Анна и Иосиф Яриго прожили вместе 60 лет и отмечают бриллиантовую свадьбу

Актуалии Семья

Пра шчасце, выпрабаванае часам, і трывалыя сямейныя вузы ў спадчыну

Яны пражылі разам 60 год. І нават само ўсведамленне такога факту даецца з цяжкасцю, асабліва маладым. Відавочна адно, гэта ўжо не могуць быць два асобныя чалавекі – яны даўно сталі адным цэлым, магчыма, і не заўважыўшы гэтага. Такое доўгае сямейнае жыццё ніяк не можа быць роўным, бы аўтамагістраль. Напэўна ж, хапала на гэтай дарозе і ўхабін, і нечаканых паваротаў, здараліся дажджы і туманы. Але ўсё гэта разам і ёсць сямейнае жыццё, усё гэта і ёсць шчасце, якому можна толькі пазайздросціць.
Сёння брыльянтавае вяселле спраўляюць Ганна Феліксаўна і Іосіф Францавіч Ярыгі з Шуміліна. Праўда, у Шуміліне яны жывуць не так і даўно: дзеці перавезлі іх да сябе, калі састарэлым бацькам ужо стала не так проста спраўляцца з вясковымі клопатамі самастойна. А дзяцей ў гэтай сямейнай пары ажно пяцёра. А яшчэ ёсць 10 унукаў і 7 праўнукаў, і гэта толькі пакуль.
Гэта вялікая дружная сям’я моцная сваёй еднасцю, любоўю і павагай адзін да аднаго, гатоўнасцю дапамагаць, падтрымліваць блізкіх людзей у любых жыццёвых абставінах. І яны ўсведамляюць гэту сваю сілу, і выдатна разумеюць, што менавіта бацькі заклалі той трывалы падмурак, на якім сёння ўсім так спакойна і надзейна.
У гэта цяжка паверыць, але ў сям’і прынята жаніцца раз і назаўсёды. Разуменне высокай каштоўнасці сямейнага жыцця перадаецца Ярыгамі ў спадчыну з пакалення ў пакаленне. І ў гэтым таксама іх сіла.
Ганна Феліксаўна і Іосіф Францавіч ганарацца сваімі дзецьмі, ганарацца сваёй вялікай сям’ёй. Ім удалося выхаваць прыстойных, працавітых, адказных людзей, якія ўмеюць радавацца жыццю, суперажываць, дапамагаць. Хаця, калі па праўдзе, хто ў тыя няпростыя гады, на якія прыпала іх маладосць, гаварыў пра выхаванне? Проста жылі, проста шмат працавалі, і дома, і ў калгасе, з самага маленства ўцягваючы ў працу і сваіх дзяцей, проста заўжды былі для іх прыкладам ва ўсім. І ніхто яшчэ не прыдумаў лепшага, як гэта, выхавання.
У Ярыгаў увесь час была вялікая гаспадарка, а значыць, і работы хапала ўсім. Трымалі яе да апошняга, у тым ліку і коней, якіх асабліва любіць гаспадар. Усім сваім пецярым дзецям бацькі дапамаглі пабудаваць свае дамы: без бацькавага вопыту і сілы маладым было не абысціся, ды і грошай таксама падкідвалі. І цяпер, прывыклыя за жыццё працаваць, без справы сядзець не могуць – заўжды знойдуць, чым заняцца.
Гэта сям’я часта збіраецца, так мовіць, у пашыраным складзе. А цяпер такая нагода – брыльянтавае вяселле. Вядома, з’едуцца ўсе і будуць шчыра святкаваць, будуць спяваць песні, зноў і зноў казаць цёплыя словы сваім бацькам, дзякаваць за ўсё і жадаць доўгіх гадоў жыцця.
Будзьце здаровыя, шаноўныя Ганна Феліксаўна і Іосіф Францавіч, жывіце яшчэ шмат год! Вашыя мудрасць, вопыт, падтрымка вельмі патрэбныя вашым дзецям, унукам, праўнукам.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №31 ад 18.04.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *