Ім хочацца быць лепшымі
На палетках КУСГП “Мішневічы” шчыруюць не толькі вопытныя і сталыя механізатары, але і моладзь.
Вось, напрыклад, маладзёжны экіпаж Аляксея Зімяніна і Дзмітрыя Салаўёва. У свой час яны вывучыліся на механізатараў і ўжо каторы год вясной, летам і восенню шчыруюць на мішневіцкіх палетках.
На правах старэйшага Аляксей Зімянін (яму 25 гадоў) расказаў пра свой экіпаж: “З Дзмітрыем на адным камбайне сёлета мы працуем упершыню. Думаю, у нас усё атрымаецца – мой напарнік усяго на год маладзейшы за мяне, разумеем адзін аднаго з паўслова. Па чарзе сядзім за штурвалам камбайна, разам прачышчаем жняярку, разам рамантуем. Зараз працуем у Шчарбаках, убіраем азімую пшаніцу. На высокіх участках яна вырасла нядрэнная – 20 цэнтнераў з гектара, а вось у нізінах – вымачкі. Тым не менш з даведзеным заданнем спраўляемся, нават перавыконваем. Учора, напрыклад, намалацілі 22 тоны”.
Аляксей і Дзмітрый ведаюць пра раённыя спаборніцтвы, якія аб’яўлены ў раёне сярод маладзёжных экіпажаў. І паабяцалі, што будуць старацца быць у ліку лепшых.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №63 ад 15.08.2017 г.