Забяспечыць поўную і праўдзівую інфармацыю
Напярэдадні Дня друку і Дня радыё, тэлебачання і сувязі ў Віцебскім аблвыканкаме прайшла сустрэча кіраўніцтва вобласці з галоўнымі рэдактарамі, журналістамі раённых, абласных і рэспубліканскіх СМІ, кіраўнікамі друкарняў, работнікамі сувязі вобласці.
Старшыня аблвыканкама Мікалай Шарснёў адзначыў, што СМІ нясуць адказнасць за забеспячэнне стабільнасці ў грамадстве. “Не трэба нешта спрабаваць згладзіць ці ўпрыгожыць, гэта толькі падарве давер і да вас, і да ўлады, – падкрэсліў старшыня аблвыканкама, звяртаючыся да журналістаў рэгіянальных рэдакцый. – Вы павінны забяспечыць атрыманне праўдзівай, поўнай, своечасовай інфармацыі грамадзянамі. Гэта адзін з фактараў нацыянальнай бяспекі. Ад ацэнак журналістаў залежыць не толькі грамадская думка, але нярэдка і развіццё падзей, лёсы людзей”.
Мікалай Шарснёў падкрэсліў важнасць аб’ектыўнасці журналістаў у падачы матэрыялаў. “Інфармацыйнае поле мяняецца, але якасная прафесійная журналістыка застаецца запатрабаванай заўсёды, як і майстэрства, культура друкаванага слова. Галоўная задача не ў пошуку сенсацый, а ў тым, каб дайсці да ісціны, дапамагчы чытачу, гледачу, слухачу разабрацца ў праблеме, сфарміраваць светапогляд. Вы ўдзельнічаеце ў стварэнні сацыяльнага настрою людзей, іміджу вобласці. Ваша пазіцыя павінна заключацца не ў тым, каб хаваць недахопы, а выяўляць, аналізаваць прычыны, паказваць шляхі рашэння”, – падкрэсліў старшыня аблвыканкама.
Мадэрнізацыя прадпрыемстваў, развіццё інтэграцыйных структур у АПК, добраўпарадкаванне населеных пунктаў, будаўніцтва сацыяльных аб’ектаў, падрыхтоўка Полацка да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, Дуброўна – да абласных “Дажынак” – гэтыя тэмы павінны, на думку кіраўніка вобласці, шырока асвятляцца ў рэгіянальных і рэспубліканскіх СМІ.
У Віцебскай вобласці зарэгістравана 127 сродкаў масавай інфармацыі, у тым ліку 78 друкаваных, 49 электронных. Выдаюцца 24 дзяржаўныя газеты. На сустрэчы адбылося ўзнагароджанне пераможцаў абласнога конкурсу друкаваных сродкаў масавай інфармацыі на прэмію імя Ф. Скарыны і электронных – на прэмію “Віцязь”. Сярод лаўрэатаў сёлета адзначаны рэдакцыі віцебскіх гарадскіх газет “Віцьбічы” і “Вячэрні Віцебск”, абласной газеты “Віцебскія весці”, тэлерадыёкампаніі “Віцебск”, рэдакцыі радыёпраграмы “Глыбоцкае мясцовае радыёвяшчанне”, журналісты газет “Родныя вытокі” (Докшыцы) і “Аршанскай газеты”, “Наваполацк сёння” і “Віцебскія весці”.
Другая частка сустрэчы была адведзена на прэс-канферэнцыю з Мікалаем Шарснёвым. Журналістаў цікавілі, у першую чаргу, пытанні эканамічнага развіцця рэгіёна, супрацоўніцтва з іншымі дзяржавамі на рэгіянальным ўзроўні, перспектывы інтэграцыйных структур у аграпрамысловым комплексе.
Кіраўнік вобласці, у прыватнасці, адзначыў, што трэба актыўней ствараць і развіваць сумесныя прадпрыемствы. Так, эканоміка сумесных беларуска-расійскіх прадпрыемстваў, сыравінных зон стане гарантам росту вытворчай сферы краін. Пры ўзаемнай зацікаўленасці ў рабоце такіх сумесных ферм, заводаў будуць немагчымы сітуацыі накшталт праблем, якія перыядычна ўзнікаюць на мяса-малочным рынку. Гэта быў бы гарант лепшай работы эканомікі абодвух бакоў. А за гэтым падцягнуцца і цэны на газ, энерганосьбіты і іншае. Старшыня аблвыканкама прывёў прыклады ўзаемакарыснага супрацоўніцтва з Астраханскай, Валгаградскай, Бранскай і іншымі абласцямі Расійскай Федэрацыі. Ён адзначыў важнасць узаемных візітаў для ўсталявання гандлёва-эканамічных кантактаў паміж прадпрыемствамі, каб выключыць пасрэднікаў у пастаўках беларускай прадукцыі на расійскія рынкі.
Адказваючы на пытанне пра дзяржаўную падтрымку бізнесу, Мікалай Шарснёў заўважыў, што пакуль паўнацэнныя ўмовы для развіцця прыватнага сектара эканомікі не створаны. Інвестарам патрэбна шмат часу на афармленне неабходных дазволаў, ліцэнзій, ёсць праблемы з крэдытаваннем. Старшыня аблвыканкама выказаў спадзяванні на Дэкрэт кіраўніка дзяржавы, які зараз рыхтуецца да падпісання і павінен зняць большасць перашкод у развіцці бізнесу, тым больш, што ўклад прыватных прадпрыемстваў, малога і сярэдняга бізнесу ў бюджэт расце, яны адыграюць важную ролю ў працаўладкаванні людзей, стварэнні новых працоўных месцаў.
Што тычыцца развіцця сельскагаспадарчай галіны вобласці, Мікалай Шарснёў выказаў спадзяванні на стварэнне кропак росту за кошт стварэння інтэграцыйных структур, якія сёлета выходзяць на важны этап аб’яднання ў рамках аднаго прадпрыемства ўсяго ланцужка вытворчасці прадукцыі: ад нарыхтоўкі кармоў да перапрацоўкі прадукцыі і яе рэалізацыі. Інтэграцыя дазволіць павялічыць вытворчасць прадукцыі жывёлагадоўлі, зробіць яе больш таннай, а значыць больш канкурэнтнай на рынках, у тым ліку і замежных. Так, сёлета за кошт інтэграцыйных структур закуплена больш за 500 адзінак рознай тэхнікі для сельскагаспадарчых прадпрыемстваў рэгіёна.
Кіраўнік вобласці выказаў сваё стаўленне да сістэмы адукацыі, у тым ліку да падрыхтоўкі кадраў для арганізацый і прадпрыемстваў, пытанняў занятасці насельніцтва і шэрагу іншых пытанняў.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №36 ад 12.05.2017 г.