Гаворка па тэме, якая не наб’е аскому
На пасяджэнні райвыканкама, якое адбылося ўчора, размова вялася аб навядзенні парадку. Зноў, у каторы раз, і на розных узроўнях. Гэта тая тэма, якая не наб’е аскому, улады нястомна будуць нагадваць кіраўнікам, простым людзям аб тым, што павінна стаць для кожнага нормай жыцця. А калі патрабаванні будуць ігнаравацца, у ход пойдуць вельмі строгія меры.
На парадак дня пасяджэння былі вынесены ход выканання мерапрыемстваў па навядзенні парадку на зямлі ў Дабейскім сельсавеце. Па азначаным пытанні выступілі кіраўнік спраў райвыканкама С. Д. Белагалоў і старшыня Дабейскага сельвыканкама І. І. Шалахава. Адзначана, што ў акрэсленым накірунку тут робіцца нямала, хаця хапае і недаглядаў і недапрацовак. Гэта тычыцца перш за ўсё збояў у рабоце камунальнай службы (вываз бытавога смецця), не заўсёды ў графіку па вынішчэнні пустазелля і хмызнякоў вакол сваіх аб’ектаў РЭС, ёсць прэтэнзіі і да сувязістаў, меліяратараў, да кіраўнікоў мясцовых гаспадарак.
Гаворка па тэме вывела некалькі трывожных маральна-выхаваўчых аспектаў нашага жыцця. Возера Круглік арандуе ПМС, людзі там ахвотна адпачываюць, але пакідаюць смецце. За такую “культуру” трэба караць, біць, як кажуць, рублём. Але інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя да такіх фактаў даволі лаяльная. А шкада. Іншы стыль работы, па сцвярджэнні старшыні райвыканкама В. А. Падлешчука, які вёў пасяджэнне, у Гарадоцкай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету, дзе працуюць і мабільна, і плённа, і эфектыўна. Прыгажэе вёска Прыазёрная, і пераважна дзякуючы старанням кіраўніцтва Шумілінскага льнозавода, трэба падтрымліваць парадак у аграгарадку Амбросавічы, у вёсцы Дабея, нельга мірыцца з беспарадкамі ў іншых вёсках і вёсачках сельсавета.
Пасля разгляду ўведзенага у парадак дня пасяджэння пытання размова прыняла агульнараённы маштаб. Асаблівы клопат — парадку ўздоўж трасы Р20, іншым дарогам, калі хочаце, візітным карткам нашага раёна. Вага гэтага пытання яшчэ большая з прыходам у Віцебск “Славянскага базару”: госці паедуць у Полацк, частка іх размесціцца ў аздараўленчым лагеры “Дружба”, вызначаны чатыры пункты сталавання гасцей фестывалю ў раёне.
У рабоце пасяджэння райвыканкама прымала ўдзел і выступіла старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава. Як начальнік раённага штаба па добраўпарадкаванні Ірына Мікалаеўна азнаёміла з вынікамі раённага суботніка, які прайшоў 11 чэрвеня, акцэнтавала ўвагу на злабадзённых праблемах па навядзенні парадку на зямлі.
Старшыня райвыканкама В. А. Падляшчук акрэсліў кола задач па тэматыцы, даў даручэнні, нагадаў аб неабходнасці ўмацавання працоўнай і выканаўчай дысцыпліны.
Мікалай ШОСТАК.
Надрукавана ў №44 ад 14.06.2011 г.