“Медсястра – гэта цёця з уколам”
Конкурс прафесійнага майстэрства – па-першае, гэта весела і цікава, а па-другое, дазваляе новым эмоцыям і ўражанням расквеціць прывычныя будні работніка, што заўжды вымушае па-новаму паглядзець на штодзённую работу, выклікае жаданне ўдасканалення і росту ў прафесіі.
12 мая конкурсам прафесійнага майстэрства на лепшую медсястру адзначылі Міжнародны дзень медыцынскай сястры ў райбальніцы. Сямёра маладых і вопытных медыцынскіх сясцёр з розных устаноў аховы здароўя раёна не пабаяліся ўступіць у барацьбу за званне самай лепшай. Конкурс прайшоў пры падтрымцы пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі.
Тое, што менавіта сярэдні медыцынскі персанал уяўляе сабой абсалютную большасць медыцынскіх работнікаў раёна – 206 чалавек, адзначыў, выступаючы на адкрыцці конкурсу, старшыня журы галоўны ўрач ЦРБ Канстанцін Баканаў. Ён пажадаў канкурсанткам і ўсім медсёстрам быць сапраўднымі прафесіяналамі, добрымі памочнікамі ўрачам.
Праявіцца творча і прафесіянальна, ставіць кропельніцы і спяваць, аказваць першую медыцынскую дапамогу і танцаваць, расказваць пра сябе і дэманстраваць медыцынскія веды і ўменні перад поўнай актавай залай прышлося ў гэты дзень медыцынскім сёстрам. На працягу некалькіх гадзін канкурсанткі не пакідалі сцэну. Але ж журы было строгім і патрабавальным. І гэта не дзіва: па выніках конкурсу некаторыя медсёстры павысілі сваю кваліфікацыйную катэгорыю.
Па выніках усіх этапаў першае месца заняла медсястра рэанімацыйнага аддзялення Вераніка Дашкевіч, другое месца паміж сабой падзялілі старшая медсястра дзіцячага аддзялення бальніцы Алена Казлоўская і медсястра псіхіятрычнага кабінета паліклінікі Вераніка Іванова, трэцяе месца заваявала медсястра тэрапеўтычнага аддзялення Кацярына Віславухава.
“Медсястра – гэта цёця з уколам”, – так бачаць прадстаўнікоў гэтай прафесіі дзеткі дзіцячага аддзялення бальніцы. Так і ёсць, галоўнае – каб уколы гэтыя не былі балючымі.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №38 ад 19.05.2017 г.