Дзяніса, Віку і Карыну – у школу, Ванечку – у садзік
Апошнія тыдні жніўня – самы напружаны час для бацькоў, чые дзеці ідуць у школу. Трэба ж абуць і апрануць дзіця, і партфель купіць, і сшыткі з алоўкамі. І з адным дзіцём клопату шмат, а калі іх чацвёра, як у Людмілы Мікалаеўны і Аляксандра Васільевіча Гайдуковых з Обалі?
“Ды нічога, спраўляемся, – усміхаецца гаспадыня. – Пачалі рыхтавацца да школы яшчэ напрыканцы мінулага навучальнага года. Спачатку куплялі дзецям адзенне – сарафаны, блузкі, спартыўныя касцюмы, пінжакі, потым – рукзакі, а ўжо ў жніўні паехалі ў горад за туфлямі і красоўкамі”.
Іх стаіць на паліцы па чатыры пары – для шасцікласніка Дзяніса, чацвёртакласніцы Вікі, першакласніцы Карыны і трохгадовага Ванечкі. Па падліках бацькоў, даражэй за ўсіх абыходзіцца сабраць да школы першакласніцу. “Калі на старэйшых дзяцей пакуль патрацілі па дзвесце рублёў, то на Карыну ўсе трыста. Для першага класа патрэбна шмат дыдактычных матэрыялаў: і матэматычны набор, і магнітная дошка, і розныя сшыткі для дадатковых заданняў, якія каштуюць нятанна. Куплялі строга па спіску, які дала настаўніца”.
Калі для Дзяніса і Вікі падрыхтоўка да школы – справа прывычная, то для Карыны ўсё незвычайна і нават святочна. Яна па некалькі разоў на дзень прымярае новенькі рукзак, бярэ ў рукі сарафан, які апране на першае верасня. “Нядаўна мы з мамай хадзілі ў магазін за сшыткамі, іх трэба многа – і па матэматыцы, і па рускай мове, і па беларускай, – расказала дзяўчынка. – А яшчэ, можа, я пайду вучыцца і ў другую школу – музычную, якую наведваюць Дзяніс і Віка”.
Новы этап жыцця наступае і ў Ванечкі, якому ў верасні спаўняецца тры гадкі. Хлопчык пойдзе ў садзік. Для гэтай навучальнай установы таксама трэба падрыхтаваць дзіця – купіць новае адзенне, альбомы, дзіцячыя кніжкі, фарбы, алоўкі і яшчэ шмат чаго.
Аляксандр і Людміла Гайдуковы працуюць на Обальскім керамічным заводзе. І кожны год дапамогу ў зборы дзяцей да школы ім аказвае прафсаюзная арганізацыя прадпрыемства. “Сёлета бацькам першакласнікаў выдзяляем па 40 рублёў, а ўсім мнагадзетным сем’ям яшчэ і дапамогу памерам у адну базавую велічыню на канцылярскія тавары”, – расказала старшыня прафсаюзнай арганізацыі ОКЗ Ганна Воранава.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў № 68 ад 01.09.2017 г.