Здарэнні. Крымінал
Пра здарэнні ў раёне расказаў першы намеснік начальніка РАУС Ігар Шаціла.
Абавязаная
Жыхарка райцэнтра была абавязана выплачваць грошы на ўтрыманне дзвюх непаўналетніх дачок, якія знаходзяцца ў інтэрнатах на поўным дзяржаўным забеспячэнні. Каб плаціць, трэба працаваць. Але ад работы жанчына ўхілялася, не хадзіла на яе без уважлівых прычын. А даўгі ў гэты час раслі. Узбуджана крымінальная справа. Жанчыне пагражаюць грамадскія або папраўчыя работы, або арышт, або абмежаванне волі да трох гадоў, або пазбаўленне волі да аднаго года.
Тачка
У раённы аддзел унутраных спраў звярнуўся віцяблянін, які паведаміў, што ягоны дачны дом у Тропіне абрабавалі. Злодзеі праніклі ў хату праз незашклёнае акно, якое было забіта бляшанкай. З пакоя зніклі бітон і тачка. Узбуджана крымінальная справа. Злодзеям, якія вышукваюцца, пагражаюць папраўчыя работы да двух гадоў або абмежаванне волі да пяці гадоў, або пазбаўленне волі ад двух да пяці гадоў.
Гараж
Пацярпеў жыхар Обалі – у ягоным гаражы пабывалі злодзеі. Ліхадзеі спачатку прабраліся на паддашак, потым праламалі столь, трапілі ўнутр і адчынілі ўваходныя дзверы. Праз іх і выносілі чужое дабро: 220 літраў дызельнага паліва, некалькі ўпаковак электродаў, аўтамабільны кампрэсар, набор ключоў. Урон, нанесены гаспадару, складае 523 рублі. Злодзеі вышукваюцца.
Са зводак ДАІ
У Непаротах
Ноччу ў Непаротах адбылося ДТЗ: неўстаноўлены вадзіцель, які на легкавым аўтамабілі ехаў у бок Шуміліна, не размінуўся з аўтамабілем “Опель”, што стаяў на абочыне дарогі. Пасля здарэння вадзіцель пакінуў месца ДТЗ і уцёк. А “Опелю” патрабуецца сур’ёзны рамонт. Супрацоўнікі РАУС просяць адгукнуцца сведкаў аварыі і патэлефанаваць у міліцыю (тэл. 4-18-50 або 102).
На мапедзе
У летні перыяд супрацоўнікі ДАІ вядуць адпрацоўку сельсаветаў на прадмет захавання правілаў дарожнага руху вадзіцелямі двухколавых транспартных сродкаў. У ходзе апошняга рэйду быў затрыманы жыхар Крывога Сяла, які ехаў на мапедзе ў стане алкагольнага ап’янення і без правоў кіравання. За гэта пагражае штраф ад 50 да 100 базавых велічынь і пазбаўленне вадзіцельскіх правоў на тры гады.
Са Следчага камітэта
Крадзеж
У мінулы чацвер у праваахоўныя органы звярнуўся жыхар Кардона, у якога з гаспадарчых пабудоў укралі тры бензапілы, два акумулятары і два колы. Як паведаміў намеснік начальніка раённага аддзела Следчага камітэта Вадзім Сапега, узбуджана крымінальная справа, злачынца вышукваецца.
Сухоты
20 чэрвеня памёр 53-гадовы жыхар Шуміліна. У ходзе судова-медыцынскай экспертызы ўстаноўлена, што прычына смерці – сухоты (па-руску –туберкулёз). Па дадзенаму факту праводзіцца праверка. Па выніках праверкі будзе накіраваны інфармацыйны ліст аб прафілактычнай рабоце сярод хворых на сухоты.
Падрыхтавалі Ларыса ЗАЙЦАВА, Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №49 ад 27.06.2017 г.