўка. “Наш повар Святлана Курносава вельмі добры прафесіянал, – пахваліла кіраўнік гаспадаркі В. В. Яцко. – Зараз рыхтуе сталоўку да гарачай жніўнай пары”.
Ёсць калгасная сталоўка і ў “Мішневічах”. Тут вопытны повар – Святлана Іванаўна Дашкевіч (на здымку). “Стараемся, каб абеды для механізатараў былі танныя і смачныя, – гаворыць Святлана Іванаўна. – Пра гэта думае і наша кіраўніцтва: прывезлі калгаснай бульбы, зарэзалі бычка, яшчэ па “старых” цэнах закупілі круп і макаронаў”.
А самыя танныя абеды атрымліваюцца ў “Прыдзвінскім”. Калі ва ўсіх іншых гаспадарках раёна з механізатараў вылічваюць 20% кошту абеду, то тут 10%. Мяса і бульбу ў сталоўку завезлі калгасныя. З гароднінай дапамагла Навікоўская школа – падзялілася капустай, морквай, буракамі і мочанымі гуркамі. Затое і абеды падзешавелі – поўны іх кошт каля шасці тысяч рублёў.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №50 ад 5.07.2011 г.