У сельгаспрадпрыемствах раёна маецца 60 зернеўборачных камбайнаў. Але напрыканцы мінулага тыдня былі гатовы да жніва толькі 46, расказаў намеснік начальніка райсельгасхарчу Андрэй Мацюшчанка.
Стопрацэнтнай гатоўнасцю да жніва могуць пахваліцца толькі ў КУСГП “Ульскі”. Тут на мехдвары можна палюбавацца магутнай тэхнікай, пастаўленай на лінейку гатоўнасці (на здымку). Усе камбайны гаспадаркі дапушчаны да жніва. Іх падрыхтоўка адпавядае строгім патрабаванням раённай камісіі. А ў камбайнераў ёсць медыцынскія даведкі пра прыдатнасць да кіравання транспартам і допуск да работы. Яны хоць сёння могуць выязджаць у поле.
Практычна закончылі рамонт камбайнаў у “Ляжнях” і “Мішневічах”. Падцягваюцца і іншыя гаспадаркі, за 3-4 дні трэба “падцягнуць хвасты” па рамонце аўтамабіляў і трактароў, якія будуць задзейнічаны на адвозцы зерня новага ўраджаю.
У кожнай сельгасарганізацыі створана камісія на чале з галоўным інжынерам па допуску да работы сушыльных гаспадарак. Іх у раёне ўсяго 16. Практычна ўсе гатовы прыняць зерне. Засталося праверыць толькі сушылкі на прыродным газе ў ААТ “Лаўжанскае”, “АграБаравінка”, “Прыазёрны мір” і ва УП “Шумілінскі райаграсэрвіс”.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №59 ад 01.08.2017 г