Михаила Павловича Ершова поздравили с 85-летием

Актуалии Людзі і лёсы Общество

Калі сэрца ад холаду стыла…
“Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, наша сям’я жыла ў вёсцы Альгова, што на Віцебшчыне, – расказвае Міхаіл Паўлавіч Яршоў, жыхар райцэнтра. – У канцы 43-га старэйшую сястру забралі ў Германію, а праз некалькі тыдняў туды вывезлі ўсю нашу сям’ю.

Мама з татам, я і мой брат  апынуліся ў горадзе Гановеры. Мне тады было дванаццаць гадоў. Нас разам з іншымі беларусамі пасялілі ў бараку – гэта быў працоўны лагер. Спалі на драўляных нарах. Начамі немагчыма было сагрэцца. Калі ўспамінаю – сэрца стыне ад холаду. Многія хварэлі на прастуду, на тыф. Падчапіў гэту хваробу і я, але выкарабкаўся, відаць, малады арганізм быў моцным.
Дарослыя кожны дзень працавалі на земляных работах: уручную выраўноўвалі агароды, насілі цэглу, шчэбень і іншыя будаўнічыя матэрыялы. Нас, дзяцей, таксама прымушалі працаваць: кожны дзень мы прыбіралі вуліцы горада.  Самае жахлівае, што запомнілася з таго часу, з палону ў Германіі, дзе адбыў паўтара года, – гэта голад. Есці хацелася заўсёды. Кармілі нас варанай бручкай ці баландой з капуснымі лістамі. Елі траву, за радасць было шчаўе”.
У 1945 годзе вязняў вызвалілі. Сям’я Яршовых вярнулася на Віцебшчыну. Міхаіл паступіў у Гарадоцкі тэхнікум, дзе вывучыўся на механіка. Некаторы час працаваў у Ульскім МТС, а потым з сям’ёй пераехаў у Шуміліна, уладкаваўся у сельгасхімію, дзе рупіўся больш за сорак гадоў начальнікам мехатрада.
“У 70-ыя гады ў мехатрадзе было сем брыгад, – кажа ветэран працы. – Мы працавалі па ўсім раёне: рабілі хімпраполку, вывозілі арганіку на палеткі, высякалі кустоўе, вялі вапнаванне. Работы было ўволю. І сёння кіраўніцтва і прафсаюзная арганізацыя райаграсэрвісу не забываюць пра мяне: віншуюць са святамі. А памяць і ўвага – гэта заўсёды прыемна”.
А як жа не памятаць – на такіх рупліўцах трымалася прадпрыемства. У 1976 годзе Міхаіла Яршова за добрую работу  ўзнагародзілі паездкай на Выставу дасягненняў народнай гаспадаркі ў Маскву, дзе ўручылі бронзавы медаль за поспехі ў развіцці народнай гаспадаркі. Пазней узнагародзілі медалём “Ветэран працы”.
Нядаўна М. П. Яршоў адзначыў 85 год з дня нараджэння. З цёплымі словамі, кветкамі і сувенірам павіншаваць ветэрана працы з шаноўным юбілеем прыйшлі старшыня раённай грамадскай арганізацыі малалетніх вязняў Аляксандра Пальвінская (на здымку) і старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Кацярына Палоўнікава.
У свае гады Міхаіл Паўлавіч застаецца аптымістам, любіць пажартаваць, расказаць пра сваіх трох дачок, унукаў і праўнукаў. На думку ветэрана, зараз жыццё добрае, толькі трэба не ленавацца, а працаваць – тады і дабрабыт будзе.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў № 42 ад 02.06.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *