Огурцы девать некуда? Неси на рынок

Закон Общество Экономика

Памідор з уласнай градкі смачней,  але даражэй
Нас ўжо прывучылі, што свежую гародніну і садавіну круглы год можна набыць ў краме ці на рынку. Памідоры  з Іспаніі, агуркі з Ізраіля, польскія цыбуля і яблыкі, аргенцінскія грушы… Калі зімой гэтыя прадукты задавальняюць, то летам асабліва адчуваеш, што смак заморскіх дароў не зусім такі, як толькі сарваных з куста, якія выраслі на нашай зямлі, саспелі пад беларускім сонцам. Многія шумілінцы вырошчваюць агародніну для сябе ўласнымі рукамі, некаторыя набываюць яе на рынку.
Асабліва багаты шумілінскі рынак на гародніну мясцовай вытворчасці ў выхадныя. Акрамя двух-трох спецыялізаваных кропак, якія працуюць пастаянна, сюды не толькі гараджане, але і многія вяскоўцы прывозяць лішкі прадукцыі, што выраслі на гародзе. Многія вырошчваюць гародніну на продаж як дадатковую крыніцу папаўнення сямейнага бюджэту.
Як патлумачыў начальнік аддзела нарыхтовак рай-спажыўтаварыства Ю. А. Глаўдзель, усе магазіны і нарыхтоўчыя ларкі райспажыўтаварыства закупляюць сельскагаспадарчую прадукцыю ў насельніцтва. Цэны вагаюцца ў залежнасці ад сезона і попыту на гародніну. Напрыклад, на мінулым тыдні памідоры куплялі па 2700 рублёў, агуркі — па 650, буракі, капусту і моркву — па 1500, цыбулю — па 1900, часнок — па 4000 рублёў за кілаграм. Так што, калі прадукцыі многа, а стаяць на рынку няма часу, можна скарыстацца паслугамі нарыхтоўшчыкаў. Але на рынку цэны ў разы вышэй.
Праўда, ёсць рызыка прастаяць цэлы дзень і нічога не прадаць, расказалі гандляркі гароднінай, што стаялі на рынку. У мінулы чацвер памідоры прапаноўвалі па 5000-6000 рублёў, за агуркі прасілі 1500-2000, часнок каштаваў 800-1500 рублёў за галоўку ў залежнасці ад памеру, ў гароднінных палатках прадукцыя была на 500-1500 рублёў танней.
“Паспрабуйце мае памідоры, — прапанавала жыхарка райцэнтра К. — Для сябе вырошчвала, ніякіх ядаў не выкарыстоўвала, прадукт выключна натуральны. Ды і ўся гародніна правяраецца ў лабараторыі. Сёлета сонца спеліць памідоры — не паспяваем есці сям’ёй, вось лішкі на базар і прынесла”.
“Усё так, — падхоплівае размову жанчына, што гандлюе побач. — Агуркі “пруць” — не паспяваем збіраць.  Даход невялікі, але не хочацца, каб вырашчанае нялёгкай працай прапала, няхай лепш людзі з’ядуць”.
Наогул, заўважаюць жанчыны, у мінулыя гады гандляваць было лягчэй, людзі больш ахвотна куплялі мясцовы прадукт. Цяпер канкурэнцыя ў гандлі гароднінай даволі высокая. Ды яшчэ падатковая інспекцыя «ходзіць».
Безумоўна, масавая вытворчасць дазваляе забяспечыць больш нізкія цэны, таму памідоры і перцы з Малдовы ці з “Рудакова”, столінскія агуркі ствараюць канкурэнцыю. А пакупнік вымушаны арыентавацца не на смак агурка, а на ўласны кашалёк.
Што тычыцца падатковай інспекцыі, як там патлумачылі, яны правяраюць наяўнасць даведак аб асабістай падсобнай гаспадарцы. Такая даведка дазваляе гандляваць лішкамі прадукцыі штодзень. І падаходны падатак трэба плаціць толькі калі прадукцыі прададзена за год на суму больш за 500 БВ (цяпер гэта больш за 17,5 мільёна рублёў). Без даведкі ёсць абмежаванні і пры гэтым неабходна плаціць адзіны падатак у залежнасці ад віду і аб’ёмаў прадукцыі.

Автор Сергей ЕРМОЛАЕВ.
Опубликовано в №57 от 27.07.2010



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *