Новая старонка старажытнай гісторыі Шуміліншчыны

Актуалии Край шумілінскі

Новая старонка старажытнай гісторыі Шуміліншчыны

6-7 красавіка ў Шуміліне прайшла навукова-практычная канферэнцыя “Шумілінскія чытанні”, прысвечаная адкрыццю археалагічнага комплексу Кардон і гісторыі Шумілінскага раёна.

У рабоце канферэнцыі бралі ўдзел навуковыя супрацоўнікі Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, выкладчыкі Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава, краязнаўцы з Шумілінскага і Віцебскага раёнаў. У актавай зале СШ №1 г. п. Шуміліна сабраліся педагогі ўстаноў адукацыі раёна, краязнаўцы, аматары гісторыі, вучні.


Вітаючы ўдзельнікаў канферэнцыі, намеснік старшыні райвыканкама І. І. Шалахава адзначыла, што такі прадстаўнічы навуковы форум упершыню праводзіцца ў нашым раёне і застанецца значнай падзеяй у яго гісторыі. Адкрыцці археолагаў у Кардоне маюць вялікае значэнне ў гісторыі нашай краіны, невыпадкова гэтая археалагічная знаходка ўвайшла ў ТОП-10 дасягненняў беларускіх навукоўцаў у 2016 годзе, падкрэсліла Ірына Іванаўна.
Загадчык Цэнтра археалогіі і старажытнай гісторыі Інстытута гісторыі НАН Беларусі, доктар гістарычных навук, прафесар В. М. Ляўко падзякавала кіраўніцтву раёна за падтрымку ў правядзенні канферэнцыі і ўручыла падзякі Інстытута гісторыі І. І. Шалахавай і начальніку аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама В. А. Емяльянаву. “Падчас выступленняў на канферэнцыі вы даведаецеся пра тое, што захоўвае ваша зямля, якое значэнне мае гэта адкрыццё для гісторыі нашай краіны і Усходняй Еўропы ў цэлым”, – заўважыла Вольга Мікалаеўна, звяртаючыся да прысутных у зале.

Археалагічны комплекс Кардон VIII–X стагоддзяў
Асноўнай мэтай навукова-практычнай канферэнцыі было пазнаёміць грамадскасць з адкрыццём археалагічнага комплексу Кардон, з тымі знаходкамі, што былі зроблены падчас раскопак, абазначыць іх значэнне.
Кіраўнік археалагічнай экспедыцыі В. М. Ляўко, якая працавала ў Кардоне ў 2016 годзе, расказала, што ў 2015 годзе была праведзена разведка, якая паказала перспектыўнасць правядзення раскопак. У 2016 годзе навукоўцы разам са студэнтамі гістфакаў БДУ і ВДУ імя П. М. Машэрава правялі першы сезон раскопак. Знойдзена больш за 600 індывідуальных знаходак на плошчы раскопак 380 кв. м. Гэта дазваляе сцвярджаць, што паміж вёскамі Кардон і Ілава знойдзена буйное пасяленне эпохі вікінгаў, якое ўключала ў сябе ўмацаванае пасяленне вікінгаў – гарадзішча і два селішчы, паведаміла Вольга Мікалаеўна. Каля гарадзішча існавала прыстань для невялікіх караблёў і лодак, выяўлены курган дыяметрам каля 20 метраў і вышынёй да трох метраў. Культурны слой невялікі (40-60 см), але вельмі насычаны прадметамі IX-X стагоддзяў. Знаходкі дазваляюць сцвярджаць, што на гэтым месцы існавала гандлёва-рамеснае пасяленне: візантыйскія і арабскія манеты, гіркі, вагі, фрагменты конскай вупражы, гузікі, крыжыкі, падвескі для ўпрыгажэнняў і адзення, накладкі на паясы, а таксама загатоўкі і матрыцы для вырабаў. Плавільныя тыглі і печы сведчаць пра актыўны гандаль і рамесную дзейнасць. У Кардоне знойдзены прадметы і манеты, якія маюць паходжанне заходнеславянскае, візантыйскае, скандынаўскае, арабскае, булгарскае, нават ёсць рымскія манеты I–II стагоддзяў нашай эры. Гэта яскравае сведчанне развітых гандлёвых сувязяў паселішча. Паселішча доўгі час існавала ў згодзе з мясцовым насельніцтвам – сярод знаходак толькі адзін наканечнік стралы.
Паселішча развівалася яшчэ да ўзнікнення дзяржаў, гэта паселішча раннедзяржаўнага тыпу эпохі вікінгаў, адзначыла В. М. Ляўко. Прычым вікінгі – гэта не толькі выхадцы са Скандынаўскага паўвострава, сюды пранікалі і прадстаўнікі германскіх і заходнеславянскіх плямёнаў, якія жылі на ўзбярэжжы Балтыйскага мора. Іх прываблівала магчымасць гандлю і “шлях з варагаў у грэкі”. Гэта не быў нейкі адзіны шлях. Можна гаварыць пра разгалінаваную сетку шляхоў, якія вялі па рэках з басейна Балтыйскага мора ў басейн Чорнага. Можна лічыць, што Кардон знаходзіўся на адным з іх, больш раннім – VIII–IX стагоддзяў. Можна меркаваць пра шлях па Дзвіне да Віцебска і далей па Лучосе з пераходам на прытокі Дняпра, ці па Уле з пераходам да Бярэзіны і, зноў жа, у Днепр, магчымы шлях на поўнач – па правабярэжных прытоках Дзвіны (магчымы варыянт па Обалі) з пераходам на Ловаць і далей да Ноўгарада. Ёсць падставы сцвярджаць, што шлях па Уле, вусце якой знаходзіцца непадалёк ад Кардона, быў адным з асноўных адгалінаванняў “шляху з варагаў у грэкі” ў ранні час. “Класічны” шлях праз Ноўгарад і Смаленск да Кіева і далей да Чорнага мора – становіцца асноўным толькі з Х стагоддзя, калі Алег аб’яднаў Ноўгарад і Кіеў.
Вучоныя прадоўжаць дакладнае даследаванне комплексу і вывучэнне знойдзеных рэчаў. Вольга Мікалаеўна звярнулася да ўладаў, праваахоўных органаў, мясцовых жыхароў з просьбай зберагчы археалагічны помнік ад “чорных капальнікаў”, нагадала пра крымінальную адказнасць за правядзенне незаконных пошукавых работ на тэрыторыі комплексу, заклікала неадкладна паведамляць у міліцыю пра з’яўленне “чорных капальнікаў”.
Вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі, кандыдат гістарычных навук, дацэнт В. І. Шадура расказаў пра раскопкі гарадзішча і селішча-1. Гарадзішча было ўпершыню выяўлена і даследавана ў 1933 годзе, зафіксавана яго разбурэнне Заходняй Дзвіной, праведзена датаванне (VIII ст.). Яго плошча была каля 0,5 га, да нашага часу захавалася прыкладна трэцяя частка былога гарадзішча, астатняе разбурана ракой. Археолагі знайшлі больш за 1000 фрагментаў керамікі, якія дазваляюць гаварыць пра існаванне пасялення на гэтым месцы ў III–IV стагоддзях (днепра-дзвінская культура), пазней тушэмльскай (банцараўскай) культуры: з’яўляецца ганчарная кераміка, знойдзены прадметы, якія дазваляюць гаварыць пра наяўнасць бронзаліцейнай вытворчасці, знойдзена прасліца – дэталь вертыкальнага ткацкага станка. Даследавана і селішча, якое далучаецца да гарадзішча.
Дацэнт кафедры гісторыі Беларусі ВДУ імя П. М. Машэрава кандыдат гістарычных навук Т. С. Бубенька расказала пра раскопкі селішча-2, якое аддзелена ад гарадзішча ручаём. Селішча памерам 250 на 350 метраў, раскапаны ўчастак памерам 180 кв. м, знойдзены рэшткі пабудовы, якую ўмоўна назвалі “дом ювеліра”, бо ў пабудове знойдзены рэшткі печкі-каменкі, тыглі, кроплі металу, бронзавыя і шкляныя пацеркі, пярсцёнкі, падвескі, крыжыкі IX–XI стагоддзяў. Археолагі знайшлі таксама арабскую (922 г.) і булгарскую манеты, фрагменты заходнеславянскай керамікі.
Навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі А. Б. Кенька расказаў пра паясную гарнітуру з Кардона. Справа ў тым, што паясы адыгрывалі важную ролю ў воінаў і могуць многае расказаць пра мінулае. У Кардоне ўпершыню ў Беларусі знойдзена матрыца для вырабу паясных бляшак, што даказвае вытворчасць гэтых элементаў у Кардоне. Таксама выяўлены шматлікія і разнастайныя паясныя бляшкі і наканечнікі, адпавядаючыя вырабам з Прыкам’я, Готланда, Чарнігава, Гнёздава, Швецыі і дазваляючыя прасачыць існаванне паселішча з IX  да XII стагоддзя.
Навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі магістр гістарычных навук П. С. Курловіч-Бяляўская паведаміла пра раскопкі кургана. Пакуль знойдзеныя рэчы і астанкі пахаваных людзей дазваляюць гаварыць пра існаванне на гэтым месцы могілак у першай палове XVII стагоддзя. Але магчыма існаванне і больш ранніх пахаванняў, таму даследаванні будуць працягвацца.
Апошні даклад, прысвечаны Кардону, зрабіў студэнт 4-га курса гістарычнага факультэта ВДУ імя П. М. Машэрава М. Я. Кіслюк. Яго дыпломная работа прысвечана стварэнню ў Кардоне археалагічнага музея пасля завяршэння навуковых даследаванняў археалагічнага комплексу. Падобныя музеі існуюць у многіх краінах свету (Германія, Расія, Францыя, Швецыя). У такіх музеях праводзіцца рэканструкцыя гарадзішча і селішча з аднаўленнем умацаванняў і пабудоў, прыстані. Для прываблівання турыстаў магчыма арганізацыя рамесных майстэрняў па вырабу сувеніраў з дрэва, керамікі і металу, арганізацыя пражывання і харчавання турыстаў ва ўмовах старажытнасці, катанне па Дзвіне на дракарах і ладдзях, правядзенне фестываляў і святаў з запрашэннем клубаў гістарычнай рэканструкцыі і іншае. У музеі можна праводзіць заняткі па гісторыі для вучняў і студэнтаў. Магчыма арганізацыя навуковага турызму з удзелам турыстаў у раскопках. Сусветны вопыт паказвае, што гэта вельмі запатрабаваная ідэя. Але пакуль справа далёкай будучыні, бо на першым плане зараз – правядзенне навуковых пошукавых работ, глыбокае і ўсебаковае даследаванне комплексу Кардон.

Праз стагоддзі: з XVIII у XX
Фармат чытанняў дазволіў пашырыць тэматыку канферэнцыі і раскрыць перад яе ўдзельнікамі і слухачамі розныя старонкі гісторыі нашага краю.
Загадчык аддзела краязнаўства і археалогіі Інстытута гісторыі А. Б. Доўнар прадставіў даклад “З гісторыі магдэбургскага права на тэрыторыі Шумілінскага раёна: прывілей на магдэбургскае права Сіроціну (Міхалаву) 1767 года”. Ён расказаў пра гісторыю атрымання мястэчкам Сіроцін магдэбургскага права, герба, які зараз з’яўляецца гербам нашага раёна.
Старшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі кандыдат гістарычных навук А. У. Мацук расказаў пра старажытны род, які цесна звязаны з Шумілінскай зямлёй – род Грабніцкіх і ягоную ролю ў грамадска-палітычным жыцці Полацкага ваяводства 30-х – 60-х гадоў XVIII стагоддзя.
Тэме Вялікай Айчыннай вайны былі прысвечаны даклады прафесара БДПУ імя М. Танка Э. Р. Іоффэ – “Партызанская брыгада імя У. І. Леніна ў Сіроцінскім (Шумілінскім) і іншых раёнах Віцебскай вобласці ў 1943-1944 гадах” і старшага навуковага супрацоўніка Шумілінскага гісторыка-краязнаўчага музея А. А. Васіленкі “Обальскае падполле як актыўны ўдзельнік супраціўлення на Шуміліншчыне ў гады Вялікай Айчыннай вайны”.

Краязнаўчыя даследаванні
На канферэнцыі прагучалі выступленні краязнаўцаў, якія па меры сваіх сіл і магчымасцяў таксама вядуць даследаванні малой радзімы, раскрываюць і папулярызуюць яе гісторыю.
Пра старажытнейшыя артэфакты Шуміліншчыны, сведкі сівой даўніны – камяні – расказаў А. Л. Бычкоў. У нашым раёне шмат камянёў, і многія з іх нясуць адбіткі рукі чалавека – сляды апрацоўкі і выкарыстання ў мінулым у якасці ахвярнікаў, аб’ектаў пакланення ці помнікаў. Анатоль Леанідавіч ведае многія з такіх камянёў і пазнаёміў са сваімі знаходкамі ўдзельнікаў канферэнцыі.
Педагог Цэнтра дзяцей і моладзі Віцебскага раёна загадчык музея ў вёсцы Заронава Л. К. Нікіціна расказала пра гісторыю Заронава ў складзе Жарабыцкай воласці, пра сувязь заронаўскіх мясцін з Шумілінскім раёнам, заклікала наведваць музей, у якім сабрана шмат цікавых экспанатаў з гісторыі навакольных вёсак.
Педагог гэтай жа ўстановы адукацыі  С. П. Нікіцін паведаміў пра гісторыю грошай на Беларусі, расказаў пра нумізматычныя знаходкі заронаўскай зямлі.
Настаўнік гісторыі Віцебскага кадэцкага вучылішча, кандыдат гістарычных навук, дацэнт М. В. Півавар прадставіў цікавы даклад пра магчымае выкарыстанне гістарычных аб’ектаў Шуміліншчыны для самых розных колаў турыстаў і зацікаўленых людзей. Існуючыя сядзібы (у Обалі і Полцеве) і месцы былых панскіх сядзіб, шляхі, што пралягалі па нашай зямлі, культавыя аб’екты, помнікі прыроды і гісторыі, многае іншае можа прывабіць турыстаў, трэба прапагандаваць наяўнасць гэтых аб’ектаў, ствараць умовы для наведвальнікаў. Шуміліншчына мае вялікі патэнцыял для турызму, галоўнае правільна яго выкарыстаць, падкрэсліў дакладчык.
Падчас дыскусіі выступілі многія прысутныя ў зале. Усе шчыра дзякавалі за арганізацыю канферэнцыі, прагучала прапанова праводзіць яе на рэгулярнай аснове – хаця б раз у два гады. Усе падкрэслівалі значэнне навуковага адкрыцця ў Кардоне. Некаторых педагогаў зацікавіла просьба В. М. Ляўко дапамагчы падчас археалагічных раскопак – гэта сапраўды цудоўная магчымасць для арганізацыі валанцёрскіх лагераў у час летніх канікул.
Падсумоўваючы вынікі канферэнцыі, В. М. Ляўко адзначыла, што Кардон становіцца ў адзін рад з вядомымі археалагічнымі помнікамі ў Гнёздаве (Смаленск, Расія) і Шастовіцы (Чарнігаў, Украіна). Кардон – ранні помнік, Гнёздава – канец варажскага перыяду гісторыі ўсходніх славян. У Гнёздаве даследаванні вядуцца больш за стагоддзе, у Шастовіцы – некалькі дзесяцігоддзяў, у Кардоне яны толькі пачаліся, і галоўныя знаходкі, галоўныя адкрыцці яшчэ наперадзе. Усе разумеюць, што без культуры, без гісторыі немагчыма развіццё краіны. Будучым пакаленням неабходны фундамент, гістарычныя карані, каб развівацца далей, падкрэсліла гісторык.
Па выніках канферэнцыі будзе выдадзены зборнік матэрыялаў.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №29 ад 11.04.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *