У літаратурна-музычнай гасцёўні «Крыніца» прайшла творчая сустрэча з майстрам па саломапляценні Наталляй Сцержанковай

Культура Мир увлечений

“Зіхаціць золатам саломка”

Многія творчыя людзі прытрымліваюцца думкі, што талент – не гарантыя поспеху, а крэдыт, які трэба вярнуць з працэнтамі. Гэтыя словы Наталля Сцержанкова, майстар па саломапляценні, поўнасцю адносіць і да сябе. Вось ужо на працягу васямнаццаці гадоў (столькі працуе ў Доме рамёстваў) аддае гэты “крэдыт”. І аддае шчодра, з працэнтамі, не шкадуючы сваіх сіл і часу.  Яна знайшла сябе ў Доме рамёстваў, бо менавіта тут змагла па-сапраўднаму рэалізаваць свой талент.
Наталля Аляксандраўна Сцержанкова – пераможца конкурсаў і выстаў абласнога ўзроўню, яе работы неаднойчы адзначаліся на “Славянскім базары” ў Віцебску. Кожны дзень  рукі майстра робяць сапраўдны цуд: звычайная салома ператвараецца ў прыгожыя лялькі, пано, павукоў, капелюшы, абярэгі, розныя сувеніры.
Менавіта творчасць дапамагае Наталлі раскрыць душу, “выліць” свае пачуцці, паглядзець на свет другімі вачыма і быць шчаслівай.
Не дарэмна таленавітаму майстру па саломапляценні была прысвечана творчая сустрэча “Зіхаціць золатам саломка”, якую падрыхтавалі і правялі кіраўнік народнай літаратурна-музычнай гасцёўні Л. М. Грыгор’ева і работнікі аддзялення абслугоўвання і інфармацыі раённай бібліятэкі. Наталля Сцержанкова за-служыла такую ўвагу сваёй творчасцю і працавітасцю.
Першыя крокі майстра пачыналіся з аплікацый, якія вучылася рабіць на гуртку. Потым, калі прыйшла працаваць у Дом рамёстваў, з’ез-дзіла на курсы, якія ладзіліся пры Віцебскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці. Астатняе – усё сама, дзякуючы працавітасці, напорыстасці, уседлівасці. Чытала, вывучала, спрабавала, пераймала вопыт, фантазіравала. Робіць усё гэта і зараз.
“Для мяне цікавыя як спіральнае і карункавае пляценне, так і іх спалучэнні, – кажа Наталля . –  Салому для работ нарыхтоўваю разам з калегамі. Люблю удзельнічаць у конкурсах, сёлета ў каторы раз збіраюся на “Славянскі базар” –  менавіта там у лепшых майстроў Беларусі і іншых краін бяру ідэі для сваіх работ. А яшчэ мне часам сняцца ідэі. Прыходзячы раніцай на работу, абавязкова ператвараю гэту ідэю ў саламяныя вырабы”. Прычым, спачатку робіць гэта сама, а потым вучыць дзяцей і дарослых, якія наведваюць яе гурток у Доме рамёстваў.
На творчай сустрэчы пра Н. А. Сцержанкову гаварылі шмат цёплых слоў яе калегі, сябры, сваякі, знаёмыя. Усе жадалі новых работ і ўражанняў, творчага ўзлёту і перамог. Начальнік ад-дзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі В. Г. Навіцкая адзначыла, што Наталля Сцержанкова – сапраўдны творца, малайчына, што яе работамі захапляюцца ў Расіі, Польшчы і іншых краінах. Акрамя саломапляцення, Наталля  добра вышывае, вяжа кручком і спіцамі, шые – гэтаму калісьці навучыла бабуля. У Наталлі Сцержанковай усё арыгінальна і прадумана – ад саламяных работ і да касцюма, які пашыла сама і прыйшла ў ім на творчую сустрэчу.
Напрыканцы мерапрыемства майстар Дома рамёстваў дала ўсім прысутным майстар-клас па саломапляценні. За некалькі хвілін саломка ператварылася ў арыгінальныя кветкі, птушак, абярэгі, якія дарылі радасць і прыгажосць. І многім з тых, хто прысутнічаў на творчай сустрэчы, захацелася прыйсці ў Дом рамёстваў, запісацца на гурток, каб далучыцца да чароўнага свету творчасці, самім вырабляць сувеніры з саломкі. Такія, як у Наталлі Сцержанковай.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №51 ад 05.07.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *