Пра мапед, які не кралі

Закон

Пра мапед, які не кралі
“Ад пакарання не схаваешся, – упэўнена сцвярджае старшы следчы раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь Ірына Шэнцава. – Ды і следства рознымі выдуманымі гісторыямі не падманеш. Да таго гэтыя гісторыі стануць падставай для ўзбуджэння крымінальнай справы за лжывую заяву”.
Майскі вечар.  Чатыры хлопцы – навучэнцы розных навучальных устаноў Віцебска –  вырашылі правесці разам.  Усё было б добра, калі б адзін з іх не ўспомніў, што ёсць мапед. Як жа не пакатацца на ім па начным Шуміліне?!  І не бяда,  што вадзіцельскія правы  толькі ў гаспадара. Роў матора, начныя гонкі, адрэналін… Зразумела, што гэта прыцягнула ўвагу супрацоўнікаў ДАІ. Але кіроўца мапеда  ў дзве гадзіны ночы ўстроіў ралі: супрацоўнікі ДАІ не змаглі  яго спыніць.
Інцыдэнт з супрацоўнікамі ДАІ ўсур’ёз напалохаў хлопцаў. Выйсце са становішча прыдумалі хутка:  маўляў, трэба заявіць у міліцыю, што мапед скралі. У восем гадзін раніцы гаспадар тэхнікі напісаў заяву аб крадзяжы мапеда.
Як расказвае Ірына Шэнцава, пасля першай размовы з “пацярпелым” стала зразумела, што хлопец многае не расказвае, нешта ўтойвае. Таксама шмат пытанняў у следчых узнікла і па месцы “крадзяжу” мапеда. Усё тайнае заўсёды становіцца яўным. Так і ў нашым выпадку.  Крок за крокам і так званы пацярпелы становіцца падазраваемым у падачы  заведама лжывай інфармацыі. Высветлілася, што ніякага крадзяжу не было, а ўся гісторыя прыдумана для таго, каб  скрыць начныя падзеі.
“Можна сказаць, што хлопец сваёй ілжывай заявай вельмі папсаваў сабе біяграфію, – падсумоўвае Ірына Шэнцава. – Цяпер яму пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі за прадстаўленне заведама лжывай інфармацыі. І ад адміністрацыйнай адказнасці хлопцаў ніхто не вызваліў: на начнога гоншчыка складзена 7 адміністрацыйных пратаколаў, якія перададзены па месцы жыхарства. А гаспадар мапеда за перадачу кіравання асобе без вадзі-цельскіх правоў аштрафаваны на 7 базавых велічынь”.
Алесь САКАЛОЎ.
Надрукавана ў № 43 ад 06.06.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *