Акцябраты з Башнёў напісалі пасланне ў будучае
19 мая 2017 года спаўняецца 95 год піянерскаму руху. Гэтая падзея значная не толькі для піянераў і акцябрат, але і для многіх пакаленняў дарослых.
Акцябраты Башнёўскай школы, напрыклад, калі даведаліся пра рэспубліканскую інтэлектуальна-творчую гульню “Пароль – “Акцябронак: ёсць кантакт!”, якая была аб’яўлена ў верасні 2016 года, рашуча ўзяліся за справу. Гульня вялася па сямі маршрутах. Адпраўляючыся па чарговым маршруце, акцябраты выступалі ў ролі шукальнікаў і фантазёраў, творцаў і вынаходнікаў, а галоўнае – захавальнікаў слаўных традыцый!
Згодна з сёмым, апошнім, маршрутам гульні, у рабят з’явілася выдатная магчымасць напісаць пісьмо акцябратам будучага, зрабіць капсулу часу і закласці ў знакавым месцы.
Закладка капсулы адбылася 9 мая ў Дзень Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Адрасавалі адкрыць пасланне ў будучае праз 25 год – у дзень 50-годдзя Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі.
Ганна МАСЮКОВА, член рэдкалегіі піянерскай дружыны імя Героя Савецкага Саюза Юрыя Гагарына Башнёўскай СШ.
На здымку: Піянеры Башнеўскай СШ разам з дырэктарам школы Васілём Зяньковым закладваюць у капсулу пасланне ў будучае.
Надрукавана ў №38 ад 19.05.2017 г.
Сям’я, спорт, здароўе
“Тата, маці, я – спартыўная сям’я” – пад такой назвай у мінулую суботу прайшло спартыўнае свята ў Мішневіцкай сярэдняй школе, якое было прысвечана Дню сям’і.
Мерапрыемства распачала спартландыя, у якой прымалі ўдзел дзеці і іх бацькі. Свята дапоўнілі песні, вершы, інсцэніроўкі ў выкананні дзяцей.
За званне самай спартыўнай сям’і змагалася пяць каманд, дзе капітанамі былі, канешне ж, дзеці. Кожны член каманды імкнуўся прынесці як мага больш ачкоў у сваю скарбонку. У кагосьці гэта атрымлівалася лепш, у кагосьці не вельмі, але ў цэлым усе сем’і стараліся і выглядалі годна. Па выніках усіх конкурсаў перамогу атрымала сям’я Арцёменкаў, другое месца падзялілі сем’і Івановых і Конышавых, трэцяе заняла каманда Сталяровых. Усе ўдзельнікі свята атрымалі прызы.
Мерапрыемства даказала, што быць спартыўным, здаровым і актыўным модна ва ўсе часы. А мець шчаслівую, здаровую і дружную сям’ю – мара кожнага чалавека, якую лёгка ажыццявіць, калі вельмі захацець!
Юлія ЗУБАРАВА, педагог-арганізатар Мішневіцкай СШ.
Надрукавана ў №38 ад 19.05.2017 г.
Пакуль мы памятаем
“Памяць – пераадоленне часу, пераадоленне смерці…”, – пісаў Д. С. Ліхачоў у сваіх “Лістах пра добрае і цудоўнае”. Жыццё бяжыць з няўмольнай хуткасцю, захопліваючы ў сваё цячэнне ўсіх жывых. У кожнага ёсць свае штодзённыя перажыванні і клопаты, свае радасці і гора. Але як важна зрэдку спыніцца і падумаць пра галоўнае. Падумаць пра тое, што ты сабой уяўляеш, ці туды ты ідзеш і, галоўнае, дзеля чаго ты жывеш.
Вялікая Айчынная вайна ўвайшла ў кожны дом, і калі не забрала кагосьці з сабой, то нязменна пакінула свой след. На жаль, усе мае прадзядулі ўжо пайшлі з жыцця. Успаміны маіх родных – гэта ўсё, што засталося мне ад іх. Так я магу хоць нешта даведацца пра іх жыццё, неяк з імі пазнаёміцца. Я вельмі ўдзячная сваёй сям’і за памяць: гэта адзінае, што мы можам зрабіць для тых, хто памёр.
Менавіта для таго, каб яшчэ раз узгадаць падзеі Вялікай Айчыннай, у Обальскай СШ 6 мая адбыўся велапрабег, прысвечаны Дню Перамогі. Важна адзначыць, што прабег – гэта штогадовае мерапрыемства ў нашай школе, сёлета ў ім удзельнічала 40 чалавек, вучні і педагогі.
Мы ехалі ад школы да магілы невядомага салдата ў Плігаўках. Гэта невялікі помнік, абнесены жалезнай агароджай. Я стаяла над магілай воіна. Як шмат пытанняў можна было б яму задаць: хто ты, як трапіў сюды, дзе твае родныя?.. Шкада, што адказы атрымаць ніколі не ўдасца. Але мы можам сказаць словы ўдзячнасці, пакласці на магілу кветкі і схіліць галовы ў хвіліне маўчання.
Па дарозе дадому я думала пра тое, што мы часта баімся несці адказнасць за свае словы і ўчынкі. Мы думаем, што нічога страшнага не здарыцца, калі мы не сходзім на мітынг у Дзень Перамогі. Але ўсё ж гэта трэба рабіць… Нават не дзеля сябе самога, а дзеля іх. Дзеля тых, хто, не шкадуючы сябе, правёў вайну ў акопах, у лагерах, дзеля тых, чые блізкія загінулі. Мы павінны зрабіць усё для таго, каб удзельнікі вайны былі не проста незнаёмымі мужчынамі і жанчынамі на пажаўцелых фотаздымках, а былі нечым большым. Яны жывыя, пакуль мы іх памятаем…
Надзея КАМОВІЧ, вучаніца 11 класа Обальскай СШ.
Надрукавана ў №38 ад 19.05.2017 г.