Мікалаеўскі сельсавет: штрыхі да партрэта
Па сваёй плошчы (23334 гектары) Мікалаеўскі сельсавет займае трэцяе месца ў раёне пасля Мішневіцкага і Обальскага. На Мікалаеўшчыне знаходзяцца 39 населеных пунктаў, у якіх пастаянна пражывае 1447 вяскоўцаў (у тым ліку 829 працаздольнага ўзросту і 417 пенсіянераў) На тэрыторыі сельсавета налічваецца 642 двары. Самыя вялікія населеныя пункты – вёскі Мікалаева і Мішкавічы, аграгарадок Кардон.
“Самыя працавітыя людзі жывуць на Мікалаеўшчыне”
Да ўвагі нашых чытачоў – інтэрв’ю са старшынёй Мікалаеўскага сельвыканкама У. А. Сядлоўскім. Уладзімір Аляксеевіч на гэтай пасадзе працуе шосты год, добра ведае мясцовых людзей, іх дасягненні і праблемы.
– Уладзімір Аляксеевіч, чым вы-дзяляецца Мікалаеўскі сельсавет сярод іншых?
– Напэўна, стараннем людзей і іх руплівасцю. Практычна ля кожнага падворка ў нас парадак і чысціня. Скажу больш – самыя працавітыя людзі жывуць на Мікалаеўшчыне. Нават калі зачынілі племптушкарэпрадуктар і многія засталіся без работы, яны не апусцілі рукі і не кінуліся ў роспач – пачалі займацца асабістай падсобнай гаспадаркай. Сёння на тэрыторыі сельсавета амаль паўтары сотні гаспадароў трымаюць гаспадарку. Усяго налічваецца 115 кароў. І гэтая лічба не меншая ў параўнанні з мінулым годам. Дванаццаць гаспадароў трымаюць па дзве і больш кароў.
– Калі на тэрыторыі сельсавета так многа рупліўцаў, то, напэўна, даволі часта прыходзіцца вырашаць зямельныя пытанні?
– Так, практычна кожны месяц. У мінулым годзе, напрыклад, было вырашана каля дваццаці землеўпарадкавальных спраў. Людзі звярта-ліся наконт афармлення зямельных участкаў і для будаўніцтва, і для вядзення асабістай гаспадаркі. Толькі для выпасу кароў і для агародаў было прадастаўлена 13 участкаў на плошчы 15,5 гектара. Прычым, афармляюць зямлю не толькі ў вялікіх населеных пунктах, але і ў маленькіх вёсачках, напрыклад, у Ізгародзішчы, Шэлягах, Надзежыне. Радуе, што людзі думаюць пра будучыню – такія надзелы могуць быць перададзены дзецям, унукам і іншым спадчыннікам.
– А як вы думаеце, ці будуць карыстацца дзеці сённяшніх гаспадароў гэтымі надзеламі і ўвогуле ці з аптымізмам адносіцеся да развіцця вёсак на Мікалаеўшчыне?
– Думаю, што будуць, бо на слыху нямала прыкладаў, калі гарадскія дзеці праводзяць у бацькоў усё лета, дапамагаючы па гаспадарцы. А некаторыя нават перабраліся жыць у вёску і разам з бацькамі даглядаюць дамашнюю жывёлу. Што тычыцца развіцця вёсак на тэрыторыі сельсавета, то на гэта гляджу з надзеяй. Думаю, перспектыва ёсць. Нашы вёскі выжывуць. І не толькі самыя буйныя. Напрыклад, у Ерашова прыехалі расіяне, каб заняцца прыватнай гаспадаркай, у Дубраву вярнулася сям’я з Віцебска. Зноў жа, у Мікалаеве і Кардоне шмат моцных гаспадароў. Некаторыя думаюць стаць фермерамі. Будзе жаданне працаваць на зямлі – вёска выжыве. І дзякуй Богу, пакуль такое жаданне ў нашых людзей не знікла.
– Спектр абавязкаў старшыні сельсавета даволі шырокі, але ж ёсць і прыярытэты.
– На першым месцы – клопат пра вяскоўцаў. Перш-наперш – увага людзям шаноўнага ўзросту. Камусьці трэба прывезці дроў, адрамантаваць калодзеж, спілаваць ля дома старое дрэва ці дапамагчы аформіць дакументы на сацыяльны ложак. Яшчэ людзі звяртаюцца наконт рамонту дахаў і ўборкі агародаў. Усім стараемся дапамагчы.
– А якім чынам старшыня дазнаецца, каму патрэбна якая дапамога?
– Прывык пачынаць свой рабочы дзень з аб’ездаў вёсак. Гутару з людзьмі, а яны падрабязна расказваюць, чым жыве той ці іншы населены пункт. Таксама пастаянна на тэлефоннай сувязі са старэйшынамі і дэпутатамі, якія падказваюць, каму якая дапамога патрэбна. Ну, і людзі самі тэлефануюць у сельвыканкам ці прыходзяць са сваімі праблемамі. Цесна супрацоўнічаем з кіраўнікамі мясцовых сельгаспрадпрыемстваў – Валянцінай Лабейкай з КУСГП “Ульскі” і Юрыем Сямёнавым з СФГ “Раднік”, якія часта дапамагаюць сельсавету і мясцовым людзям, і мы за гэта ім вельмі ўдзячныя.
Выбіраюць – значыць давяраюць
Мікалаеўшчына, на думку старшыні сельвыканкама У. А. Сядлоўскага, вылучаецца моцным дэпутацкім корпусам. Мясцовыя дэпутаты – людзі актыўныя, ініцыятыўныя, дапамагаюць вырашаць многія вясковыя праблемы. Сярод такіх актывістаў – дэпутат Мікалаеўскага сельскага Савета дэпутатаў па Цэнтральнай выбарчай акрузе Таццяна Уладзіміраўна Барысевіч.
Таццяну Уладзіміраўну выбіраюць дэпутатам чатыры скліканні запар. “Выбіраем – значыць давяраем”, – кажуць мясцовыя жыхары. І гэта зразумела – Таццяна Барысевіч чалавек мясцовы, да яе не боязна падысці з самымі набалелымі пытаннямі і праблемамі. Большасць з іх вырашаецца адразу, па гарачых слядах. Часта людзей непакоіць не толькі асабістае, але і грамадскае. Так, вырашылася пытанне з рамонтам калодзежаў па вуліцы Маладзёжнай у Мікалаеве, з уладкаваннем адзінокага састарэлага на сацыяльны ложак.
Таццяна Уладзіміраўна з’яўляецца членам назіральнай камісіі па пажарнай бяспецы, уваходзіць у савет грамадскага пункта аховы правапарадку пры сельвыканкаме. Значыць, адказвае і за бяспеку землякоў, і за нядбайныя сем’і, і за навядзенне парадку ў Мікалаеве.
Пра пошту і паслугі
За дзень каля 50 вяскоўцаў наведваюць паштовае аддзяленне “Мішкавічы”. Адны – пенсію атрымаць, другія – аплаціць паслугі ці крэдыты, трэція – набыць тавары паўсядзённага попыту.
“Наша паштовае аддзяленне абслугоўвае сем населеных пунктаў, – расказвае начальнік аддзялення паштовай сувязі “Мішкавічы” Галіна Антонаўна Зянькова (на здымку). – Магу ўпэўнена сказаць, што людзі ў нас чытаюць. Добра выпісваюць газеты і часопісы. Самая папулярная газета – “Герой працы”, у яе больш чым 70 падпісчыкаў. У тройку лідараў уваходзяць рэспубліканская “СБ. Беларусь сегодня” і абласная “Витебские вести”.
Галіна Антонаўна адзначыла, што многія вяскоўцы заказваюць на пошце буйныя тавары: сярод заказаў апошняга часу былі канапа, тэлевізар і веласіпеды. Актыўна заказваюць сяльчане тавары з інтэрнэт-магазінаў. Як прызнаецца Г. А. Зянькова, работы пабольшала, бывае, што заказаў зашмат, але людзі абіраюць пошту – а значыць давяраюць.
Клопат пра пажылых
Клопат пра адзінокіх састарэлых, якія не ў сілах даглядаць за сабой, бярэ на сябе дзяржава. Прыклад таму – бальніца сястрынскага догляду ў Мікалаеве. Установа разлічана на 15 чалавек, але пры неабходнасці прымаюць і больш. Зараз, напрыклад, тут дзевяць мясцовых пацыентаў і восем обальскіх. Справа ў тым, што ў медыка-сацыяльным аддзяленні Обальскай бальніцы зараз ідзе рамонт. А потым медыцынская ўстанова зноў часова прытуліць мясцовых старых.
“Мы даглядаем нашых падапечных і аказваем падтрымліваючае лячэнне, – расказала загадчыца бальніцы Людміла Каранеўская. – Маем гектар агароду, на якім вырошчваем бульбу, капусту, моркву, агуркі і цыбулю. Летам і восенню маем у сталовай ўласную бясплатную гародніну.
У гэтым годзе нам вельмі дапамагло дабрачыннае грамадскае аб’-яднанне “Сафія”, якое падарыла посуд для харчаблока, дзве пральныя машыны і адну сушыльную, а таксама функцыянальныя ложкі, у якіх мелі вельмі вялікую патрэбу нашы пацыенты”.
“Сюды ёсць для чаго прыязджаць»
У розныя вёскі Мікалаеўскага сельсавета актыўна едуць дачнікі. Яны купляюць тут сабе дамы і селяцца на лета. А некаторыя пенсіянеры жывуць у дачных дамах практычна ўвесь год. Гутарка ідзе не толькі пра дачнікаў з розных гарадоў Беларусі, але і пра расіян. Грамадзяне суседняй краіны пасяліліся ў Надзежыне, Рыпіншчыне, Ерашове, Кардоне. Некаторыя прыехалі спачатку самі, а потым перацягнулі і сваіх сяброў ці сваякоў.
“Сюды ёсць для чаго прыязджаць, – так растлумачыў свой выбар масквіч Уладзімір Сяргеевіч Іваноў, які жыве ў Надзежыне. – Свежае паветра, цішыня – вось гэтага, напэўна, і не хапала на працягу жыцця. Пабудаваў дом на беразе Заходняй Дзвіны і вельмі задаволены сваім выбарам, бо мае карані мясцовыя – калісьці ў Кардоне жыў мой дзед”.
Вось такая добрая душа
Ад кардонцаў дазналіся пра цікавы факт: мясцовы жыхар Віталь Васёха, які па рабоце часта бывае ў Мінску, іншы раз бярэ з сабой суседскіх хлопчыкаў. Проста так, на экскурсію – сталіцу паказаць. Вочы хлапчукоў свецяцца шчасцем. Ну, а Віталь Пятровіч любіць яшчэ і марожаным пачаставаць у кафэ – гэта шчасце двайное. Вядома, Віталь Васёха вельмі любіць дзяцей – сваіх жа мае чацвёра.
А яшчэ ён займаецца дабрачыннасцю. Кажа, што з маленства прывык усім дапамагаць. “Напэўна, добра засвоіў запаведзь “дапамажы бліжняму”, якую прапаведаваў ксёнз у касцёле, – усміхаецца Віталь. – Ну, не магу адмовіць людзям, калі аб нечым просяць. Вось такая добрая душа”.
В. П. Васёха, які з’яўляецца ўласнікам прыватнага прадпрыемства па апрацоўцы драўніны “Кубаметр”, выдзяляў бясплатна дошкі мясцоваму сельвыканкаму, Мікалаеўскай бальніцы сястрынскага догляду, царкве ў Обалі, бібліятэцы ў Мікалаеве. Кіраўніцтва КУСГП “Ульскі” ўдзячна за бясплатныя апілкі, якія рэгулярна прывозяць на фермы. Віталь Пятровіч мае глебаапрацоўчую тэхніку і рэгулярна дапамагае Кардонскай школе ўзараць агарод, пасадзіць ці выкапаць бульбу. Дзелячыся планамі на будучае, Віталь Пятровіч адзначыў: “Нейкія варвары зламалі крыж ля капліцы ў Кардоне, трэба зрабіць новы. Хто ж, калі не я?”
Фермерства – справа сямейная
На Мікалаеўшчыне два гаспадары займаюцца фермерствам, яшчэ двое ў бліжэйшы час таксама стануць фермерамі.
Валерый Шэдзько з вёскі Ерашова адным з першых у раёне ўвязаўся ў гэтую справу. У 1991 годзе Валерый кінуў работу ў Шуміліне і пачаў разам з бацькам займацца фермерствам. “Хацелася мець сваю зямлю, працаваць на ёй як мае дзяды і прадзеды, – расказвае фермер. – Набылі трактар “Уладзіміравец” і пяць гектараў зямлі. З гэтага і пачалі”. Адразу была зроблена стаўка на вырошчванне бульбы.
Год за годам фермерская гаспадарка паціху развівалася. На сённяшні дзень у Шэдзько – амаль 50 гектараў зямлі, на якой дбайныя гаспадары вырошчваюць рапс, зерневыя і бульбу. Як і на пачатку дзейнасці, стаўка робіцца на бульбу.
Два гады назад кіраўніком фермерскай гаспадаркі стаў Аляксандр Шэдзько. “Перадаў кіраванне свайму сыну, – падсумоўвае Валерый. – Для нас стала добрай традыцыяй, што на зямлі разам працуюць бацька і сын. Упэўнены, што з ініцыятыўнасцю Аляксандра ў нашай гаспадарцы добрая будучыня”.
Са школы – у медыцынскія навучальныя установы
У Кардонскай СШ вучыцца каля ста вучняў. Часта выпускнікі гэтай школы выбіраюць медыцынскія спецыяльнасці. За апошнія дзесяць год шасцёра паступілі ў медыцынскія ўніверсітэты. Сёлетні год таксама адметны – пяцёра адзінаццацікласнікаў (палова класа) абралі медыцынскія каледжы.
Вучні школы могуць паступаць у самыя прэстыжныя навучальныя ўстановы, дзякуючы таму, што ў Кардонскай школе хімія і біялогія на павышаным узроўні. І гэта выдатная ацэнка работы настаўніка хіміі і біялогіі Ігара Сцяфанавіча Ігнаценкава (на здымку).
Для Ігара Сцяфанавіча важна, каб вучні глыбока разбіраліся ў прадмеце, каб самі шукалі веды і прыходзілі да лагічных высноў. Толькі ў такім выпадку можна працаваць эфектыўна, лічыць настаўнік. У Кардонскай школе І. С. Ігнаценкаў працуе 30 год. Сюды ён трапіў з БДУ па размеркаванні. “Настаўнік павінен даваць вучню веды, і няважна, дзе ён працуе – на сяле ці ў горадзе”, – прафесійнае крэда настаўніка.
Дошкі, брусы, вагонка
Больш за дваццаць гадоў у Ерашове працуе ААТ “Ліварыс”, якой кіруе Уладзімір Васільевіч Жукаў. “Мае карані – з Расіі, а жонку ўзяў з Беларусі. У яе ў Ерашове жыла бабуля, таму і выбралі гэта месца для арганізацыі прыватнай справы, – расказаў Уладзімір Васільевіч. – Мы купляем лес і апрацоўваем яго: робім дошкі, брусы, вагонку, плінтусы”. Прыватнае прадпрыемства ў Ерашове – на руку многім мясцовым мужчынам. Сёння тут знайшлі работу восем чалавек з Мішкавіч, Надзежына і Обалі.
Трымер заўсёды на хаду
Работнікі падраздзялення “Кардонскае” УП ЖКГ летам нацэлілі работу на навядзенне парадку: рамантуюць калодзежы, калонкі і дзіцячыя пляцоўкі, устанаўліваюць кантэйнеры для смецця, фарбуюць агароджы. А яшчэ займаюцца абкосам абочын у вёсках. Галоўным касцом у падраздзяленні называюць Алега Васільевіча Разумава (на здымку). Не дарэмна ж ён уваходзіў у склад шумілінскай брыгады, якая сёлета перад “Славянскім базарам” дапамагала ў навядзенне парадку ў віцебскім мікрараёне Білева.
Каплічка ў Слабадзе
Жыхар вёскі Забар’е Анатоль Іосіфавіч Прыгун зрабіў добры падарунак для сваіх землякоў: гады чатыры таму пабудаваў на могілках у Слабадзе невялікую каплічку. А дапамагаў яму ў гэтым жончын брат з Мішкавіч Міхаіл Кандратавіч Петрусенка. Нядаўна Анатоль Прыгун пафарбаваў каплічку і пакрыў лакам. На каталіцкія святы ў кап-лічцы мнагалюдна: збіраюцца вернікі, прыязджае ксёндз з Шуміліна і праводзіць богаслужэнне.
Аляксандр Шэдзько і Ларыса Зайцава.
Надрукавана ў №57 ад 25.07.2017 г.