Выпальванне сухой расліннасці забаронена!
У гэтыя дні ўсе адказныя службы раёна праводзяць рэйды па выяўленні палаў і падпальшчыкаў. Парушальнікі будуць прыцягвацца да адміністрацыйнай адказнасці.
Летась на тэрыторыі Віцебскай вобласці было зарэгістравана 155 прыродных пажараў на плошчы больш за 155 га. Самай складанай сітуацыя з загараннямі сухой расліннасці была і застаецца ў красавіку і маі.
Пры моцным ветры полымя можа распаўсюджвацца з хуткасцю да 1 метра ў секунду, што пагражае знішчэннем жылля, пабудоў, можа прывесці і да гібелі людзей. У большасці выпадкаў ад агню гінуць пажылыя людзі, якія пры спальванні смецця на сваіх прысядзібных участках не разлічылі сілы па кантролі за агнём. Літаральна за хвіліну на першы погляд кантралюемае гарэнне можа ператварыцца ў пажар.
Шаноўныя грамадзяне! Яшчэ раз нагадваем: выпальванне сухой расліннасці, пажніўных рэшткаў, траў на корані катэгарычна забаронена!
За парушэнне дадзенай забароны прадугледжана адміністрацыйная адказнасць. Так, у Кодэксе аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь санкцыяй артыкула 15.57. за незаконнае выпальванне сухой расліннасці, траў на корані, а таксама ржышча і пажніўных рэшткаў на палях або непрыняцце мер па ліквідацыі выпальванняў прадугледжана пакаранне ў выглядзе штрафу ад 10 да 40 базавых велічынь. Распальванне вогнішчаў у забароненых месцах цягне папярэджанне ці накладанне штрафу ў памеры да 12 базавых велічынь.
Паводле Правілаў пажарнай бяспекі Рэспублікі Беларусь, на тэрыторыі баз адпачынку, дачнага кааператыву, садоўніцкага таварыства, прысядзібнай тэрыторыі жылых дамоў дапускаецца кантраляванае развядзенне вогнішчаў, размяшчэнне спецыяльных прыстасаванняў для падпаленага вугалю (мангала, барбекю, грылю) пры ўмове:
– прыняцця мер па нераспаўсюджанні гарэння за межы пляцоўкі (абкопванне, выдаленне гаручых матэрыялаў і т. п.);
– пастаяннага кантролю за працэсам гарэння і забеспячэння сродкамі тушэння (вогнетушыцель, ёмістасць з вадой, рыдлёўка і г. д.). Пасля заканчэння гатавання ежы падпаленыя матэрыялы павінны быць патушаны да поўнага спынення тлення;
– размяшчэння вогнішчаў на адлегласці не менш за: 10 м ад будынкаў (збудаванняў), 20 м ад лясных масіваў, 30 м ад сціртаў сена і саломы;
– размяшчэння мангалаў і барбекю на адлегласці не менш за 4 м ад будынкаў (збудаванняў).
Іван МАСКАЛЬКОЎ, намеснік начальніка РАНС.
Надрукавана ў № 26 ад 31.03.2017 г.