14 человек из трудового отряда райкома БРСМ работают в Шумилинском лесхозе

Молодёжь Экономика

На праполцы ялінак і з рыдлёўкай у руках

Загартаваць сілу волі, навучыцца быць цярплівым, адчуць падтрымку сяброўскага пляча і, нарэшце, накачаць мускулы можна падлеткам падчас работы ў Шумілінскім лясгасе, упэўнены галоўны ляснічы Дзмітрый Падляшчук.

Вось ужо трэці тыдзень у лясгасе працуе студэнцкі працоўны атрад райкама БРСМ, які налічвае 14 чалавек, і пяць падлеткаў па грамадзянска-прававым дагаворы. Гэта вучні розных навучальных устаноў: СШ № 1, раённай гімназіі, некаторых ліцэяў і каледжаў г. Віцебска.
Дзяўчаты разам з лесаводам Нінай Нікіфаравай працуюць у цяпліцах, дзе займаюцца праполкай і чаранкаваннем. Хлопцы працуюць у дэндрапарку: капаюць канаўкі для адводу вады, перакопваюць каляствольныя кругі ля дрэў. Работы ўволю, калі ўлічыць, што ў парку каля трох тысяч дрэў. На мінулым тыдні, калі мы пабывалі ў лясгасе, хлопцы на насілках разносілі шчэбень – рабілі дарожкі да цяпліц.
“Плануем у дэндрапарку зрабіць зону адпачынку, – расказаў Д. Л. Падляшчук. – Тут будуць дарожкі, альпійская горка, лавачкі, установім малыя архітэктурныя формы. Думаю, да канца ліпеня падлеткам будзе работы ўволю. Увогуле іхняй работай мы задаволены, дзеці падабраліся працавітыя”.
Пра работу ў лясгасе расказваюць самі падлеткі:
Віталь Каўшоў (раённая гімназія): “Летась працаваў у лясгасе, мне спадабалася. Вось прыйшоў і сёлета. Работа адрозніваецца тым, што ў мінулым годзе працавалі ў пітомніку, а сёлета ў дэндрапарку і ля цяпліц”.
Дар’я  Янушэўская  (Віцебскае кадэцкае вучылішча): “На рабоце ў лясгасе ўпершыню. Займацца праполкай для мяне не ў навінку, бо жывём ва ўласным доме і маем агарод”.
Вадзім Лось (СШ №1): “Толькі першыя дні было цяжкавата. А цяпер мы ўсе ўцягнуліся. Хаджу на работу з задавальненнем. Тут пазнаёміўся з добрымі хлопцамі, набыў сабе новых сяброў”.
Вольга Мікалаенка (Віцебскі прафесійна-тэхнічны каледж): “Я будучы візажыст-цырульнік, а летам вось вырашыла падзарабіць – грошы для студэнта лішнімі не будуць. Вучуся даглядаць у парніках саджанцы лясных культур. Хто ведае, можа  і такі вопыт спатрэбіцца ў далейшым жыцці”.
Марыя Шпулёва (СШ №1): “Перад паступленнем у каледж вырашыла пайсці папрацаваць. Колькі зараблю грошай, яшчэ дакладна не ведаю, але ўжо маю планы на пакупкі”.
Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №51 ад 05.07.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *