На скутары ды з ветрыкам
Як правіла, на пасаду старэйшыны выбіраюць людзей шчырых, руплівых, якія клапоцяцца пра бліжняга і ўмеюць пастаяць за сваіх вяскоўцаў. Менавіта да такой катэгорыі людзей адносіцца Алена Пятроўна Жыжова з вёскі Цаўі.
З 1990 года яна дэпутат Лаўжанскага сельскага савета па Цаўёўскай выбарчай акрузе, два апошнія скліканні – па Мазурынскай выбарчай акрузе. Больш таго, два гады таму Алену Пятроўну абралі ў вёсцы старэйшынай. Жанчына ў адказе не толькі за сваю вёску Цаўі, але і за блізляжачыя – Лабатку, Плігаўкі, Станіславова, Крыцкія, Спаскае, Мазурына, Сідараўшчыну і Доўгую Ніву. У некаторых з гэтых вёсак пражываюць ўсяго па два-тры чалавекі, але без увагі іх не пакінеш.
Пытаюся, як жа можна абысці гэтыя вёскі. “У рабоце дапамагае ўласны скутар – хутка і з ветрыкам даязджаю ў любую вёску, – усміхаецца жанчына. – Выключэнне складаюць хіба што марозныя дні”.
Мясцовыя людзі звяртаюцца да старэйшыны і дэпутата па самых розных пытаннях. Паколькі Алена Пятроўна працуе кіраўніком спраў у Лаўжанскім сельвыканкаме, жыхары Цаўёў прыходзяць да яе за рознымі даведкамі, напрыклад, пра склад сям’і, пра асабістую падсобную гаспадарку і іншыя. Ведаюць, што А. П. Жыжова “не будзе ганяць пенсіянераў у Мікіціху”, а сама прывязе неабходныя дакументы. Звяртаюцца да дэпутата наконт абмалоту агародаў, дастаўкі дроў, асвятлення вуліц, расчысткі і рамонту дарог. І іх чуюць. Напрыклад, нядаўна падсыпалі пяском дарогу на могілкі ў Спаскае, за што вяскоўцы вельмі ўдзячныя.
Мясцовыя людзі любяць сустракацца з Аленай Жыжовай: пагавораць пра набалелае, выкажуць свае спадзяванні, надзеі і прэтэнзіі. Здаецца, і на душы лягчэй становіцца. А яшчэ Алену Пятроўну называюць мясцовым доктарам. Калі трэба прывезці лякарствы з Мікіціхінскай амбулаторыі, зрабіць укол чалавеку (гэтаму А. П. Жыжову навучыла жыццё) – бягуць да яе. Нікому ў дапамозе не адмаўляе.
Старэйшына і дэпутат жыве мясцовымі праблемамі. Зараз, напрыклад, вельмі турбуецца, што магазін райспажыўтаварыства ў Цаўях зачынілі з-за таго, што не знайшлі прадаўца. У вёску прыходзіць аўталаўка тры разы на тыдзень, але ж гэта зусім не тое…
“Алена Пятроўна – галоўны мой памагаты і правая рука, – кажа старшыня Лаўжанскага сельвыканкама Святлана Кійко. – Маю на ўвазе не кіраўніка спраў, а старэйшыну і дэпутата. Я ведаю, што ў вёсках Мазурынскай выбарчай акругі заўсёды ўсё ў парадку. А калі што тэрміновае – праз некалькі хвілін праблему вырашаем разам. Ініцыятыўны дэпутат умее знайсці падыход да любога чалавека нават з самым складаным характарам. А гэта рыса вельмі цэніцца ў людзях”.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №63 ад 15.08.2017 г.