Нядаўна прайшоў традыцыйны раённы агляд-конкурс “Тэатральная вясна-2017”, у якім паўдзельнічалі дарослыя і дзіцячыя тэатральныя калектывы.
Сярод дзіцячых тэатральных калектываў і тэатраў-мініяцюр лепшымі журы прызнала калектывы Шумілінскага раённага цэнтра культуры – тэатральную студыю (кіраўнік Вераніка Саладухіна) і тэатральны калектыў новага жанру “Новы погляд” (кіраўнік Хрысціна Бурлакова) – за сумесную работу – спектакль па п’есе А. Жанайдарава “Душа падушкі”.
Дарослы тэатральны калектыў Обальскага ГДК паставіў спектакль па п’есе вядомага беларускага драматурга Васіля Ткачова “Слуп”. Кіраўнік спектакля Дзяніс Агафонаў, рэжысёр – Таццяна Партная.
Артысты доўга рыхтаваліся да паказу, рэпеціравалі, ужываліся ў ролі сваіх герояў і ў выніку прэзентавалі журы 40 хвілін выдатнага тэатральнага дзейства на роднай мове. Рэжысёр ставіў перад сабой задачу паказаць няпростае жыццё людзей сталага веку ў аддаленых вёсках, прымусіць задумацца над праблемамі адзіноты, п’янства, месца чалавека ў свеце.
Ролю Сцяпана пранікнёна сыграў Дзяніс Агафонаў, яго маналогі былі настолькі пераканаўчымі, што глядач верыў артысту, смяяўся і плакаў разам з ім. Алена Кудлаева і Таццяна Партная, якія яскрава сыгралі вясковых сябровак, з клопатам і пяшчотай апякалі галоўнага героя. Слуп з назвай вёскі быў прадстаўлены рэжысёрам як адушаўлёны прадмет, і гэта дапамагло гледачу яшчэ больш зразумець адзіноту чалавека ў гэтым свеце. Ля слупа адна за другой змяняліся сцэны, а ў фінале ля яго памірае галоўны герой…
Спектакль будзе цікавы шырокаму колу гледачоў, а журы прысудзіла яму I месца.
Наогул, сёлетняя Тэатральная вясна выдалася асабліва яркай, усе тэатральныя калектывы праявіліся цікава і плённа і заслужылі высокую ацэнку журы. Гэта дзіцячыя тэатральныя калектывы Ляжнёўскага клуба (спектакль па п’есе А. Махнача “Выратаваны”), Лаўжанскага ЦКіВЧ (спектакль “Сімпатычная клятва”), Лескавіцкага СК (спектакль па казцы “Зайкава хатка”), Мішкавіцкага СК (спектакль па казцы “Новы калабок”), Амбросавіцкага СДК (“Новыя прыгоды каваля Вакулы”) і іншыя.
Ірына БОНДАРАВА, загадчык аддзела арганізацыйна-метадычнай работы.
Надрукавана ў №40 ад 26.05.2017 г.