Здоровая семья — здоровое общество

Общество Семья

Ачышчэнне ад жыццёвага бруду

Камісія па справах непаўналетніх на сваім чарговым пасяджэнні абмеркавала рабочыя пытанні, правяла гутарку з некаторымі бацькамі, якія самі шкодзяць здароўю ўласнай сям’і.
Так, на камісію запрасілі маладую пару, у іх сям’і расце трое дзетак, двое меншых – сумесныя. І вось, нягледзячы на гэты прыемны дзіцячы фактар, пара пасля некалькіх шклянак піва ўчыніла бойку. Дакладней, кулакі ў ход пусціў мужчына, якому не спадабалася, як ягоная жанчына размаўляе з некім па тэлефоне.
Няўжо без кулакоў нельга было пагаварыць? “Так атрымалася”, – нібы абараняючы мужчыну, кажа яна. “Значыць, заслужыла”, – задзірліва кажа ён.
Старшыні камісіі Ірыне Шалахавай нямала часу давялося даводзіць мужчыну, што кулакі нават у самую цяжкую хвіліну трэба сціскаць, а не распускаць, расказваць, што такія адносіны – шлях да сацыяльна небяспечнай сям’і, якая літаральна кожны дзень будзе знаходзіцца пад пільным вокам педагогаў, псіхолагаў, медыкаў, міліцыянераў. Ірына Іванаўна параіла пары трымацца цывілізаваных узаемаадносінаў.
Здараецца, што на гутарку запрашаюць і тых, хто недастаткова клапоціцца пра здароўе сваіх дзяцей. Мужчына, які сядзеў перад камісіяй, расказаў, што ў яго сям’і двое маленькіх дзетак – паўтарагадовы і чатырохмесячны, але ніяк не мог растлумачыць, чаму жонка напісала адмову ад лячэння малодшага і не паехала па накіраванні фельчара ў бальніцу. Камісіі ўсё ж удалося пераканаць маладога тату, што рызыкаваць здароўем дзяцей бацькі не маюць права.
З цяжкай гісторыяй прыйшла на камісію жанчына, якая сама ж і “напісала” гэтую гісторыю. Здарылася так, што яна з’яўляецца апекуном ва ўласнага пяцігадовага ўнучка. Ну, здарылася, бывае ўсялякае ў жыцці, жыві, даглядай дзіцятка. Але члены камісіі, якія ў дом да апякуншы трапілі толькі з дапамогай міліцыі і МНС, убачылі не вельмі прыемную карціну, а медыкі зафіксавалі 1,84 праміле. Хлопчыка, вядома, забралі ў прытулак…
Можа, адабранне, можа, тыя позіркі дзяцей у прытулку (“як у маленькіх старычкоў”, – са слязамі расказвала яна), але нешта ў яе душы перавярнулася. Яна закадзіравалася, знайшла работу, ездзіць да малога штодня. І калі камісія прыняла рашэнне аддаць ёй унука, здарылася істэрыка. Хацелася б спадзявацца, што гэта істэрыка ачышчэння ад жыццёвага бруду.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №25 ад 28.03.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *