Па выніках абласнога эканамічнага спаборніцтва за 2016 год сярод прадпрыемстваў сферы бытавых паслуг раённага звяна (іх у Віцебскай вобласці 20) Шумілінскае КУП БАН заняло трэцяе месца.
Дырэктар райбыткамбіната В. П. Бабічаў сціпла заўважае, што гэта не самы лепшы вынік. Былі часы, калі займалі і першае месца. Увогуле за апошнія сямнаццаць гадоў (столькі Віктар Паўлавіч узначальвае прадпрыемства) прызавыя месцы ў абласных спаборніцтвах атрымлівалі 11 разоў.
“Летась мы выканалі бытавых паслуг на 101%, 113,2% – на вёсцы, – расказаў В. П. Бабічаў. – На аднаго жыхара раёна аказана паслуг на 6 рублёў 70 капеек (абласны паказчык – 6,3 рубля), на вёсцы – 8,8 рубля (па вобласці – 4,6 руб). Плюсуем па тэмпах росту аб’ёму бытавых паслуг, па вытворчасці працы, па энергазберажэнні. За мінулы год прадпрыемства спрацавала без страт – зарабілі амаль 247 тысяч рублёў. Гэта стала магчымым дзякуючы падтрымцы раённай улады, якая заўсёды ідзе насустрач і дае аб’екты для работы. Да ўсяго, нас вызвалілі ад выплаты 50% арэнднай платы, тым самым мы сэканомілі 18 тысяч рублёў. А калі б нашы дэбіторы (гэта ў асноўным сельгаспрадпрыемствы) своечасова з намі разлічваліся, мы змаглі б яшчэ 18 тысяч пусціць на развіццё вытворчасці”.
У райбыткамбінаце даўно навучыліся эканоміць і па-гаспадарску адносіцца да вытворчасці. Так, у мінулым годзе, калі разбіралі старыя дамы на тэрыторыі Мішневіцкага і Светласельскага сельсаветаў, непатрэбныя бярвенні прывозілі ў сваю качагарку – так і грэліся ўсю зіму, не купляючы дроў. Работнікі КБА бяруцца літаральна за любую работу, абы яна была – рамантуюць дахі, устанаўліваюць у вясковых дамах новыя вокны і дзверы.
Райбыткамбінат застаецца шматгаліновым прадпрыемствам, якое аказвае насельніцтву шырокі спектр паслуг. Вельмі запатрабаваная цырульня (паслуг тут выканалі летась на 103%), швейны цэх, транспартныя паслугі (другі месяц вадзіцель райбыткамбіната возіць даярак ААТ “Лаўжанскае” на фермы Спаскае і Цаўі), пракат халадзільнікаў і тэлевізараў (выручка летась склала 120%). Добра працуюць піларама і сталярны цэх – тут можна заказаць не толькі палавыя дошкі, але і штыкет, пралёты агароджы, накрыўкі для калодзежаў, лавачкі, будкі для сабак, прыбіральні.
Па-ранейшаму карыстаецца попытам сярод вясковых жыхароў размол зерня. Прычым, райбыткамбінат займаецца і дабрачыннасцю – Обальскай школе, якая трымае немалую падсобную гаспадарку, меляць зерне бясплатна.
Плюсуе прадпрыемства і па выкананні рытуальных паслуг. Бадай, гэта адзінае прадпрыемства ў раёне, якое займаецца поўнай арганізацыяй пахавання.
З мінулага года райбыткамбінат асвоіў новы від паслуг: нарыхтоўка дроў для насельніцтва. Да канца гэтага года мяркуюць пастаўляць дровы і некаторым бюджэтным арганізацыям. Яшчэ сёлета плануюць ушчыльную працаваць з Полацкім КХП: здаваць туды зерне, а ўзамен браць камбікорм і рэалізоўваць сярод вясковых гаспадароў. “У гэтым годзе мяркуем па максімуму атрымаць аддачу ад пустуючых памяшканняў, – расказаў В. П. Бабічаў. – Будзем здаваць у арэнду былыя памяшканні комплексна-прыёмных пунктаў у Мікіцісе і Обалі (праўда, там папярэдне трэба адрамантаваць дах). З задавальненнем адкрылі б пункт па рамонце абутку – неабходнае абсталяванне ёсць, але няма талковага спецыяліста. Мяркуем адкрыць міні-магазін па продажы помнікаў і агароджаў для могілак – зараз шукаем добрага пастаўшчыка. Яшчэ ў планах на гэты год набыццё бульбасаджалкі і прычапнога інвентару да трактара. Вельмі хочацца, каб на гэтыя патрэбы нам выдзелілі сродкі з абласнога бюджэту – у такім разе наша прадпрыемства можа зарабіць дадатковыя грошы падчас апрацоўкі агародаў. У нас нямала вопытных работнікаў, з якіх можна браць прыклад. Сёлета ганаровай граматай абласнога ўпраўлення бытавога абслугоўвання насельніцтва ўзнагароджаны закройшчык Галіна Іваноўская, цырульнік Святлана Белабосава, прыёмшчыцы Святлана Ляпёшкіна (а.-г. Слабада) і Ірына Сямёнава (Сураўні), старшыня прафсаюзнага камітэта Ірына Афанасьева”.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №24 ад 24.03.2017 г.