Пішам заяву аб банкруцтве
Працэс банкруцтва неплацёжаздольных даўжнікоў уяўляе сабой працэдуру ачышчэння радоў у прадпрымальніцкім асяроддзі. Нягледзячы на сваю складанасць, ён неабходны для падтрымання балансу інтарэсаў усіх суб’ектаў эканамічнага абароту.
Сёлета на 29% павялічылася колькасць заяў аб эканамічнай неплацёжаздольнасці (банкруцтве), якія паступілі ў гаспадарчы суд Віцебскай вобласці. За 5 месяцаў паступіла 84 заявы (у 2010 годзе — 65).
Гаспадарчым судом пастаянна праводзіцца тлумачальная работа па форме і зместу заяў, па спісу дадатковых дакументаў. Але з году ў год захоўваецца высокі працэнт вяртання заяў (33%). Гэта лічба сведчыць пра недастатковае веданне заканадаўства аб банкруцтве. Таму хацелася б асобна спыніцца на правілах афармлення заяў.
Спынімся на самых істотных момантах. Як сведчыць судовая практыка, вяртаюцца заявы на падставе незахавання патрабаванняў, устаноўленых арт. 32 Закона “Аб эканамічнай неплацёжаздольнасці (банкруцтве)” (далей — Закон). Найбольш часта прычынай вяртання заяў з’ўляюцца: няпоўнае ўказанне звестак, прадугледжаных арт. 23, 25 Закона, Указа № 508 “Аб некаторых пытаннях эканамічнай неплацёжаздольнасці (банкруцтва)” (далей — Указ). Напрыклад, у заявах не прыводзіцца абгрунтаванасць немагчымасці задаволць патрабаванні крэдытораў у поўным аб’ёме, звесткі аб прынятых да вытворчасці агульным і гаспадарчым судамі іскавых заяў да даўжніка, а таксама аб выканаўчых дакументах; звесткі аб маёмасці даўжніка, у тым ліку аб грашовых сродках і дэбіторскай запазычанасці і г. д. У некаторых выпадках заяўнікамі не прадстаўляецца кандыдатура ўпраўляючага.
Арт. 23 Закона падрабязна рэгулюе пытанні звароту ў гаспадарчы суд з заявай аб сваім банкруцтве. Заява павінна ўтрымліваць максімум інфармацыі аб актывах і пасівах даўжніка, яго фінансавым становішчы і магчымасцях выхаду з эканамічнага і сацыяльнага крызісу. Арт. 25 Закона аб банкруцтве ўтрымлівае патрабаванні да зместу заявы крэдытора, якія маюць пэўную спецыфіку. Гэты артыкул утрымлівае адказы практычна на ўсе пытанні па форме і зместу заявы крэдытора. Таму крэдыторам пры падрыхтоўцы сваёй заявы дастаткова кіравацца гэтай нормай і нормамі Указа № 508.
Шэраг прынцыповых палажэнняў, якія рэгулююць праваадносіны па банкруцтву, утрымліваюцца ў пастанове пленума Вышэйшага гаспадарчага суда Рэспублікі Беларусь ад 23 снежня 2003 года № 11 “Аб некаторых пытаннях практыкі прымянення заканадаўства, рэгулюючага пытанні эканамічнай нядзеяздольнасці (банкруцтва)”.
Хацелася б звярнуць увагу на тое, што банкруцтва — гэта крайняя мера, яно далёка не заўсёды вядзе да поўнага спісання даўгоў, таму ва ўсіх выпадках ацэньваецца законнасць здзелак даўжніка і магчымасць прыцягнення вінаватых асоб да субсідарнай адказнасці. У якасці прыкладу можа служыць справа па іску прадпрыемства “Ж” да галоўнага бухгалтара О. Аб спагнанні 868 699 463 рублёў у парадку ўскладання субсідарнай адказнасці па абавязацельствах прадпрыемства “Ж”. У ходзе разгляду справы судом устаноўлена, што эканамічная нядзеяздольнасць (банкруцтва) прадпрыемства “Ж” была выклікана дзеяннямі галоўнага бухгалтара О., якая прыгаворам раённага суда г. Віцебска прызнана вінаватай ва ўхіленні ад выплаты сум падаткаў і збораў шляхам укрыцця, наўмыснага заніжэння падатковай базы, што прывяло да страт у асабліва буйным памеры. Галоўны бухгалтар выконвала незаконныя патрабаванні і распараджэнні дырэктара прадпрыемства, ажыццяўляла недакладнае вядзенне бухгалтарскага ўліку прадпрыемства, адлюстравала ў падатковых дэкларацыях (разліках) заведама ілжывыя звесткі аб размерах падаткаў і плацяжоў, якія падлягаюць выплаце ў бюджэт Рэспублікі Беларусь. Тым самым наўмысна ўхілілася ад выплаты сум падаткаў і збораў шляхам заніжэння падатковай базы, што выявілася ў завышэнні пакупной вартасці таварна-матэрыяльных каштоўнасцей.
Суб’ектам гаспадарання хочацца парэкамендаваць рэгулярна знаёміцца з аб’явамі аб банкруцтве, якія размяшчаюцца на нашым сайце vitebsk.court.by, каб своечасова заявіць свае патрабаванні ўпрўляючаму і актыўна ўдзельнічаць у сходах крэдытораў. На гэтым жа сайце размешчаны прыкладны ўзор заявы даўжніка пра сваё банкруцтва. Практыка паказвае, што за дапамогай па складанні заявы лепш звярнуцца да юрыста (адваката).
В. КІБІСАВА, начальнік аддзела судовай практыкі Гаспадарчага суда Віцебскай вобласці.
Надрукавана ў №50 ад 5.07.2011 г.