Галоўны эканаміст Таццяна Долгая

Актуалии Молодёжь Экономика

Галоўны эканаміст Таццяна Долгая

Таню Долгую ведаю яшчэ са школы. Ніводнага мерапрыемства не праходзіла без яе ўдзелу. То яна ў ролі вядучай, то песню спявае, то кружыцца ў вальсе, то на фартэпіяна іграе… Прайшло амаль 7 гадоў, а яна  ні кропелькі не змянілася. Хіба што з таленавітай і актыўнай старшакласніцы пераўтварылася ў сур’ёзнага маладога спецыяліста.
Хто б толькі мог падумаць, што Таццяна вырашыць звязаць сваё жыццё з сельскай гаспадаркай. Тым не менш у 2015 годзе яна з адзнакай закончыла Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію і вярнулася на адпрацоўку ў Шуміліна. Зараз Таццяна Ігараўна Долгая – галоўны эканаміст ААТ “Ляжні”.
У народзе кажуць, што гены пальцам не затрэш. Гэта сапраўды так. У свой час дзядуля Тані 24 гады адпрацаваў старшынёй Шумілінскага калгаса імя Леніна, таму выбар будучай прафесіі, як кажа Таццяна, быў невыпадковым.
І вось ужо два гады малады эканаміст  “Ляжнёў” ідзе па слядах дзеда. Таццяна расказвае, што ёй вельмі пашчасціла стаць часткай такога дружнага і прафесійнага калектыву. “Мяне шмат чаму навучылі. Як аказалася, тэорыя і практыка – гэта зусім розныя рэчы. У мае абавязкі ўваходзіць налічэнне зарплаты, распрацоўка цэн, кантроль за выдачай гаруча-змазачных матэрыялаў, распрацоўка бізнес-плана развіцця і аналіз гаспадарчай дзейнасці прадпрыемства, нармаванне працы і не толькі”, – пералічыла Таццяна. Яна ведае, колькі малака дае карова, колькі паліва патрэбна механізатару, за які час выконвае свае абавязкі працаўнік на ферме.
Сярод галоўных атрыбутаў у кабінеце маладога спецыяліста – гумавыя боты і зменная куртка. Таццяна лічыць: каб стаць прафесіяналам, неабходна максімальна часта бываць на вытворчасці. Дзякуючы сваёй упартасці і высокай працаздольнасці, яна спраўляецца з усімі намечанымі планамі.
“Каб дасягнуць мэты, трэба перш за ўсё да яе ісці”, – упэўнена дзяўчына. Зараз яна атрымлівае другую вышэйшую адукацыю – юрыдычную. Яе энергіі і сіл хапае не толькі на працу і вучобу. У вольны час Таццяна займаецца аэробікай і ёгай. Імкнецца не прапускаць ніводнага занятку.
“Каб адчуваць сябе шчаслівым чалавекам, трэба любіць сваю сям’ю і займацца любімай справай”,  – упэўнена галоўны эканаміст ААТ “Ляжні” Таццяна Долгая.
Дар’я Чапурнова, студэнтка БДУ.
Надрукавана ў №29 ад 11.04.2017 г



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *