Віктар Полацкі – шумілінскі выратавальнік
Такая работа. Яна штодня выпрабоўвае ў табе прафесіянала, тэсціруе на вынослівасць, сабранасць, уменне працаваць у камандзе. Яе нельга адкласці на заўтра, на гадзіну, на хвіліну… Такую работу шэсць год таму выбраў для сябе Віктар Полацкі, стаўшы выратавальнікам, і сёння зразумела, што гэта быў правільны жыццёвы выбар.
Мы бачым партрэт камандзіра аддзялення пажарнай аварыйна-выратавальнай часці №1 раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Віктара Полацкага на раённай Дошцы гонару і разумеем, што малады выратавальнік мае аўтарытэт сярод калег, што яму давяраюць, на яго прафесійныя і чалавечыя якасці разлічваюць у калектыве.
Сам хлопец з Улы Бешанковіцкага раёна, але працаваць захацеў у Шуміліне – так спадабаўся яму наш (а цяпер ужо і яго) гарадок. Прыйшоў у аддзел пасля заканчэння Ульскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя, прайшоў спецыяльнае абучэнне і стаў выратавальнікам. З той пары суткі праз двое ён разам са сваім аддзяленнем ваюе са стыхіяй на баку бяспекі і чалавечага жыцця. Ён дакладна ведае сваю справу і беспамылкова дзейнічае ў надзвычайных сітуацыях. Ён разумее, што эмоцыі лішнія, калі гаворка ідзе пра работу. І нават калі прыходзіцца сутыкацца з самымі страшнымі наступствамі вераломнай стыхіі, гэты хлопец не разгубіцца і не спасуе. Ён проста прыступіць да тушэння пажару ці ліквідацыі любой іншай надзвычайнай сітуацыі.
Віктар не надзяляе сваю работу нейкімі асаблівымі характарыстыкамі, на яго прафесійным рахунку ўжо столькі баявых выездаў, што і злічыць немагчыма. А таму сваю геройскую (як сказаў бы любы з нас) прафесію лічыць самай звычайнай. Свайго першага пажару ён не памятае, але выпадкі, калі пажар ці ДТЗ забіралі адразу па некалькі жыццяў, у памяці захоўваюцца.
Віктару Полацкаму як перспектыўнаму супрацоўніку не раз прапаноўвалі прадоўжыць навучанне. Але ён адмаўляецца: “Ну, вывучуся я, стану, скажам, інспектарам і буду працаваць у кабінеце з васьмі да пяці. Не, гэта не па мне”. Малады выратавальнік на поўную выкарыстоўвае тыя двое сутак, што вызваляюцца пасля нясення дзяжурства. Ён заўзяты паляўнічы, рыбак, добры гаспадар. У Шуміліне разам з жонкай і дзвюма маленькімі дачкамі ён жыве ў кватэры. А вось у Уле, дзе жывуць бацькі, ёсць сядзіба і вялікая гаспадарка, якая не дае засумаваць без работы. Летам сям’я заўжды ў вёсцы – добра, што Ула не так далёка. А яшчэ хлопец нядаўна завёў цэлую пчаліную пасеку – 20 калод пчол.
Арганізаваўшы сваё жыццё менавіта так, проста не пакінуўшы ў ім часу на ўсялякія няважныя і пустыя справы, Віктар Полацкі шчаслівы. Пагаварыўшы з ім усяго некалькі хвілін, ловіш сябе на думцы, што такіх, як ён, сёння не так і часта сустрэнеш. У ім дзіўным чынам спалучаюцца сапраўдная дзіцячая сціпласць і моцны мужчынскі стрыжань. Віктар Полацкі бярэ на сябе адказнасць, і ўсе, хто трапляе ў поле яе дзейнасці, могуць адчуваць сябе спакойна. Ён дакладна не падвядзе.
Такія важныя якасці набываюць асаблівы сэнс, калі гаворка ідзе пра чалавека гэтай мужнай прафесіі. Віктар Полацкі сваім прыкладам даказвае, што выратавальнік – гэта цэласная асоба, чалавек, які і дома, і пры нясенні сваіх службовых абавязкаў застаецца верным сабе і самым высакародным жыццёвым прынцыпам.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №57 ад 25.07.2017 г.