Брацкія могілкі ў вёсцы Тропіне – адны з буйнейшых у нашым раёне, тут знайшлі свой апошні прытулак 1717 воінаў Вялікай Айчыннай вайны, якія загінулі пры вызваленні Шуміліншчыны ў 1944 годзе. Гэта месца даўно стала святым для кожнага жыхара нашага раёна, вобласці, краіны. Сюды часта прыязджаюць сваякі загінуўшых салдат з усяго былога Савецкага Саюза.
“Два гады таму па ініцыятыве раённай арганізацыі Беларускага саюза афіцэраў на мемарыяльным комплексе ў Тропіне была закладзена алея, прысвечаная 70-годдзю Перамогі, – расказаў намеснік раённай арганізацыі “Беларускі саюз афіцэраў” Г. К. Шынкевіч. – Нас падтрымалі многія грамадскія аб’яднанні. Мы – афіцэры Шуміліншчыны – бяром шэфства над гэтай алеяй, будзем займацца добраўпарадкаваннем, абкошваннем і гэтак далей. Упэўнены, што да нас падключацца і актывісты іншых грамадскіх аб’яднанняў”
А ў мінулую суботу ў акцыі па пасадцы алеі на мемарыяльным комплексе сабраліся актывісты раённых арганізацый грамадскіх абя’днанняў “Беларускі саюз афіцэраў”, “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане”, Беларускай грамадскай арганізацыі ветэранаў органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях “Выратавальнік”, “Белая Русь”, “Беларускай грамадскай арганізацыі органаў унутраных спраў і ўнутраных войск”, “Беларускае добраахвотнае пажарнае таварыства”, Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі і Беларускага фонду міра. Удзельнікі акцыі пасадзілі 35 сосен і 60 бяроз, якія стануць упрыгажэннем мемарыялу.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №34 ад 03.05.2017 г.