Яны паспрабавалі, і ім спадабалася. Цяпер раённы фестываль “Песня застаецца з чалавекам” ладзіцца раз у два гады ў рамках рэспубліканскага прафсаюзнага фестывалю “Новыя імёны Беларусі” і прыцягвае ўсё больш удзельнікаў. 15 устаноў адукацыі, 47 удзельнікаў, 23 нумары – выйшла сапраўдная “Песня года”. А на сцэне – настаўнікі, выхавальнікі, іншыя работнікі навучальных устаноў. І спяваюць яны нядрэнна, вельмі добра яны спяваюць. А каб ім яшчэ часу паболей, то напэўна б іх галасы часцей гучалі з раённай (а то і не толькі раённай) сцэны.
А пакуль патрыятычныя песні, песні беларускіх аўтараў і ўсімі любімыя шлягеры ліліся з гасціннай сцэны СШ №1. І журы, якое ўзначаліла начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Валянціна Мянькова, сапраўды прыйшлося няпроста. Але на нейкі момант і самі ўдзельнікі, і гледачы забыліся на тое, што гэта конкурс – усе проста атрымлівалі асалоду ад добрых песень.
Вядома, пераможцы былі вызначаны, і ўсе ім шчыра апладзіравалі. У намінацыі “Песня патрыятычнай накіраванасці” лепшай аказалася Любоў Кавалеўская з песняй “Землякі” (Кардонская СШ); найбольш пранікнёна спець на беларускай мове атрымалася ў настаўніцы Обальскай школы Наталлі Баранавай, яна выконвала песню “Месяц ясны”; настаўніца СШ №1 Таццяна Рубіна скарыла гледачоў і журы песняй-шлягерам “Как молоды мы были”.
Хочацца адзначыць, што самым прадстаўнічым удзел у конкурсе быў Обальскага сада, а яго загадчык Наталля Спірыдзенка, як і ў мінулы раз, атрымала прыз самага актыўнага заўзятара. Усе пераможцы атрымалі прызы ад прафсаюза.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Наталля Баранава.
Надрукавана ў №27 ад 04.04.2017 г.