Мікалаёўскія валанцёры
Паўгода таму па ініцыятыве абласной арганізацыі Чырвонага Крыжа стартаваў міні-праект “Міласэрнасць”. Яго мэта – аказваць падтрымку і дапамогу састарэлым і адзінока пражываючым людзям.
У нашым раёне першымі міні-праект падтрымалі ў Мікалаёве. Калі ў сэрцы жыве дабрыня, заўсёды знойдзецца магчымасць дапамагчы слабейшаму, упэўнены валанцёры з Мікалаёва, Кардона і Гусінцаў.
“Наш актыў – гэта дзесяць валанцёраў, – расказвае жыхарка Кардона Вера Антонаўна Гушча (на здымку). – Мы моцныя сваёй дружбай, настойлівасцю, згуртаванасцю. Дапамагаем адзін аднаму і іншым. Па першаму званку, нібы па трывозе, прыязджаем да сваіх падапечных. Сказала, скажам, суседка, што бабуля Маня параніла нагу, дык валанцёры ў той жа дзень былі ў жанчыны”.
Прынесці са студні вады, схадзіць у магазін, распаліць у печы, прыбраць у хаце, паклеіць шпалеры ці прапалоць градкі – гэта работа, якую ўзялі на сябе валанцёры. “Іншы раз адзінокім людзям хочацца проста пагаварыць, расказаць аб сваіх праблемах, – дадае Любоў Аляксееўна Ніканава з Мікалаёва. – Дабіраемся да сваіх падапечных у Гусінцы, Бубалі, Макракі, Козікі, іншыя вёскі пешшу ці на веласіпедзе. А вось ўдзельніца праекта Нэлла Станіславаўна Барысевіч ездзіць да састарэлых на матацыкле. Некаторыя падапечныя жывуць па-суседству, як, напрыклад, Роза Казіміраўна Ермаловіч. Прызнацца, даўно з ёй сябруем, дапамагалі жанчыне і раней, калі праекта “Міласэрнасць” увогуле не было”.
Дапамога нямоглым, адзінокім, састарэлым, інвалідам – справа добраахвотная. “І вельмі прыемна, што на яе згаджаюцца ўсё больш і больш людзей, – гаворыць Валянціна Аляксандраўна Літоўка з Кардона. – Гэта яшчэ раз сведчыць пра тое, што на Мікалаёўшчыне добрасардэчныя людзі. Я ганаруся, што ў мяне такія землякі”.
Валянціна Аляксандраўна таксама ўдзельніца праекта, яна працуе загадчыкам гаспадаркі ў Мікалаёўскай бальніцы. І гэта па яе ініцыятыве вясной на кані прывозілі на флюараграфію састарэлых. Здаецца, дробязь. Але ж якая дапамога нямоглым людзям!
Вельмі ўдзячныя пенсіянеры за нарыхтоўку дроў. Яшчэ тры месяцы таму Уладзімір Захаравіч Аўчыннікаў распілоўваў іх. Не лічыўся з часам, не спасылаўся на занятасць. Дапамог – і самому прыемна.
“А зараз мы маем уласную бензапілу, – пахвалілася старшыня раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа В. М. Чыжыкава. – Пілу, а таксама электрычны танометр, фотаапарат, электрачайнік і чайны сервіз выдзелілі нам швейцарскі, нямецкі і аўстрыйскі Чырвоныя Крыжы, якія фінансуюць праект “Міласэрнасць”.
Не забываюць валанцёры і пра вольны час, дапамагаюць яго бавіць тым, хто знаходзіцца на сацыяльным ложку ў Мікалаёўскай бальніцы. Падключылі да гэтай справы загадчыка мясцовага клуба Аляксандра Іванавіча Казлова, па яго ініцыятыве правялі канцэрт да свята Перамогі. “А ўвогуле, валанцёры ў нас майстры на ўсе рукі, – гаворыць кіраўнік праекта Фаіна Паўлаўна Бізунова. – Збіраемся арганізаваць ўласную самадзейнасць. А яшчэ ў планах пасадзіць у Мікалаёве алею валанцёраў. Хацелася б да дабрачыннай акцыі далучыць усё больш землякоў. Калі нас многа, калі мы разам, то ўсё нам пад сілу”.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №43 ад 10.06.2011 г.