24-25 июня в г.п. Оболь – праздник «Обольское болото – жемчужина Поозерья». Владимир Ивановский: Воспоминания о будущем Обольского болота

Актуалии Экология

Озеро Маринец

Успаміны пра будучае
Чалавек з усіх жывых істот надзелены здольнасцю марыць і прадбачыць. Паспрабуем і мы прадказаць будучае Обальскага балота — жамчужыны Беларускага Паазер’я. Давайце, правядзём шэраг экскурсій па Обальскаму балоту гадоў праз пяць-сем.
Верхавое балота “Обаль-2” у сілу свайго натуральнагістарычнага развіцця аказалася двума ланцугамі лясных астравоў, падзеленым на тры часткі. Да першай часткі — паўднёвай — мы выходзім пешшу з Обалі ці пад’язджаем па трасе Віцебск-Полацк прама да пачатку экалагічнай сцежкі №1. Ідзём па расчышчанай ад завалаў сцежцы, перасякаем ручай і канавы па ўладкаваных драўляных мастках. Даходзім да верхавога (мохавага) балота і рухаемся па багульнікавым сасняку ўглыб балота. Чым далей, тым сосны становяцца ніжэй і радзей. Пад нагамі (дакладней пад насцілам з двух дошак-аполкаў) ужо хлюпае вада. Такімі насціламі абсталяваны ўсе экалагічныя сцежкі на Обальскім балоце, што дазваляе падарожнічаць і юным, і пажылым аматарам прыроды. Сцежка выводзіць нас да абсалютна адкрытага біятопу, мы адчуваем, што расліннае покрыва пад нагамі зыбаецца — гэта былое возера, якое цалкам пахавана пад сплавіной. Тут уладарства двух відаў кулікоў, занесеных у Чырвоную кнігу Беларусі. Тут пасялілася калонія вялікіх вераценнікаў і гняздуецца некалькі пар самых буйных кулікоў — краншнэпаў (кулонаў).
Мы прыпыняемся, каб палюбавацца гэтым буяннем жыцця. Вераценнікі, як па заказу, носяцца ў паветры, напаўняючы наваколле сваімі пранізлівымі “верацень-верацень-верацень”. Павольна пралятаюць салідныя краншнэпы, уплятаючы ў рознамоўны птушыны хор і свае ні на што не падобныя трэлі.
На гвалт кулікоў з бліжэйшага балотнага гаёчка, дзе яны і гняздуюцца, прылятае мініяцюрны сокал-дзербнік — сімвал Обальскага балота. Трывожнымі “кі-кі-кі” ён уносіць сваю лепту ў абарону гэтага ўнікальнага кулічынага эльдарада.

Озёрный комплекс среди болот

А мы ўступаем у градова-мачажынны комплекс верхавога балота. Дарэчы, юныя батанікі на шляху да кулікоў ўбачылі нямала рэдкіх раслін: тры віды драпежнага плывунца, тры віды архідэй (любку двухлісцевую, плямісты і мяса-чырвоны пальчатакарэннікі), чырвонакніжную вярбу чарнічную.
Хвілін праз 25 мы дападаем да вострава Длінненькага, на краю якога пабудавана аглядавая вышка. Узнімаемся на вышку — і дух захоплівае ад панарамы зялёнага абсягу з блакітнымі вачыма-азёрамі. У паветры шум і гам ад узнятых шызых чаек (тут размешчана адна з іх калоній) — мяжу калоніі парушыў палюючы самец лугавога луня. Нарэшце лунь быў выгнаны, чайкі супакоіліся і селі на гнёзды, а мы прыступаем да падліку гнёздаў і фатаграфавання. Лічыць гнёзды чаек з вышкі лёгка — яны выразна выдзяляюцца сваім шыза-белым апярэннем на фоне зялёных купак, на якіх пабудаваны гнёзды. На моцна абводненых мачажынах бачныя вывадкі крыжанак і чыркоў-світункоў, якія тут жывуць пад абаронай чаек.
Стомленыя, але перапоўненыя эмоцыямі і ўражаннямі, мы вяртаемся да зыходнай кропкі нашага падарожжа, на шляху наведаўшы гнёзды драпежнага канюка.

Уладзімір Іваноўскі.Майстар-клас па вырабу птушыных гнёздаў. Свята Обальскага балота, 2010 г.

На наступны дзень у нас экскурсія ў сярэднюю частку Обальскага балота, у найпрыгажэйшы градава-азёрны комплекс расліннасці. Стартуем ад хутара Вішня (гэта ўсё, што засталося ад былой вёскі Гарэлікі) і па сцежцы “ў дзве дошкі” рухаемся на захад у бок возера Марынец, вядомага сярод рыбакоў сваімі смачнымі буйнымі акунямі. Але нас цікавіць не рыба, а ўнікальная калонія шызай чайкі, частка гнёздаў якой пабудавана на соснах. На дрэвы чайкі пасяліліся не ад добрага жыцця, іх туды “загналі” янотападобныя сабакі, норы якіх размешчаны непадалёк на лясным востраве сярод балота. Янотападобныя сабакі пастаянна бурылі гнёзды чаек, з’ядалі іх яйкі і птушанят, што і прымусіла наземнагняздуючых птушак стаць “дрэвалазамі” і навучыцца будаваць свае гнёзды на макушках балотных сосен. Чайкі сталі гняздзіцца нават у вёдрах, якія мы развешвалі для сокала-дзербніка.
На лясным востраве ля возера Марынец мы ўзнімаемся яшчэ на адну аглядавую вышку. З вышыні адкрываецца проста фантастычны від на градава-азёрны комплекс: сотні невялікіх азяркоў, размешчаных адзін ля аднаго — нібы нейкі чараўнік шчодрай рукой кінуў жменьку цёмна-блакітных ізумрудаў на мохавы дыван балота. Мы не можам налюбавацца гэтай цудоўнай раскошай, потым спускаемся з вышкі і ідзём “зямным” шляхам ад азярца да азярца ў бок возера Расалай.
На азярках уладараць качкі гогаля і куліка вялікага ўліта, занесенага ў Чырвоную кнігу. Колькасць гогаля на Обальскім балоце рэзка ўзрасла пасля таго, як школьнікі зрабілі і павесілі ў сасоннічках амаль ля кожнага азярца дуплянкі для яго. На сплавінах каля азёркаў шукаюць чым пажывіцца крыклівыя вялікія ўліты, якія пастаянна ахоўваюць сваё патомства, якое яшчэ не лятае. Каля аднаго з азяркоў мы сустракаем зараснікі марошкі — расліннага сімвала Обальскага балота. Непадалёк ад сцяжынкі на сухой сасне трывожна чэкае шэры саракапут, які ў Беларускім Паазер’і гняздуецца выключна на мохавых балотах.
Нарэшце мы прыходзім да возера Расалай, любуемся зараснікамі белага і жоўтага гарлачыка. Потым бяром курс на паўночны ўсход. Нечакана мохавае балота заканчваецца, і мы аказваемся ля невялікага абсталяванага пляжу. Стому як рукой зняло, усе скідваюць адзенне і аддаюцца пяшчотна-прахалодным водам возера…
А вечарам у палатачным лагеры ля кастра толькі і размовы пра ўбачаныя дзівосы, пра мары і будучыя маршруты. Бо нам яшчэ хочацца наведаць і паўночную частку Обальскага балота, з трэцяй аглядавай вышкі паназіраць за гняздом скапы-рыбалова, пачуць і ўбачыць цецеруковы ток, паназіраць за велічным палётам караля птушак Беларусі арла-беркута і многае-многае іншае…
Лагер паступова заціхае, стома бярэ сваё. На небе запальваюцца зоркі, дагарае касцёр. А падарожнікі ўжо бачаць дзіўныя маляўнічыя сны пра балота, пра прыгажосць роднай зямлі. Пра тое, як неабходна захаваць для патомкаў некранутую прыроду Беларускага Паазер’я.
Уладзімір Іваноўскі, арнітолаг, кандыдат біялагічных навук.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *