Каб нічога не здарылася…
У рамках рэспубліканскай акцыі “За бяспеку разам” у красавіку ў раёне арганізавана работа мабільных груп па абследаванні жыллёвага фонду.
Зацікаўленасць у прафілактычнай рабоце з боку сацыяльных службаў, праваахоўных органаў, аддзела па надзвычайных сітуацыях, педагогаў і многіх іншых зразумелая і відавочная: заўжды лепш папярэдзіць праблему, чым потым змагацца з яе наступствамі. А калі гаворка ідзе пра здароўе і нават жыццё людзей, то абыякавых быць у прынцыпе не можа.
7 красавіка мабільная група, у склад якой уваходзілі старшы інжынер РАНС Дзмітрый Пятроў, дырэктар раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра Таццяна Бабарэка, інспектар раённай энергаінспекцыі Аляксандр Храпавіцкі, старшыня Каўлякоўскага сельвыканкама Таццяна Дзятлава, працавала на тэрыторыі Каўлякоўскага сельсавета.
Таццяна Анатольеўна заўважыла, што ў сельсавеце аб’яўлены месячнік па добраўпарадкаванні, і сапраўды, многія падворкі і тэрыторыі ля жылых дамоў паказвалі сабой узор гаспадарлівасці. Тым жа вяскоўцам, якія граблі ў рукі пакуль не ўзялі, старшыня сельсавета настойліва раіла з гэтым паспяшацца.
Такія катэгорыі, як парадак і бяспека, непарыўна звязаны, і бывае, што рознага роду непрыемнасцяў можна пазбегнуць, усяго разабраўшы хлам на паддашку, пазбавіўшыся ад смецця, у час выкасіўшы траву і г. д. А наогул, калі справа тычыцца бяспекі жыцця, то дробязяў тут не бывае. Гэта, як ніхто, ведаюць выратавальнікі. Вось і супрацоўнік РАНС Д. Пятроў абавязкова звяртаў увагу на спраўнасць аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў, наяўнасць якіх у доме выратавала не адно чалавечае жыццё; на стан печак: сезон іх работы заканчваецца – самы час падумаць пра рамонт; усім дзеткам ён падарыў кніжкі, што даступна і яскрава расказваюць пра бяспечныя паво-дзіны.
Стан праводкі ў дамах, наяўнасць так званых жучкоў цікавіла інспектара А. Храпавіцкага. Таксама члены мабільнай групы цікавіліся тым, як праводзяць вольны час дзеці, у якіх умовах яны жывуць, іншымі клопатамі і праблемамі людзей. Наогул, на тэрыторыі Каўлякоўскага сельсавета пражывае сем шматдзетных сем’яў, пяць сем’яў знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.
11 красавіка мабільная група працавала на тэрыторыі Обальскага сельсавета. Такім чынам за красавік будзе “адпрацаваны” ўвесь раён.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №30 ад 14.04.2017 г.