Клопаты сельскага дэпутата

Людзі і лёсы Общество Сельское хозяйство

Клопаты сельскага дэпутата
Алену Мікалаеўну Жукаву ў а.-г. Крывое Сяло і блізляжачых вёсках ведаюць усе. Чулая, спагадлівая, але разам з тым прынцыповая і патрабавальная. Гэтыя і іншыя рысы мясцовай настаўніцы (Алена Мікалаеўна працуе ў Навікоўскай школе) даспадобы вяскоўцам. Не дарэмна тры гады таму яе выбралі дэпутатам Каўлякоўскага сельскага Савета дэпутатаў.  Мясцовыя людзі давяраюць Алене Мікалаеўне, і яна гэты давер стараецца апраўдаць.
На выбарчым участку А. М. Жукавай налічваецца з паўсотні чалавек. У аграгарадку Крывое Сяло шмат дбайных  і руплівых гаспадароў, ёсць і тыя, якія знаходзяцца на прафілактычным уліку. Па роду сваёй дзейнасці  Алена Мікалаеўна (ў школе выконвае абавязкі сацыяльнага педагога) асаблівую ўвагу ўдзяляе сем’ям, якія выхоўваюць непаўналетніх дзяцей. Дапамагае вырашаць пытанні наконт рэгістрацыі па месцы пражывання, рэгулярнай аплаты за камунальныя паслугі, аплаты за электраэнергію. Як настаўніца, дэпутат і нераўнадушны чалавек заўсёды шчыра радуецца, калі ў сем’ях назіраюцца зрухі да лепшага, калі няма пытанняў па супрацьпажарнай бяспецы, калі паміж бацькамі лад і спакой.
А. М. Жукава з’яўляецца дэпутатам і ў Каўляках. Праўда, у гэтай маленькай вёсцы жыве ўсяго адзін ветэран працы, але і пра яго патрэбы і клопаты мясцовы дэпутат у курсе. Увогуле ў выбарчай акрузе А. М. Жукавай нямала пенсіянераў. Яны часта звяртаюцца да дэпутата па самых розных пытаннях: камусьці трэба прывезці дровы ці спілаваць старое дрэва, у іншых не працуе вулічнае асвятленне ці здарыўся парыў вода-правода. Гэтыя і іншыя праблемы Алена Мікалаеўна даводзіць адпаведным службам, мясцоваму сельвыканкаму. І ў большасці выпадкаў пытанні вырашаюцца станоўча.
“Алена Мікалаеўна Жукава – чалавек актыўнай жыццёвай пазіцыі, яна наш надзейны памочнік і дарадца, мы ганарымся такім дэпутатам, які на сесіях ўносіць канкрэтныя дзелавыя прапановы, душой хварэе за вяскоўца, умее згуртаваць лю-дзей, – расказала старшыня Каўлякоўскага сельвыканкама Т. А. Дзятлава. – Асабістым прыкладам жанчына натхняе землякоў: на яе падворку ідэальны парадак, займаецца асабістай падсобнай гаспадаркай – трымае карову, тры казы, свіней і гусей”.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў № 43 ад 06.06.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *