Сон з сорак першага года

Людзі і лёсы

Сон з сорак першага года

Хлопчык моцна трымае за лейцы каня, а партызаны кладуць на калёсы параненых. Дзесьці там, за гушчынёй лесу, яшчэ грымяць варожыя стрэлы. “Мішка! Паганяй! – чуецца гучны голас камандзіра. – Паганяй хутчэй у атрад, а то немцы дагоняць – і так гэты бой быў для нас крывавым”. І 14-гадовы Мішка паварочвае каня да знаёмай лясной дарогі, кіруе акуратна, бо кожная калдобіна адгукаецца ў ранах партызан невыносным болем. Нехта з раненых стогне, і хлопчык збаўляе хаду, прытарможвае каня. Ну, як ён яшчэ можа дапамагчы параненым?
І тут Міхаіл Антонавіч Банкетаў прачынаецца. На лбе выступіў пот, сэрца затрымцела. “Добра, што гэта толькі сон”, – кажа ён жонцы Зінаідзе Аляксандраўне, расказваючы пра сон з сорак першага.
М. А. Банкетаву, які ў час Вялікай Айчыннай быў працаў-ніком тылу і ўзнагароджаны медалём “За доблесную працу ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны 1941-1945 гг.”, час ад часу сніцца ваеннае ліхалецце. Яно прайшло скрозь душу і сэрца хлопчыка, якому ў 1941 годзе было чатырнаццаць гадоў. Тады сям’я Банкетавах жыла ў в. Соміна, што ў Невельскім раёне. Старэйшы брат Сцяпан пайшоў у партызаны. І аднойчы ў акно да Банкетавых ноччу нехта пастукаўся. На парозе стаялі трое незнаёмцаў. Яны перадалі вестачку ад Сцяпана, а заадно запыталіся, ці можа сям’я па-дзяліцца ежай і вопраткай. Маці Міхаіла паклала ў торбу целагрэйку, некалькі буханак хлеба, якія  выпекла сама. З таго часу да Банкетавых зачасцілі начныя госці. А калі спатрэбілася перавезці зброю з аднаго месца лесу ў другое, маці паглядзела на Міхаіла і запыталася: “Зможаш дапамагчы?”. “Змагу!” – у словах хлопца адчувалася гордасць за тое, што яму давяраюць. Паколькі Міхаіл добра ўпраўляўся з канём, маці часта яго пасылала то ў дровы, то ў грыбы. Ну, а заадно ва ўмоўным месцы хлопчык пакідаў прадукты для партызан.
“Помніцца, перад пасяўной немцы загадалі прывезці да іх зерне, – згадвае Міхаіл Антонавіч. – Маці мяне паслала да партызан параіцца: што рабіць? Вясковы стараста бачыў гружаную падводу, бачыў, што калёсы накіравалі ў бок прызначэння. Але ж на дарозе на падводу “напалі” партызаны і адабралі зерне. Так хлеб той вясной і не трапіў да фашыстаў”.
У пачатку 50-х гадоў Міхаіл Банкетаў прыехаў да сябра ў Обаль, з якім разам служыў у арміі. Прыехаў і застаўся назаўсёды. Усё жыццё адпрацаваў на обальскім торфапрадпрыемстве імя Даўмана. За сумленную работу ён удастоены звання “Ударнік камуністычнай працы”, узнагароджаны медалём “Ветэран працы”.
10 мая Міхаіл Антонавіч адзначыў важкі юбілей – 90 год з дня нараджэння. Павіншаваць яго прыехалі начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Святлана Валекава, старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Кацярына Палоўнікава, начальнік адасобленай групы Шумілінскага раёна ваеннага камісарыята Бешанко-віцкага і Шумілінскага раёнаў Андрэй Собін, старшыня Обальскага сельвыканкама Мікалай Будневіч. Усе жадалі ветэрану моцнага здароўя і доўгіх гадоў жыцця.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
На здымку: М. А. Банкетаў з жонкай Зінаідай Аляксандраўнай.
Надрукавана ў №37 ад 16.05.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *