Час церпіць, але трэба спяшацца
Цёплае надвор’е дазволіла механізатарам КУСГП “Ульскі” распачаць сяўбу яравых зерневых на тыдзень раней, чым летась. Здаецца, час яшчэ церпіць, але спяшацца трэба, каб землі на прыдзвінскіх палетках не перасохлі. У пачатку тыдня ў гаспадарцы была засеяна паўсотня гектараў аўсу.
Рабочы дзень механізатараў і аграномаў пачынаецца і заканчваецца на палетках. Разам з дырэктарам КУСГП “Ульскі” Валянцінай Лабейка мы едзем ва ўрочышча Чэрчыцы, дзе працуюць сеялкі. Па дарозе назіраем за работай мясцовых механізатараў: на адным полі працуюць трактары з плугамі, на другім – з чызелямі, і толькі на апошнім нарэшце бачым сеялкі і трактар з насеннем.
“Сёлета нам добра, бо маем дзве сеялкі. Летась была адна, дык не паспявалі, – расказала Валянціна Уладзіміраўна. – Уладзімір Прыгун на шасцімятровым пасяўным агрэгаце паспявае справіцца за дзень з трыццаццю гектарамі. Васіль Аглушэвіч на трохмятровым “Лемкене” робіць палову гэтага. Хлопцы працуюць добра. Зямля ля Дзвіны даўно гатовая да пасяўной. Тут чым раней пасееш, тым большы ўраджай атрымаеш”.
Усяго ў гаспадарцы трэба засеяць 650 гектараў яравых зерневых і зернебабовых. Калі не падвядзе тэхніка, то рэальна справіцца за два тыдні, падлічыла агранамічная служба “Ульскага”. Але пры гэтым яшчэ патрэбна і добрае надвор’е. Калі з прыдзвінскімі палеткамі ў гаспадарцы няма праблем, то на обальскія трэба сонца і вецер.
Пакуль размаўлялі, на край поля пад’ехаў трактар. Вопытны сеяльшчык Васіль Аглушэвіч расказаў, што для працы на ўвесь светлавы дзень створаны ўсе ўмовы: насенне падвозяць своечасова, глеба падрыхтаваная і сухая, трактары не буксуюць. Адным словам, толькі працуй. І механізатары стараюцца, бо за час пасяўной ёсць магчымасць атрымаць нядрэнны заробак. А патраціць яго ёсць куды – Васіля, напрыклад, дома чакаюць трое дзетак і жонка.
Механізатары КУСГП “Ульскі” работу заканчваюць а дзявятай гадзіне вечара. З мэтай эканоміі паліва трактары пакідаюць на ноч на палетках пад наглядам вартаўніка. Калі сапсавалася тэхніка – запчасткі падвозяць сюды ж, на поле. Спецыялісты гаспадаркі строга кантралююць расход саляркі на кожным трактары. Беражліва ставяцца не толькі да паліва, але і да тэхнікі. На камяністых палетках, напрыклад, будзе працаваць сеялка СЗУ – такім чынам мяркуюць зберагчы пасяўныя агрэгаты ад магчымых паломак, а, значыць, і грошы гаспадаркі, бо ўсе вузлы і агрэгаты на тэхніку каштуюць нятанна.
Паралельна з сяўбой яравых зерневых у “Ульскім” вядзецца падкормка азімых зерневых КАСам і карбамідам – на палетках працуюць “Дзвіна” і РДУ.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №29 ад 11.04.2017 г.