Районное совещание прошло на поле

Актуалии Экономика

“Самая важная работа ідзе на палетках”

У сераду, 5 красавіка, з нагоды пачатку веснавых палявых работ адбылася калегія ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчаванння райвыканкама, на якую былі запрошаны кіраўнікі і галоўныя аграномы сельгасарганізацый раёна. Удзел у нарадзе бралі старшыня райвыканкама А. І. Снараў і старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава. Нарада праходзіла на палетках, дзе вядзецца сяўба зерневых.
Невыпадкова для мерапрыемства было выбрана КУСГП “Ульскі” – гэта гаспадарка адна з першых у раёне прыступіла да пасяўной, тут строга захоўваюць тэхналогію сяўбы. Кіраўнік раёна А. І. Снараў адзначыў высокі ўзровень арганізацыі работы ў гаспадарцы: а сёмай гадзіны раніцы на палетках працуюць сеялкі, тут жа дзяжурыць адказны спецыяліст. “Толькі з такой дысцыплінай і стылем работы можна ў тэрміны справіцца з работай, – падкрэсліў Аляксандр Іванавіч. – У той жа час у суседзяў – ААТ “Лаўжанскае” – механізатары толькі яшчэ збіраліся выязджаць на палеткі. І гэта пры тым, што іх колькасці тэхнікі застаецца толькі пазайздросціць”.
“Зараз самая важная работа на палетках, – заклікаў А. І. Снараў кіраўнікоў усіх сельгаспрадпрыемстваў. – Усюды павінны быць дысцыпліна і парадак, без гэтага не будзе плённай работы. Зараз, калі стаіць добрае надвор’е, варта ўсе асноўныя  сілы механізатараў адправіць на палеткі, каб араць, чызеляваць, сеяць. Тэхнікі ў раёне дастаткова, пачало паступаць паліва. Так што варта выкарыстоўваць кожную пагодлівую хвіліну, працаваць на палетках з шасці гадзін раніцы, бо невядома, якія сюрпрызы падкіне надвор’е ў наступныя дні”.
Начальнік аддзела інтэнсіфікацыі вытворчасці райсельгасхарчу Р. Ф. Прасветаў расказаў прысутным пра мінеральныя ўгнаенні, якія паступілі або на днях паступяць у раён: 10 вагонаў карбаміду, 7 – КАСа, 3 – сульфату амонію. Але ж за іх трэба праплаціць грошы, і зрабіць гэта варта тэрмінова –  без падкормкі азотам азімыя зерневыя не дадуць добрага ўраджаю.
Спецыялісты райсельгасхарчу вялі размову пра тэрміновы завоз элітнага насення з “Рудакова”, пра рэгуліроўку плугоў і дыскатараў, пра глыбіню ворыва, пра аптымізацыю выкарыстання энерганасычаных трактароў.
Асобная ўвага была адведзена стымуляванню механізатараў падчас пасяўной: кожны павінен мець папку з нормамі выпрацоўкі, з расцэнкамі, з даплатамі, якія прадугледжаны за перавыкананне даведзеных заданняў. Кожны павінен ведаць, колькі ўзараў ці пасеяў за дзень і колькі за гэта атрымае грошай. Спецыялісты райсельгасхарчу настойліва рэкамендавалі ў кожнай майстэрні зрабіць экран спаборніцтваў, штодзённа вызначаць прозвішчы лепшых механізатараў – такая мера маральнага заахвочвання будзе прыемна кожнаму працаўніку.
На працягу пасяўной кампаніі механізатарам усіх сельгаспрадпрыемстваў будуць падвозіцца на поле гарачыя абеды і падвячоркі. А гатаваць стравы ўзяліся повары райспажыўтаварыства і ААТ “Лаўжанскае”.
Паралельна з пасяўной у гаспадарках раёна павінна весціся работа па выгану жывёлы на летне-пашавы перыяд, расказаў першы намеснік начальніка райсельгасхарчу А. А. Кузняцоў. Андрэй Аляксандравіч заклікаў спецыялістаў КУСГП «Сіроцінскі», «Мішневічы» і «Шумілінскага райаграсэрвісу» актывізаваць работы па рамонце перасоўных даільных установак і домікаў для пастухоў, бо ўжо на наступным тыдні статкі пачнуць выганяць на поле.
Як бачна, кожны красавіцкі дзень дадае ўсё больш работы вясковым працаўнікам. Каб з імі справіцца годна, патрэбныя дысцыпліна і парадак на месцах, старанне, добрыя спецыялісты, якія ўмеюць і хочуць працаваць.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №28 ад 07.04.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *