«Свае хлопцы» з Міёраў забралі гран-пры, а ў «Буфа» – прыз сімпатый гледачоў

Культура Новости

«Свае хлопцы» з Міёраў забралі гран-пры, а  ў «Буфа» – прыз сімпатый гледачоў

1 красавіка Дзень смеху па даволі ўжо даўняй традыцыі ў Шуміліне адзначалі абласным святам гумару “Смяяцца не грэх”, якое праводзілася ў чатырнаццаты раз.

У праграме свята, якое сёлета было пазначана тэмай “Здаровы лад жыцця”,– абласны конкурс на лепшую пастаноўку работы аўтаклубаў “Край, які нам дадзены лёсам”, конкурс творчых тэатральных калектываў і індывідуальных выканаўцаў.
Гэта вельмі цікавае і вясёлае мерапрыемства заўжды пакідае добрыя ўражанні і зарад бадзёрасці, хаця вытрымаць 12-гадзінны марафон конкурсных праграм вельмі няпроста. І трэба адзначыць, што знайшліся тыя, хто цярпліва глядзеў усе жартоўныя нумары, сустракаў і праводзіў выступоўцаў шчырымі апладысментамі. Не лічачы, канешне ж, членаў журы, якім гэта трэба было рабіць па іх службовых  абавязках.
У фае Шумілінскага раённага цэнтра культуры разгарнулі свае выставы-прэзентацыі аўтаклубы Віцебшчыны. Гэтая форма работы даказала сваю неабходнасць і запатрабаванасць. Выступленні творчых калектываў аўтаклубаў любяць у вёсках, заўжды цёпла сустракаюць у працоўных калектывах. Своеасаблівай справаздачай  сталі конкурсныя выступленні калектываў аўтаклубаў у суправаджэнні відэапрэзентацый.
Але галоўны конкурс адбыўся на сцэне раённага цэнтра культуры. Старт конкурснай праграме свята “Смяяцца не грэх”  далі салісты Шумілінскай дзіцячай школы мастацтваў і раённага цэнтра культуры ў суправаджэнні студыі “Арт-праект” гарадскога цэнтра культуры “Віцебск”. На галоўнай сцэне РЦК паглядзець было на што: больш за два дзясяткі выступленняў індывідуальных выканаўцаў і творчых калектываў спрабавалі мовай гумару пераканаць у неабходнасці здаровага ладу жыцця, высмейвалі шкодныя звычкі, жартавалі над заганамі нашага жыцця. Большасць удзельнікаў гледачы ведалі па выступленнях у мінулыя гады, цёпла віталі “Балаган” (Лепель), “Кураж” (Руба), “Ідучых на смех” (Падсвілле), “Зборную нашага горада” (Верхнядзвінск), “Фанограф” (Гарадок) і іншых. Былі і дэбютанты свята, як напрыклад, тэатр мініяцюр “Не промах” (Бешанковічы).
У вячэрняй частцы конкурсу выступалі мацнейшыя калектывы. Адкрываючы канцэрт, старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Новікава вітала ўдзельнікаў і гледачоў святочнага мерапрыемства. “Тут сабралася многа таленавітых, творчых людзей. Свята гумару – гэта агляд лепшых калектываў вобласці, многія з якіх добра вядомыя шумілінцам і сталі сябрамі, але кожны раз з’яўляюцца і новыя ўдзельнікі, – адзначыла Ірына Мікалаеўна. – Няхай смех, які будзе гучаць у зале, растопіць зімовую сумоту, нібы веснавы дождж змывае снег”.
І зноў гучалі са сцэны жарты, а ў зале – смех і апладысменты. Гледачы ад душы рагаталі над прыгодамі замежных турыстаў на беларускай аграсядзібе; над пераборлівай дзяўчынай, якая шукае міфічную папараць-кветку, губляючы рэальнае шчасце; над небаракам-рэвізорам, які прыехаў праверыць на допінг спартыўную каманду.
Але ўсё заканчваецца, скончылася і конкурсная праграма. Пакуль журы падлічвала балы і падпісвала дыпломы, добрымі песнямі парадавала гледачоў пераможца конкурсу “Песні юнацтва нашых бацькоў” салістка Гарадоцкага РДК Нэлі Багданава.
Калі надышоў час абвяшчаць вынікі конкурсу, старшыня журы – начальнік аддзела культуры галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама Галіна Баркевіч павіншавала ўсіх з удалым святам, падзякавала ўдзельнікам конкурсу за выдатную падрыхтоўку і выступленне. Дыпломамі ў розных намінацыях за ўдзел у конкурсе былі адзначаны многія калектывы і выканаўцы. Але хваляванне канкурсантаў дасягнула піку, калі пачалося абвяшчэнне пераможцаў конкурсу.
Індывідуальны залік. Лепшымі журы прызнала творчы дуэт народнага тэатра мініяцюр “Балаган” Лепельскага РДК у складзе Дзмітрыя Міхно і Віталя Хвалынца. Яны, дарэчы, выступалі і ў ролі канферансье святочнай праграмы. Дыплом за другое месца атрымала Раіса Цітова з народнага клуба “Літаратурны каўчэг” Полацкага РЦК,  трэцяе месца ў Сяргея Мядзведзева з Ушацкага РЦК.
Конкурс народных тэатраў. Трэцяе месца падзялілі народны тэатр мініяцюр “Ідучыя на смех” Падсвільскага гарпасялковага ДК (Глыбоцкі раён) і гаспадары свята – народны тэатр мініяцюр “Буф” Шумілінскага РЦК. Шумілінскі “Буф” атрымаў таксама прыз сімпатый гледачоў і дыплом за самы гумарыстычны відэаролік. Другое месца – у народнага тэатра мініяцюр “13” Талачынскага РЦК, дыплом за першае месца ўручаны народнаму тэатру мініяцюр “Балаган” з Лепеля.
Гран-пры XIV абласнога свята гумару “Смяяцца не грэх” прысуджана народнаму тэатру мініяцюр “Свае хлопцы” Міёрскага РДК.
Дзень смеху прайшоў ў нашым раёне вельмі ўдала. Тым больш, што святочная праграма не абмяжоўвалася сценамі раённага цэнтра культуры. Самадзейныя артысты ўстаноў культуры Віцебшчыны знаёмілі жыхароў раёна са сваёй творчасцю. У Обальскім ГДК з праграмай “Мы да вас заехалі на гадзіну” і спектаклем “Фарфоравы кубак”  выступаў дзіцячы тэатральны калектыў “Форум” Гарадоцкай дзіцячай школы мастацтваў. А для жыхароў Мікіціхі драматычны калектыў “Пакаленне” Дубровенскага РДК паказваў спектакль па п’есе Робіна Хаўдона “Шыкоўнае вяселле”. Так што, усе жадаючыя маглі атрымаць зарад вяселля і добрага настрою на два гады, да наступнага, пятнадцатага, свята гумару.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №27 ад 04.04.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *