У пачатку чэрвеня дзяржінспектары Гарадоцкай міжраённай інспекцыі па ахове жывёльнага і расліннага свету затрымалі рыбака, які лавіў рыбу на возеры Мошна ля вёскі Прыазёрная. Трыма сеткамі даўжынёй 130 метраў парушальнік вылавіў 50 асобін залатога карася і яшчэ 8 асобін іншых відаў рыбы.
І што тут такога? – спытае недасведчаны аматар лоўлі рыбы. “А ўся справа ў тым, што да 8 чэрвеня ўключна згодна з заканадаўствам дзейнічала нераставая забарона, – адзначыў начальнік Гарадоцкай міжраённай інспекцыі Васіль Новікаў. – Адпаведна, за незаконна вылаўленую рыбу браканьерам “свяцілі” трайныя таксы. Вось і гэтаму мужчыне рыбалка абышлася ў кругленькую суму – амаль у 22 тысячы рублёў”.
Нагадаем, што залаты карась лічыцца абарыгенным відам і ў адрозненне ад срэбранага (завезенага) ацэньваецца надзвычай высока, у перыяд нерасту – па 414 рублёў за кожную рыбіну.
Акрамя ўсяго, зараз вырашаецца пытанне аб узбуджэнні крымінальнай справы, бо па законе, калі агульная сума ўрону складае 100 і больш базавых велічынь, прадугледжана крымінальная адказнасць па арт. 281 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
Надрукавана ў №45 ад 13.06.2017 г.