Шумилинский призводственный участок Полоцкого КХП уже принял полторы тысячи тон зерна в счёт госзаказа

Актуалии Экономика

Вытворчы ўчастак ААТ “Полацкі КХП”: У спякотныя дні не прадыхнуць

У гэтым годзе нашаму раёну даведзена заданне здаць 3100 тон зерня ў дзяржаўную скарбонку. Збожжа здаюць і на Віцебскі КХП, і на Полацкі. Прымаюць яго і на Шумілінскім вытворчым участку Полацкага КХП. Сюды зручней вазіць зерне, бо бліжэй.
У пачатку гэтага тыдня, калі мы прыехалі на вытворчы ўчастак, тут чаргі са збожжам новага ўраджаю не было. Машыны прыязджалі адна за адной праз пэўны прамежак часу – нібыта па графіку. “Сёння яшчэ не вельмі напружана, а каб вы бачылі, што было ў спякотныя дні – не прадыхнуць, – кажа лабарант (яна ж вагаўшчыца) Вольга Някрасава. – За дзень прывозілі да 350 тон”.
Вядома, на вытворчым участку маглі б прыняць і больш, калі б зерне прывозілі сухое. Але такое паступае толькі з ААТ “Прыазёрны мір”. У гаспадарцы падышлі да гэтага пытання прадумана. Сапраўды, навошта плаціць грошы за сушку, калі гэта можна зрабіць самім.
Пакуль размаўлялі, на вагі ўз’ехаў магутны МАЗ. “Дваццаць дзве тоны, – задаволена канстатуе Вольга Някрасава. – Зерне сёлета добра налітае, колас цяжкі. І яно ўсё, трэба адзначыць, адпавядае гатунку “харчовае”. Праўда, па наяўнасці клейкавіны ідзе чацвёртым класам”.
“Сушылка  працуе кругласутачна, – кажа начальнік участка Уладзімір Мальгін. – Увогуле нам даведзены план прыняць дзяржзаказу 2450 тон. Ужо засыпалі ў засекі паўтары тысячы тон. Вельмі актыўна здаюць збожжа з “Прыазёрнага міру”, прывозяць з “Прыдзвінскага”, “Мішневіч” і “Ляжнёў”. Калі надалей будзе такая актыўнасць, то, думаю, праз тыдзень поўнасць закрыем дзяржзаказ. Але ж будзем прымаць яшчэ фуражнае зерне ў кошт даўгоў не толькі з гаспадарак нашага раёна, але і з суседніх, напрыклад, Гарадоцкага. Паколькі наш участак мае вялізныя склады, аказваем паслугі па захоўванні зерня. І імі актыўна карыстаецца Віцебская бройлерная птушкафабрыка”.

На зернесушылцы мы сустрэліся з вадзіцелем МАЗа Уладзімірам Гоманавым з Шуміліна, які аформлены індывідуальным прадпрымальнікам і вось ужо дваццаты сезон ўладкоў-ваецца на Полацкі КХП адвозіць зерне з гаспадарак раёна на Шумілінскі вытворчы ўчастак.  “Магчыма, маладзейшыя шукаюць сабе больш грашовую работу, а я па даўняй звычцы іду перавозіць збожжа, – усміхаецца Уладзімір Іванавіч. – За столькі гадоў работы, як кажуць, прыкіпеў душою да хлебапрыёмнага ўчастка. Да таго ж,  і жніво мне неабыякава: цікаўлюся, ці важкія намалоты, якая ўраджайнасць на тым ці іншым полі, ці вільготнае зерне. Сёння вось прывёз пшаніцу з ААТ “Ляжні”, адразу скажу, што ёй патрабуецца сушка, бо вільготнасць 16-17%. Зараз зноў паеду ў Ляжні за трыцікале”.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №64 ад 18.08.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *