В Шумилинском районе прошёл конкурс дояров

Актуалии Экономика

Лепшая даярка – Аляксандра Краўчук з “Лаўжанскага”

Па даўняй традыцыі ў нашым раёне штогод праходзяць конкурсы прафесійнага майстэрства сярод маладых спецыялістаў аграпрамысловага комплексу. Мэта такіх спаборніцтваў – прапаганда сельскагаспадарчых прафесій, укараненне ў вытворчыя галіны АПК перадавых прыёмаў і метадаў работы.
28 сакавіка на ферме Слабада КУСГП “Сіроцінскі” прайшоў конкурс аператараў машыннага даення, арганізатарам якога выступілі аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі і ўпраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, а таксама райкам прафсаюза работнікаў АПК.
На конкурс прыехалі 11 аператараў машыннага даення з дзесяці сельгаспрадпрыемстваў раёна. “Перш-наперш журы ацаніла знешні выгляд работнікаў, іх падрыхтаванасць да работы, – расказала старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Л. Г. Варкун. – Вельмі спадабаліся візіткі, якія ўдзельніцы рыхтавалі дома. Дзяўчаты з ААТ “Лаўжанскае” і СФГ “Раднік” падышлі да падрыхтоўкі творча – расказалі пра сваю работу ў вершаванай форме. Не з лёгкіх быў тэарэтычны іспыт у форме тэсціравання – тут былі пытанні па кормавытворчасці, асновах ветэрынарных ведаў, арганізацыі тэхналогіі даення. З лёгкасцю справіліся дзяўчаты з заданнем на разборку і зборку даільнага апарата, з заданнем па тэхналогіі даення”.
Па агульных выніках конкурсу першае месца прысуджана Аляксандры Краўчук з ААТ “Лаўжанскае”, другое – Наталлі Чаранок з СФГ “Раднік”, трэцяе – Марыне Сторажавай з ААТ “Прыазёрны мір”. Адзіны прадстаўнік мужчынскага полу на конкурсе – даяр УП “Шумілінскі райаграсэрвіс” Сяргей Кальнін быў адзначаны ў намінацыі “Самы малады ўдзельнік”. Усе пераможцы ўзнагароджаны граматамі і каштоўнымі падарункамі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, якія набыты за кошт сродкаў, прадугледжаных у раённым бюджэце на рэалізацыю маладзёжнай палітыкі. Ад райкама прафсаюза работнікаў АПК удзельнікі конкурсу атрымалі салодкія падарункі.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў № 26 ад 31.03.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *