Дабрачынная акцыя “Міліцыя – дзецям”, якая вось ужо другі год у дзень ведаў стартуе ў нашым раёне, аб’яднала супрацоўнікаў РАУС імкненнем і жаданнем рабіць дабро і дзяліцца цеплынёй сваіх сэрцаў з дзецьмі з мнагадзетных сем’яў.
1 верасня дабрачынны дэсант у складзе намесніка начальніка РАУС Аляксандра Шумінскага і інспектара інспекцыі па справах непаўналетніх Анастасіі Снаравай з падарункамі завітаў у мнагадзетную сям’ю Яўгена і Наталлі Тамашовых з райцэнтра. Прыход гасцей, якія прынеслі ў падарунак альбомы, фарбы, фламастары, алоўкі, пластылін яшчэ больш дадаў дзецям святочнага настрою. Падарункі заўсёды прыемныя ўсім, а ў дзяцей гэта двайная радасць. Такой яна была для пяцікласніцы Ганны і пяцігадовай Машы. А трохгадовы Аляксей, які нядаўна стаў наведваць садзік, не хаваў свайго здзіўлення: “Ого! Алоўкі ад дзядзькі міліцыянера – гэта здорава!”
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №69 ад 05.09.2017 г.